З’есці і не атруціцца. Як ужываць грыбы правільна

Пайшлі дожджыкі, а гэта значыць, прыйшоў час грыбоў. Грыбы – не толькі смачны прадукт, але і своеасаблівая скарбонка вітамінаў. Але разам з усімі плюсамі любімыя многімі грыбы могуць прынесці шкоду здароўю. Акрамя таго, што яны засвойваюцца горш, чым прадукты жывёльнага паходжання, да таго ж могуць стаць прычынай атручванняў, нават са смяротным зыходам.

На шчасце, апошнім часам на Ляхавіччыне амаль не рэгіструюцца выпадкі цяжкіх атручванняў гэтымі дарамі лесу. Але пра перасцярогу нельга забываць. Ні ў якім разе не збірайце невядомыя грыбы. Памятайце і пра асноўнае правіла кулінарнай апрацоўкі грыбоў: апра-цоўвайце іх адразу пасля збору, каб не сапсаваліся, прамываць трэба 2-3 разы, перад чым патрымаць паўгадзіны ў халоднай вадзе, каб адмоклі пясок, сухое лісце. Варыць грыбы трэба двойчы на працягу
20 мінут, а потым адвар абавязкова зліць. Салёныя грыбы захоўвайце пры тэмпературы ад +2 да +10 градусаў, а кансервы з грыбоў – на холадзе пры тэмпературы не вышэй за 6 градусаў. Час ад часу правярайце запасы. Уздуцце накрыўкі, памутненне вадкасці з’яўляюцца сігналамі трывогі. Ужываць такія кансервы нельга ні ў якім разе.

Вельмі небяспечна купляць кансерваваныя грыбы хатняга прыгатавання ў выпадковых людзей, як, дарэчы, і іншыя кансервы. Увогуле, продаж свежых грыбоў дазволены на рынках, дзе магчыма правядзенне санітарна-лабараторнага аналізу.

Сімптомы грыбнога атручвання (галавакружэнне, ваніты, моцная смага, сутаргі, пасіненне вуснаў, пазногцяў, галюцынацыі, парушэнне дыхання) могуць праяўляцца ў розны час – ад 30 мінут да некалькіх сутак – у залежнасці ад віду грыбоў і той колькасці, якую вы з’елі.
Калі атруціліся, памятайце: чым раней пачата лячэнне, тым больш шанцаў на спрыяльны зыход. Прамаруджванне ў такіх выпадках можа каштаваць не толькі доўгатэрміновага дрэннага самаадчування, але і жыцця. Таму абавязкова звярніцеся за медыцынскай дапамогай, а да гэтага піце больш вадкасці, па магчымасці ачысціце страўнік.

Марыя ДАНІЛЬЧЫК, фельчар-валеолаг райЦГіЭ.