Гераічны Здановіч

65 гадоў мінула з той пары, калі адгрымелі апошнія выбухі Вялікай Айчыннай вайны, на якой загінуў кожны трэці беларус. Дзякуючы мужнасці і гераізму нашых дзядоў і прадзедаў, мы жывём пад мірным небам, у свабоднай і квітнеючай Беларусі. А слава пра неўміручы подзвіг барацьбітоў з фашызмам навечна застанецца ў памяці ўдзячных нашчадкаў.
Крывошынскі гісторыка-краязнаўчы музей – адно з месцаў, дзе захоўваецца памяць пра далёкія ваенныя падзеі вогненных 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Вучні школы разам з настаўнікамі займаюцца пошукавай работай, запісваюць успаміны ветэранаў. Адзін са стэндаў музея прысвечаны славутаму земляку, Герою Савецкага Саюза Гаўрыілу Станіслававічу Здановічу – аднаму з дваццаці сыноў Брэстчыны, удастоеных за баявыя заслугі такога высокага звання. Сярод іншых экспанатаў і ваенная форма славутага земляка.
Гаўрыіл Здановіч нарадзіўся 10 красавіка 1900 года ў вёсцы Крывошын у сялянскай сям’і, тут у 1913 годзе скончыў чатыры класы народнага вучылішча. Старажылы ўспаміналі басаногага вясковага хлапчука. У Крывошыне прайшло яго дзяцінства, тут сустрэў і Першую сусветную вайну. У 1915 годзе сям’я Здановічаў, ратуючыся ад кайзераўцаў, пераехала ў горад Крамянчуг. Праз год Гаўрыіл разам з малодшымі сёстрамі трапіў у прытулак сяла Саланціна, што на Палтаўшчыне.
Падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года захапілі і беларускага юнака. Восенню Гаўрыіл Здановіч добраахвотнікам уступіў у рады Чырвонай Арміі і быў накіраваны на барацьбу з Дзянікіным. Ужо тады, у маладым узросце, праявіліся талент камандзіра, мужнасць, смеласць, непахісная вера ў дабро і справядлівасць. Разам з баявымі сябрамі ён удзельнічаў у баях супраць Юдзеніча, абараняў Петраград. Пад яго непасрэдным камандаваннем 518-ы стралковы полк граміў банду Махно. Потым былі вучоба ў ваеннай акадэміі імя Фрунзе, якую скончыў на выдатна, курсы пры бронетанкавай акадэміі.
Вялікую Айчынную вайну начальнік аператыўнага аддзела штаба 66-га стралковага корпуса палкоўнік Гаўрыіл Здановіч сустрэў каля Гомеля. “Вельмі цяжка было адступаць. Але ж нічога не зробіш, так склаліся абставіны. Каля Кіева-Праціна трапіў у акружэнне”, – успамінаў Гаўрыіл Станіслававіч. Але мужны камандзір не здаўся ў палон фашыстам, ён выйшаў з акружэння ў Данбасе. Амаль 5 месяцаў быў начальнікам штаба 4-й стралковай дывізіі, потым у горадзе Армавіры займаўся фарміраваннем новай дывізіі. 203-я дывізія пад камандаваннем Здановіча ваявала на правым фланзе знакамітай Сталінградскай бітвы.
Разгараліся жорсткія баі з ворагам за вызваленне Данбаса. Са студзеня па сакавік 1943 года дывізія Здановіча вызваляла гарады Краснадон і Ровенькі, іншыя населеныя пункты. За вызваленне Данбаса многія салдаты і афіцэры былі ўдастоены ордэнаў і медалёў. На грудзях Гаўрыіла Здановіча заззяў ордэн Чырвонага Сцяга.
Дывізія, якой камандаваў Здановіч, пераможным маршам ішла на захад: тройчы фарсіравала Днепр, вызваляла Запарожжа. Дывізіі прысвоілі званне Запарожскай, а Здановіча ўзнагародзілі ордэнам Суворава ІІ ступені і прысвоілі воінскае званне генерал-маёр. За вызваленне горада Нікапаля Запарожская стралковая дывізія была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга, а камандзір – ордэнам Леніна. У баях каля горада Дубасары Гаўрыіл Станіслававіч быў моцна паранены. Аднак ён па-ранейшаму рваўся ў бой. І праз 4 месяцы пасля шпіталю разам з аднапалчанамі ў складзе II Украінскага фронта вызваляў Румынію, за што атрымаў падзяку ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Цяжка пералічыць, у колькіх баях за вызваленне гарадоў і вёсак розных краін Еўропы прымаў удзел наш зямляк-герой.
9 мая 1945 года Гаўрыіл Здановіч разам са сваёй дывізіяй сустрэў недалёка ад Прагі. Але для баявога генерала на гэтым ваенныя дзеянні не спыніліся. За 32 дні слаўная дывізія з баямі прайшла больш за 1350 кіламетраў па Маньчжурыі.
У верасні 1945 года Гаўрыілу Здановічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На ваенным мундзіры таксама зіхацелі тры ордэны Леніна, чатыры ордэны Чырвонага Сцяга, ордэны Суворава і Кутузава і шматлікія медалі. Да 1953 года служыў у Савецкай Арміі.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны родную вёску наведаў двойчы. Першы – у 1954 годзе, другі – праз 20 гадоў. Сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі Крывошынскай школы, душэўна пагаварыў з пажылымі аднавяскоўцамі.
Апошнія гады жыцця Гаўрыіла Здановіча прайшлі ў Варонежы, менавіта там ён напісаў кнігу “Ідзём у наступленне”. У ліпені 1984 года славутага земляка не стала.
Рабяты і настаўнікі Крывошынскай СШ праводзяць вялікую работу па ўшанаванні памяці ўсіх землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У гонар 65-годдзя Вялікай Перамогі і да 110-годдзя з дня нара-джэння Гаўрыіла Здановіча кожны клас наведае школьны гісторыка-краязнаўчы музей, пройдзе традыцыйны злёт па спартыўным арыентаванні на прыз Героя Савецкага Саюза Г. С. Здановіча.
Вольга МАКСІМЧЫК,
кіраўнік музея Крывошынскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *