Выпускная перамога. Харэаграфічны калектыў «Сюрпрыз» лаўрэат ІІ адкрытага фестывалю-конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Танцуюць усе!»

Ніхто не стане спрачацца, што юныя і таленавітыя навучэнцы харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў –  упрыгажэнне любога раённага свята. Яны не толькі вучацца, радуюць ляхавічан, паспяхова здаюць экзамены, а яшчэ і ўдзельнічаюць у конкурсах. Пры тым іх удзел у большасці з пераможным акцэнтам.

Дарэчы, пакарыць журы ІІ адкрытага фестывалю-конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Танцуюць усе!» нашым юным зорачкам атрымалася нават праз відэаролікі з нумарамі, якія яны запісалі і адправілі загадзя.

Конкурс праходзіў у Валкавыску, лепшых выбіралі ў трох намінацыях. Харэаграфічны калектыў «Сюрпрыз», які прадставіў Ляхавіччыну, адзначыўся ва ўсіх намінацыях. Стаў лаўрэатам у намінацыях «сучасная харэаграфія», «народны, народна-сцэнічны танец», пераможцам у намінацыі «класічны танец». Усяго на суд журы было прадстаўлена чатыры пастаноўкі. У асноўным удзельнікі конкурсу – цяпер ужо выпускнікі харэаграфічнага аддзялення, якія паспяхова здалі экзамены і атрымалі пасведчанні.

Кіраўнікі-выкладчыкі харэаграфічнага аддзялення Таццяна Яўсей і Алеся Груша (на здымку), прызнаюцца, што бязмерна любяць сваіх выхаванцаў. Магчыма, у гэтым іх сакрэт паспяховых заняткаў, рэзультатыўных выступленняў. Дзеткі проста захоплены тым, чым займаюцца, ад заняткаў атрымліваюць задавальненне. А ці не гэта называецца ўзаемнасцю.

Да таго ж, бацькі зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці ад харэаграфічных заняткаў атрымалі, як гаворыцца, па максімуму. Заўсёды на перадавой са сваімі зорачкамі: дапамагаюць з касцюмамі, падтрымліваюць падчас выступленняў. Гэта немалаважна.

Больш таго, прыемна і ганарова выкладчыкам удвая за сваю выпускніцу Вольгу Дамашэвіч, якая гэты навучальны год пачне ў статусе навучэнкі Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
Дарэчы, юных харэографаў чакае сюрпрыз. Іх зала цяпер зменіць лакацыю і размесціцца ў будынку па адрасе  пл. Леніна, 1. Тры залы, касцюмерная, настаўніцкая, раздзявальні – усё гэта ў разпараджэнні хлопчыкаў і дзяўчынак. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.