Палявое пераўвасабленне. Падзяку абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі атрымаў педагог з СШ №1 г. Ляхавічы

Старшыня абкама прафсаюза Іван Васіленка ўручае ўзнагароду Віктару Буцько.

Сёння ў полі, а заўтра – у школьным кабінеце. Гэта пра настаўніка біялогіі СШ № 1 Віктара Буцько, які ў свой працоўны водпуск шчыраваў на камбайне ў ААТ «Жарабковічы». У яго паслужным спісе сёлетняе жніво чацвёртае, два апошнія сезоны – жарабковіцкія.

Са стрыечным братам Юрыем Буцько яны экіпаж зладжаны. Іх намалот за сезон склаў 1250 тон. Фініш атрымаўся прыгожым і памятным: 13 жніўня руплівага педагога-камбайнера з працоўным дасягненнем асабіста віншавалі старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Васіленка і яго намеснік Аляксандра Драпей. Разам са шчырымі пажаданнямі за актыўнасць падчас уборачнай кампаніі Віктар Буцько атрымаў Падзяку абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і каштоўны падарунак.
Шчыраваць з ранку да позняга вечара для Віктара Буцько не ўпершыню: бацькі з дзяцінства прывучылі да кожнай справы ставіцца адказна, са знакам якасці.
Іван Васіленка падкрэсліў, што работнікі сістэмы адукацыі падчас жніва задзейнічаны на розных аграрных пасадах: камбайнеры, аператары зернесушыльных комплексаў, механікі, вадзіцелі і г. д. І ўсюды атрымліваюць словы ўдзячнасці за плённую працу. Як і нашы землякі Васілій Лемяшэўскі (з СШ № 1) і Вячаслаў Мазюк (Падлескі ВПК), якія таксама прынялі актыўны ўдзел у жніўным марафоне. За што і атрымаюць узнагароды ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, расказала «ЛВ» старшыня райкама Людміла Буцько.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.