Незалежнасць – гэта хлеб. Беларусы – мірныя людзі, якія хочуць жыць і працаваць у незалежнай квітнеючай краіне

У нас, аграрыяў, цяпер адказнейшы, гарачы і ў сэнсе надвор’я, і па важнасці час – жніво. Закладваем падмурак не толькі для дабрабыту гаспадаркі і яе працаўнікоў, але ўносім і важкі ўклад у дзяржаўную збожжавую скарбонку.

Сёлетні ўраджай парадаваў – сабралі больш за 22 тысячы тон збожжавых пры ўраджайнасці 62,2 цэнтнера з гектара. І гэта выдатны вынік, ён лепшы за мінулагодні.

Як вядома, хлеб усяму галава. Будзе хлеб, будзе і да хлеба. Павышаецца заработная плата працаўнікоў, паляпшаюцца ўмовы іх працы, мадэрнізуем вытворчасць, будуемся, не забываем пра сацыяльныя гарантыі – у «Жарабковічах» дзейнічае моцны калектыўны дагавор. Уборку збожжавых завяршылі, на падыходзе кукуруза, цукровыя буракі. Рыхтуем глебу, уносім удабрэнні – клопатаў хапае.
Дзякуй і работнікам фермаў, вытворчых майстэрняў, якія плённа шчыруюць. Мы разам робім адну справу. Сельгасвытворцам няма калі мітынгаваць. Лічу, любыя пытанні, а тым больш праблемы трэба вырашаць цывілізавана, шляхам перамоў.

Беларусы – мірныя людзі, якія хочуць жыць і працаваць у незалежнай квітнеючай краіне. Аграрыі робяць для гэтага ўсё магчымае.

Алена НАВАЛОЧКА, намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы».