Мірны спорт

Ляхавіцкая СДЮШАР накіравана на высокі спартыўны вынік сваіх выхаванцаў. Многія з іх дастойна прадстаўляюць наш раён і абараняюць спартыўны гонар краіны на міжнародных спаборніцтвах у складзе нацыянальных зборных, уваходзяць у каманды Брэсцкай вобласці. Вынік магчыма дасягнуць не толькі з дапамогай пастаянных трэніровак, важна клапаціцца і пра здароўе дзяцей. Менавіта з гэтай мэтай ствараюцца летнікі. Сёлета за тры месяцы 137 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія займаюцца па розных спартыўных накірунках у СДЮШАР, адпачылі падчас дзвюх змен на базе спартшколы і адной змены ў лагеры «Чайка». Канешне, як заўжды, побач з рабятамі іх трэнеры.

Прыемна, што нашы выхаванцы вяртаюцца назад у СДЮШАР ужо ў якасці выкладчыкаў. Вось і сёлета майстэрству дзюдо юных спартсменаў будзе вучыць наш выхаванец Ягор Прыхач, які атрымаў дыплом Бела- рускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і спорту. Зараз выхавальнікам у дзіцячым лагеры працуе лёгкаатлетка Таццяна Смірнова. Яе прозвішча нядаўна чарговы раз пераможна прагучала падчас адкрытага чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы, дзе ўраджэнка Ляхавіччыны ў бегу на дыстанцыі 3000 метраў з перашкодамі стала сярэбранай медалісткай. Дарэчы, Таццяна на працягу двух гадоў атрымлівае спецыяльную стыпендыю, зацверджаную рашэннем райвыканкама.

І такіх прыкладаў нямала. Дзяржава клапоціцца пра ўсё падрастаючае пакаленне, а пра таленавітых і адораных рабят асабліва. Змяненні, што тычацца непасрэдна СДЮШАР, – таму пацвярджэнне. Ужо зроблена нямала: адрамантавана, умацавана новым спартыўным абсталяваннем і прыладамі, інвентаром. Спадзяёмся, што ў хуткім часе абнаўленне адбудзецца і на стадыёне: адрамантуюцца бегавыя дарожкі, пляцоўкі для кідання, скачкоў. Хочацца, каб усе планы спраўдзіліся. Для гэтага неабходна, каб у краіне былі мір і згода, па-іншаму нельга, бо беларускі народ – міралюбівы. А хто мацней-шы – лепш высвятляць на спартыўных арэнах.

Валянціна РУСАКЕВІЧ, дырэктар СДЮШАР.