Вас выклікае футбол. Спартыўная гульня заклікае сваіх прыхільнікаў на футбольны фестываль «Тата, мама, я – футбольная сям’я!»

Здорава! Зноў бадай самая папулярная спартыўная гульня заклікае сваіх прыхільнікаў – юных і дарослых ляхавічан – на футбольны фестываль «Тата, мама, я – футбольная сям’я!».

Вас чакае мноства станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці надоўга і гарантаваны выдатны настрой. Акрамя таго, камандная гульня яшчэ больш аб’ядноўвае сем’і, згуртоўвае іх і напаўняе жыццё новымі фарбамі. А чым не стымул – звацца лепшай футбольнай зборнай, няхай і ў фармаце міні.

Зацікавіла? Тады спяшайцеся, падавайце заяўку ў аргкамітэт, колькасць удзельнікаў абмежавана 60 сем’ямі.
Патрабуецца зусім нямнога: стварыць каманду ў складзе трох чалавек (бацькі, чый узрост не абмежаваны, і дзіця ва ўзросце да 18 гадоў), а яшчэ – апавясціць аргкамітэт. А далей – трэніруйцеся, каб потым паказаць выдатны вынік.

Па рашэнні журы тры лепшыя міні-футбольныя каманды будуць удастоены права абараняць спартыўны гонар Ляхавіччыны ў рэспубліканскім фінале футбольнага фестывалю. Незалежна ад таго, трапіць сям’я ў прызавую тройку ці не, яна атрымае падарункі – футбольныя майкі і футбольны мяч.

Даведачную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 6-05-58, 2-14-63, 2-11-42, +375-29-798-49-87.

Таццяна ШЧУКА,галоўны спецыяліст райвыканкама.