Прафесійны дэбют. Маладыя спецыялісты прыступяць да працы ў Ляхавіцкім раёне

Знаёмцеся: выпускніца Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, удзельніца праграмы «Настаўнік для Беларусі», малады спецыяліст Наталля Рабцэвіч. 1 верасня Наталля Мікалаеўна ў якасці настаўніцы геаграфіі Ляхавіцкай гімназіі сустрэнецца са сваімі першымі вучнямі.

Вучыць і выхоўваць

– Хвалююся крышачку. Але ўпэўнена: у мяне ўсё атрымаецца. Люблю дзяцей і свядома, яшчэ школьніцай, выбрала прафесію педагога, – адзначае малады спецыяліст.

Прапанавала Наталлі паўдзельнічаць у сумесным праекце БПС-Ашчадбанка і Міністэрства адукацыі дырэктар гімназіі Таісія Шыбун. Праект накіраваны на прыцягненне ў навучальныя ўстановы ў невялікіх гарадах крэатыўных і неабыякавых настаўнікаў, якія могуць і жадаюць прыў-несці ў прафесію педагога новыя цікавыя ідэі, умеюць спраўляцца з цяжкасцямі, захоўваюць аптымізм, імкнуцца да самаразвіцця, гатовы да змяненняў, у тым ліку і да пераезду на новае месца жыхарства і, канешне, вераць у свае сілы. Наталля Рабцэвіч вытрымала адбор і трапіла ў атрад шчасліўчыкаў. Для ўдзельнікаў праекта на працягу чатырох тыдняў праводзілася анлайн-вучоба, падчас якой і ўчараш-нія выпускнікі ВНУ, і вопытныя настаўнікі ўдасканальваліся ў сучасных падыходах у педагогіцы, загартоўвалі свае лідарскія якасці.

– Мы вучыліся працаваць у камандзе і, самае галоўнае, набывалі новыя веды. За-помнілася, як арганізавалі анлайн-лагер для дзяцей – для мяне гэта новая форма работы. З рабятамі і цяпер падтрымліваем сувязь, – расказвае Наталля Рабцэвіч.

Акрамя таго, «Настаўнік для Беларусі» прадугледжвае пэўныя матэрыяльныя прэ-ферэнцыі. У прыватнасці, штомесячна на працягу двух гадоў працы кожны ўдзельнік атрымлівае штомесячную стыпендыю ў памеры 250 рублёў, кампенсацыю расходаў на арэнду жылля ад фонду «Новая школа», заснаваная БПС-Ашчадбанкам, плюс персанальны ноўтбук для работы ад партнёра праграмы інтэрнэт-магазіна 21vek.by.

Наталля Рабцэвіч – адна з васьмі маладых спецыялістаў (па чатыры выпускнікі Брэсцкага і Баранавіцкага дзяржаўных універсітэтаў), якія сёлета размеркаваліся ў школы нашага раёна. Найбольш важкі кадравы паток уліўся ў дружны педкалектыў Тухавіцкай СШ. Гісторыю вясковым хлопчыкам і дзяўчынкам будзе выкладаць Эдуард Дзьяканчук, беларускую мову і літаратуру – Павел Канановіч, у пачатковых класах прыйшла выкладаць Кацярына Патоцкая.
Сярэдні бал дыплома ў выпускніка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Паўла Канановіча – 8,4.

– Падабаецца мілагучная родная беларуская мова, хочацца шмат зрабіць дзеля яе папулярызацыі, таму і атрымаў прафесію настаўніка. Пакуль у планах заставацца ў педагогіцы, – перакананы Павел Канановіч.

У гімназіі, акрамя Наталлі Рабцэвіч, і новы педагог-арганізатар – Наталля Пратасевіч. Для Лізаветы Камісарчук, настаўніцы хіміі і біялогіі, першым самастойным месцам працы стала Востраўская СШ. У Дараўскім ДС – СШ настаўніцай біялогіі і геаграфіі пачне сваю педагагічную біяграфію Яна Юшкевіч.

Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Зубік расказала, што сёлета маладых спецыялістаў прайшло ўдвая больш, чым летась, і гэта бясспрэчны плюс. Аднак, па-ранейшаму, адчувальны недахоп настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю, таму без дапамогі шаноўных педагогаў, якія па ўзросце знаходзяцца на заслужаным адпачынку, не абысціся.

Таццяна Зубік нагадала пра сацыяльныя гарантыі і льготы, прадугледжаныя заканадаўствам і прапісаныя ў калектыўных дагаворах. На традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі настаўніцкае папаўненне атрымае першае прафесійнае хрышчэнне – маладых спецыялістаў прадставяць вялікай педагагічнай сям’і Ляхавіччыны.

Культурнае ўзмацненне

У параўнанні з педагагічным кадравае культурнае папаўненне выглядала звычайна больш сціпла. Сёлета – прыемнае выключэнне. Тым больш, што ўсе пяцёра новаспечаных культработнікаў атрымалі вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мас-тацтва па розных спецыяльнасцях. Здаецца, зусім нядаўна галасістая дзяўчынка Насця Сельмановіч была актывісткай у Крывошынскай СШ. Сёння Анастасія Юр’еўна – мастацкі кіраўнік Крывошынскага СДК.

– З аднаго боку – вельмі адказна ладзіць культурныя праграмы для сваіх землякоў, а з іншага – лёгка, бо вакол знаёмыя, родныя, блізкія. Прыемна, што загадчык СДК Вольга Свянтэцкая мне дапамагае – парадамі, падтрымкай. Маё дэбютнае заданне – падрыхтоўка святкавання Дня вёскі, – расказвае Анастасія Сельмановіч.
Першым самастойным месцам працы для Анастасіі Сідор стаў Ураджайнінскі СДК. Яна таксама мастацкі кіраўнік.

– Задаволены прыходам маладых спецыялістаў-бібліятэкараў у гарадскую купалаўку, – гаворыць дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч.

Ёсць нагода для аптымізму ў плане разнастайнага і змяс-тоўнага баўлення вольнага часу і для гарадскіх юнакоў і дзяўчат. Цяпер за іх адпачынак у адказе прадстаўнік такога ж пакалення. Загадчыкам аддзела па рабоце з моладдзю прызначаны выпускнік БДУКіМ Ілья Маслоўскі. Магчыма, маладому спецыялісту ўдасца крэатыўнымі ідэямі «запаліць» юнакоў і дзяўчат.

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Клімовіч не хавае радасці: такога ўнушальнага кадравага прытоку, тым больш з вышэйшай адукацыяй, не было даўно. Між іншым, гэта не проста ўдача, а вынік мэта-накіраванай работы аддзела. Праводзіўся маніторынг, высвятлялася, якія з выпускнікоў – ураджэнцы Ляхавіччыны, вяліся перамовы з кожным з іх.

На варце закону

Прыбыло і ў палку вартавых правапарадку. Памочнікі дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы Ягор Курловіч і Арцём Мішкевіч ужо некалькі месяцаў нясуць службу ў Ляхавіцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў. А для інспектара дарожна-патрульнай службы ДАІ Валерыі Ціхановіч і оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку Антона Чурылава міліцэйскія будні толькі пачынаюцца.

Галіна КАНЬКО.