О каком подарке на праздник мечтают ляховичанки?

Як жа цудоўна менавіта ў пачатку сакавіка адзначаць жаночае свята! І мы, бландзінкі і брунеткі, шатэнкі і рыжыя, чакаем гэты дзень. З якім настроем сустракаеце вясну і які падарунак хацелі б атрымаць на Дзень жанчын? На гэта пытанне адказваюць нашы зямлячкі.
Марыя Пяткевіч, прыёмная маці:
— Вясну сустракаю з радасцю і хваляваннем адначасова. Сёлетняя вясна — асаблівая. Чацвёра маіх дзяцей адправяцца ў самастойнае жыццё, яны — выпускнікі. Напэўна, не скажу нічога новага, але для мяне самы жаданы падарунак — шчасце сыноў і дачок, а яшчэ… кветкі, кветкі, кветкі. Іх бязмежна люблю і з задавальненнем вырошчваю. Архідэі ў нашым доме цвітуць нават зімой. На 8 Сакавіка дзеці заўсёды дораць кветкі. А самае патаемнае жаданне — каб за святочным сталом сабраліся ўсе мае дзеці — іх 13. Гэта і ёсць самае вялікае шчасце.
Таццяна Гуліцкая, выкладчыца ЛДАКа:
— Кожны год дачка і сын рыхтуюць падарункі сваімі рукамі і нават віншаванне складаюць самастойна. І усё ж галоўны падарунак я атрымала 29 студзеня — нарадзіла дачушку Надзейку. Таму вясну сустракаю з надзеяй на шчасце, добрым настроем, марамі пра цёплае надвор’е з пяшчотным сонейкам і блакітным без хмарак небам — каб удосталь гуляць з маленькай дачушкай.
Жанна Абрамовіч, кіраўнік народнага клуба ветэранаў вайны і працы «Сівізна»:
— Вясна — мая самая любімая пара года. Падарункі і віншаванні пачала атрымліваць загадзя. І першыя былі ад паважаных мужчын з «Сівізны». Напярэдадні 8 Сакавіка мы правялі святочную сустрэчу. А мая старэйшая ўнучка Марынка паабяцала намаляваць нешта казачнае. Галоўны падарунак ад малодшай —10-месячнай Палінкі — такая непасрэдная дзіцячая ўсмешка. Унучкі — маё галоўнае багацце і найлепшы падарунак на ўсё жыццё ад сына і нявесткі.
Наталля Сарока, 11-класніца гімназіі:
— Настрой цудоўны. А як здорава быць выпускніцай! Хаця хваляванне прысутнічае: наперадзе экзамены і паступленне. Цяпер спрабую свае сілы на выпрабавальных тэстах, разам з мамай выбіраю сукенку для выпускнога балю. Вельмі хачу правесці 8 Сакавіка сярод сваіх сяброў. А ад бацькоў у падарунак чакаю абноўку.
Таццяна Пішч, мастацкі кіраўнік Навасёлкаўскага СДК:
— Вясну заўсёды сустракаю з супернастроем. У мяне столькі жаданняў з ёй звязана — і на рабоце, і дома, і ў сям’і. А падарункі… Люблю ўсё, што дораць! Але абавязкова хачу атрымаць букет любімых бардовых руж. Пажаданне ўсім жанчынам ад Лявоніхі: кахайце і будзьце каханымі!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *