Да кожнай сітуацыі індывідуальны падыход

У мінулую пятніцу ў Ляхавічах чарговы раз працаваў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Анатолій Маркевіч

Пра жыллё  і не толькі

Спачатку Анатолій Маркевіч правёў прамую тэлефонную лінію для жыхароў нашага раёна. Хвалюючыя іх пытанні задалі пяць чалавек.
Ляхавічанка прасіла раза-брацца ў наступнай сітуацыі. Жанчына працавала прадаўцом у магазіне «Еўраопт», атрымала траўму рукі. Доўга знаходзілася на амбулаторным лячэнні, пасля аперацыі і зараз на бальнічным. Нядаўна атрымала паведамленне, што з ёй не будзе падоўжаны кантракт. Заяўніцу хвалюе законнасць такога рашэння. Адказ памочніка Прэзідэнта адназначны: пакуль чалавек знаходзіцца на бальнічным, яго ніхто не мае права звольніць ці скасаваць кантракт, незалежна ад таго, на прадпрыемстве якой формы ўласнасці ён працуе.

Таксама было ўзнята пытанне якасці прадуктаў, што рэалізуюцца ў магазінах сеткі «Еўраопт». Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня патлумачыла, што маніторынгі гандлёвых кропак праводзяцца штотыднёва: правяраецца наяўнасць тавараў, асартыментны пералік, умовы захоўвання.

На прыёмах і прамых лініях традыцыйна актуальная і жыллёвая тэма. Яе закранулі ў сваіх пытаннях дзве зямлячкі. Мнагадзетная маці разам з мужам выхоўвае пецярых непаўналетніх дзяцей, жывуць у доме, які атрымалі ад ДП «Нача», стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Не атрымалася купіць дом з дзяржаўнай падтрымкай, потым ім прапаноўвалі трохпакаёвую кватэру ў новабудоўлі ў райцэнтры, але для сям’і з сямі чалавек квад-ратных метраў яўна будзе не хапаць. У якасці адзінага пакуль выхаду сям’я бачыць прыватызацыю дома, у якім цяпер і жыве ў аграгарадку Нача.
Анатолій Маркевіч падкрэсліў, што ў краіне шмат робіцца для падтрымкі мнагадзетных сем’яў: гэта і мацярынскі капітал, і шматлікія падатковая і іншыя прэферэнцыі, і будаўніцтва жылля. Што тычыцца тэлефоннай просьбы, то, па словах памочніка Прэзідэнта, неабходна разгледзець многія варыянты, у тым ліку правесці ацэнку дома за кошт будучай аплаты за яго з мэтай далейшага выкупу.

Гараджанка дзесяць гадоў стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, сёння – з сям’ёй у колькасці трох чалавек. За вышэйазначаны час яна толькі аднойчы атрымлівала жыллёвую прапанову – аднапакаёвую кватэру, праўда зусім маленькай плошчы. Як высветлілася, заяўніца зараз 180-я ў чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Анатолій Маркевіч паабяцаў разабрацца ў сітуацыі і трымаць яе на кантролі, параіў разгледзець варыянты арэнднага жылля. Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, які прысутнічаў на прамой лініі звярнуў увагу на магчымасць атрымання жылля ў сельскай мясцовасці.

Рэзюмуючы вынікі тэлефоннага дыялогу з ляхавічанамі, Анатолій Маркевіч адзначыў, што літаральна ўсе запыты датычыліся бытавых пытанняў, важных для канкрэтнага чалавека. І падыходзіць да іх вырашэння трэба індывідуальна, важна пачуць заяўніка, пайсці яму насустрач, дапамагчы яму разабрацца ў праблеме і знайсці правільнае рашэнне.

Праблемы  раённага  маштабу

На асабісты прыём да памочніка Прэзідэнта папярэдне запісаліся дзесяць жыхароў Ляхавіччыны. Узнятыя праб-лемы датычыліся атрымання жылля, прыватызацыі, энергазабеспячэння, газіфікацыі, рамонту дарог, адкрыцця спартыўных аб’ектаў і інш. Некаторыя пытанні вырашаліся непасрэдна падчас прыёму, па іншых неабходна больш дэталёвае разбіральніцтва.

