За крок да дажынак. У «Шляху новым» адна з самых вялікіх збожжавых плошчаў

Вадзіцелі на адвозцы зерня Мікалай Камінскі і Руслан Кацельнікаў.

Мінулая серада, першая палова дня. На залатым палетку каля вёскі Ураджайная павольна плыве караван сухапутных караблёў – камбайнаў. За штурвалам КЗС-1218 лідар жніва ААТ «Шлях новы» – экіпаж у складзе старшага камбайнера Сяргея Скрунды і камбайнера Дзмітрыя Каласоўскага.
– Завяршаем уборку збожжавых у добрым настроі. Малацілі добрасумленна, ашчадна. Не было праблем з палівам. Ды і тэхніка, на шчасце, не падводзіла. Каманда ў нас падабралася добрая. Мой напарнік справу ведае, – сціпла гаворыць Сяргей Скрунда, які ў пазажніўны час працуе ў «Шляху новым» механізатарам.
У тройцы лідараў у гаспадарцы экіпаж Мікалая Курловіча і Дзмітрыя Пінчука, Аляксандра Цімашка і Вадзіма Баранчыка, якія таксама шчыруюць на гэтым полі. Усяго на жніве-2020 у гаспадарцы задзейнічана 10 экіпажаў.

Экіпаж Аляксандра Цімашка і Вадзіма Баранчыка.


Побач у чаканні важкага багажу – вадзіцелі на адвозцы зерня. За рулём аднаго з МАЗаў – вопытнейшы Мікалай Камінскі (толькі ў тутэйшым сельгаспрадпрыемстве ён працуе вадзіцелем 34 гады).
– Акуратна пад’язджаем да камбайна, сочым, каб зерне сыпалася строга ў кузаў. А далей па звыклым маршруце – з поля на элеватар, – дзеліцца спецыфікай работы Мікалай Пятровіч. Ён адзін з лепшых на адвозцы зерня. Як і малады калега Яўгеній Кушняровіч, для якога сёлетняе жніво – трэцяе ў хлебаробскай кар’еры. На выдатна з адвозкай спраўляецца і Аляксей Васілеўскі.

Лепшыя на жніве Сяргей Скрунда і Дзмітрый Каласоўскі.


– Пра кожнага з удзельнікаў уборачнай магу сказаць: справіліся, не падвялі. Ніхто не лічыцца з асабістым часам, працуюць, колькі дазваляе надвор’е. Увогуле, праблем з кадрамі на жніве няма. Старалася і агранамічная служба і калі сеялі, і калі апрацоўвалі пасевы, – адзначае начальнік вытворчага ўчастка № 1 Аляксандр Пажога.
Сёлета збожжавы клін «Шляху новага» раскінуўся на плошчы ў 2073 гектары.
– Вырошчваем ячмень, у тым ліку піваварны, трыцікале, авёс і пшаніцу. Сярэдняя ўраджайнасць складае больш за 42 цэнтнеры з гектара. Канешне, планавалі больш. Значыць, недзе не дапрацавалі. Таму абавязкова зробім пэўныя высновы і ў наступным сезоне паспрабуем павялічыць ураджайнасць і, адпаведна, агульны намалот. Зараз працуем над выкананнем дзяржзаказу, – тлумачыць дырэктар сельгас-прадпрыемства Яўгеній Бондар.
А тым часам прыязджаюць-ад’язджаюць напоўненыя зернем аўтамабілі з зернесушыльных комплексаў. На перапрацоўцы збожжа задзейнічаны зернеачышчальна-сушыльныя комплексы ў Навасёлках, Ураджайнай і Галавачах.

Лепшыя на жніве Сяргей Скрунда і Дзмітрый Каласоўскі.


– У сярэднім за суткі перапрацоўваем каля 200 тон зерня. Перапрацавалі больш за чатыры тысячы тон, – расказвае загадчык склада Таццяна Мацюшка. З 8.00 і іншы раз да апоўначы доўжыцца працоўная змена ў вагаўшчыцы Алены Несцяровіч, якая прымае зерне. Дэбютным у якасці аператара зернесушылкі стаў сезон для энергетыка «Шляху новага» Ільі Палыкі. Ён разам са змен-шчыкам Дзмітрыем Гарбузам паказвае лепшы вынік сярод аператараў ЗСК у сваёй гаспадарцы.
На бягучым тыдні ААТ «Шлях новы» паставіць кропку ў жніве-2020.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Загадчыца склада Таццяна Мацюшка і вагаўшчыца Алена Несцяровіч.