Гэта датычыцца і праблем, якія ўзняла ў сваім звароце жыхарка Ляхавічаў. Размова ідзе пра капітальны рамонт дома № 12 (знаходзіцца на балансе камунгаса) па вуліцы Чкалава ў райцэнтры. Гэтай падзеі жыльцы 28 кватэр чакалі даўно – дому 35 гадоў. Аднаўленча-рамонт-ныя работы вядуцца, а вось іх якасць людзей не задавальняе, асаблівыя нараканні на рамонт даху. Памочнік Прэзідэнта заслухаў меркаванні намес-ніка старшыні райвыканкама Андрэя Ляшчэні, дырэктара КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэя Чайкоўскага і ўзяў сітуацыю пад кантроль.

У напаткаўшай яе праблеме жыхарка Задвор’я ў многім вінаватая сама. У 2015 годзе яе сям’я атрымала арэнднае жыллё ў Задвор’і. Ужо тады было відавочна, што кватэра патрабуе рамонту. Колішні дырэктар Ляхавіцкай ЖКГ (на чыім балансе знаходзіцца шматпавярховік па вуліцы Цэнтральнай) вусна паабяцаў, што рамонт будзе выкананы. Жанчына паверыла і падпісала дагавор арэнды. У выніку – кватэра рамонту так і не дачакалася, і рабіць яго гаспадары павіны за ўласны кошт.

Не па-суседску. Менавіта так можна ахарактарызаваць адносіны паміж жыхарамі адной з вуліц у райцэнтры. Жанчына скардзіцца, што сусед не адкачвае каналізацыю, сцёкі заліваюць двор, устанавіў агароджу на тэрыторыі агульнага карыстання.Тэма не новая для спецыялістаў аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, земле-ўпарадкавальнай службы. Яны па даручэнні Анатолія Маркевіча будуць і далей трымаць сітуацыю на кантролі.

Яшчэ адна тэма, з якой ляхавічане звярнуліся да памочніка Прэзідэнта, тычыцца будаўніцтва ў нашым раёне басейна. Як зазначыў Анатолій Маркевіч, кошт вырашэння гэтага пытання немалы, таму, перш за ўсё, варта пралічыць, наколькі будзе запатрабаваны гэты аб’ект. Да таго ж, па словах дырэктара Ляхавіцкай СДЮШАР Валянціны Русакевіч, сёння існуе куды больш актуальная задача: уладкаванне бегавых дарожак на стадыёне.

Неабыякавую жыхарку аграгарадка Навасёлкі не-пакоіць стан дарогі Барана-вічы – Ляхавічы. Яна разам з некалькімі землякамі звярнулася за садзейнічаннем у арганізацыі правядзення рамонтых дарожных работ. Для Анатолія Маркевіча тэма не новая. Ён агучыў, што згодна папярэдніх падлікаў, капітальны рамонт участка працягласцю 14 кіламетраў пацягне на 10-14 мільёнаў рублёў, і, магчыма, праект будзе ўключаны ў праграму, якая пачне рэалізоўвацца ў наступным годзе.

– У падыходзе да вырашэння такіх праблем вызначальна правільная расстаноўка прыярытэтаў. Каб людзі заста-валіся жыць ў невялікіх гарадах і вёсках, неабходна забяспечыць іх работай, дастойнай зарплатай, вырашыць жыллёвае пытанне. І, канешне, не забываць пра культурны, спартыўны адпачынак, – падкрэсліў Анатолій Маркевіч.

– Не думала, што атрымаецца так хутка. Вельмі задаволена вынікамі прыёму, мне дапамаглі. У дзень звароту маё пытанне вырашылася станоўча, – не хавае радасці жыхарка Гаслаўшчыны. Яшчэ нядаўна жанчыне здавалася, што сітуацыя зайшла ў тупік. Зараз вядуцца работы па пракладцы газаправода да жылых дамоў у Гаслаўшчыне, аднак, жанчына не можа ад свайго імя заключаць дагавор на газіфікацыю, бо дом аформлены не на яе, а на мужа, які пражывае ва Украіне і прыехаць у Беларусь не можа. За садзейнічаннем у вырашэнні пытання яна і звярнулася да памочніка Прэзідэнта.

– Прамая лінія і прыём грамадзян паказалі, што частка зваротаў лёгка вырашаецца адразу. Ёсць і такія, што патрабуюць дакладнага разбіральніцтва, ёсць надуманыя. А ўвогуле, работа са зваротамі грамадзян не церпіць фармалізму, – гаворыць Анатолій Маркевіч.

Галіна КАНЬКО.