Жніўны сюжэт: хлебны акцэнт

Яны галоўныя героі фільма са жніўнымі сюжэтамі. «Ляхавіцкі веснік» стараўся заўсёды быць побач з нашымі шаноўнымі хлебаробамі. А сёння ў чарговым палявым выпуску раёнкі гавораць не газетчыкі, а тыя, хто ставіў працоўныя рэкорды.

Антон БУЛАТЫ, дырэктар ААТ «Жарабковічы»:
– Сёлетняе жніво для нашага сельгаспрадпрыемства можна сапраўды назваць залатым. Колас даў 62,2 цэнтнера з гектара – няхай і не на многа, але больш, чым летась. А на некаторых палях азімая пшаніца і ўвогуле заважыла больш як па 70 цэнтнераў на круг.
Дзякуй усім, хто апрацоўваў глебу, уносіў удабрэнні, займаўся селекцыйнай і агранамічнай работай, сеяў, убіраў, перавозіў, рыхтаваў і рамантаваў тэхніку, перапрацоўваў зерне, рабіў разлікі, гатаваў абеды. У нашым агульным намалоце, які пацягнуў на 22160 тон, заслуга кожнага з іх.  Нацэльваем калектыў на яшчэ больш высокі вынік на жніве наступнага года, ужо сёння пачынаем рыхтавацца да чарговага аграрнага сезона. У нас няма часу на роздумы і забастоўкі – у аграрыяў работа круглы год. І ад яе залежыць не толькі дабрабыт бадай кожнай жарабковіцкай сям’і, але і тое, наколькі трывалай і моцнай будзе эканоміка і, адпаведна, сацыяльная сфера раёна і краіны.

Павел КАНЦЭЛЯРЧЫК, старшы камбайнер ЗТАА «БелДан»:
– Канешне, пачэсна другі год запар уваходзіць у раённы элітарны клуб лепшых на жніве. Гэты сезон у маёй хлебаробскай кар’еры – восьмы, з якіх два гады працую ў «БелДане». Сёлетні ўраджай лепшы за мінулагодні, адпаведна, і больш важкі намалот. Уборка збожжа – асаблівы этап не толькі ў тым, што падводзіць вынік года, але і ў плане спаборніцтва. Адным з маіх палявых сапернікаў выступае брат Пётр, які на некалькі тыдняў мяняе прафесію культработніка (ён кіраўнік дзіцячага музычнага калектыву Востраўскага СДК) на камбайнера. Пакуль я перамагаю, усё ж старэйшы за Пятра. Гэта, канешне, жартую…

Уладзіслаў Купрыш, старшы камбайнер ДП «Нача»:
– У Ляхавіцкі раён з бацькамі пераехалі з Данецкай вобласці. Усе працуем у ДП «Нача»: мама інжынерам, мы з бацькам механізатары. За пяць гадоў быў трактарыстам, атрымаў і вопыт работы камбайнерам. Тады старшы ў экіпажы Раман Воля многаму мяне навучыў у плане камбайнерскай навукі.  А сёлета я і сам быў старшым камбайнерам.
З камбайнерам Яўгеніем Коктышам па максімуму стараліся, Жэня аказаўся выдатным памочнікам на кожным з этапаў уборачнай кампаніі.  Галоўным бонусам у рабоце лічу стаў нядрэнны ўраджай збожжавых. А значыць, усе службы і вытворчыя падраздзяленні гаспадаркі спрацавалі добра. Сёння перасеў ужо за руль «кіраўца»: завяршылася зернеўборка, але сельскагаспадарчы год працягваецца.

Віктар Клемяня і Сяргей Зянько, ААТ «Жарабковічы».

Віктар КЛЕМЯНЯ, старшы камбайнер ААТ «Жарабковічы»:
– Уборка для нашага экіпажа пачыналася са збожжавых – на палетак адправіліся адразу пасля «Зажынак». Камбайн не падвёў, хоць яму ўжо два дзясяткі гадоў. Праўда, каб давесці старую машыну да ладу, да выпрабавання жнівом давялося над ёй і, у літаральным сэнсе, пад ёй папрацаваць. Рамонтныя работы занялі прыкладна месяц. Хачу падкрэсліць ролю майго памочніка – камбайнера Сяргея Зянько. На тым этапе работ у якасці памочніка выступаў, хутчэй, я. Таму, што нярэдка быў заняты на іншых палявых работах. Ды і падчас жніва Сяргей, а «па жыцці» ён начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста «Ліпск» РАНС, паказаў сябе дысцыплінаваным, адказным, выдатна тэхнічна падрыхтаваным работнікам. Раніцай першым з машынай «вітаецца» якраз камбайнер, каб перад выхадам у поле правесці абавязковае штодзённае тэхнічнае абслугоўванне машыны. Гэта добры кавалак работы, які патрабуе ад выканаўцы ашчаднасці і адказнасці. Адно да аднаго – і вынікам сталі больш за 2 тысячы тон намалочанага збожжа.

Камбайнеры, вадзіцелі, машыністы зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, кіраўнікі гаспадарак – адным словам, тыя, хто гэтымі гарачымі днямі працаваў на харчовую бяспеку беларусаў, нашай мірнай і квітнеючай краіны, – вы ў цэнтры ўвагі. Дзякуй, дарагія, дзякуй, родныя!

Юрый і Ягор Бубены, ААТ «Шлях новы».

Юрый і Ягор Бубены, сямейны экіпаж камбайнераў ААТ «Шлях Новы».
– Жніво дасягнула фінішу. Усе аграрыі ў гэты час працавалі сумленна, былі настроены на поспех, стараліся. Бо хлеб – гэта святое. Разуменне гэтага надае сілы, энергіі, жадання дасягнуць пастаўленай мэты. Удвая прыемней, што жніво стала нашай сямейнай справай. У гэтым годзе жаць давялося разам з сынам. Мы і нашы калегі людзі вопытныя, адказныя, умеем працаваць і пераадольваць цяжкасці. Убіраць хлеб даводзіцца кожны год, а да хлеба стаўленне асаблівае. У хлебаробаў Ляхавіччыны ўсё атрымалася.

Ігар і Аляксандр Васілевічы, ААТ «Жарабковічы».

Ігар і Аляксандр Васілевічы, сямейны экіпаж камбайнераў ААТ «Жарабковічы».
– Разам з братам працуем ужо два гады запар і з упэўненасцю можам сказаць: жніво для ўсіх аграрыяў, без сумнення, клапатлівы і хвалюючы час. На кану адна з галоўных жыццёвых каштоўнасцяў – хлеб. Гэта яшчэ і сур’ёзнае выпрабаванне, бо работнікі актывізуюць усе свае ўнутраныя рэсурсы на сто працэнтаў. Яго мы прайшлі годна. Сёлета пазл паспяховай уборачнай склаўся: надвор’е не выдавала сюрпрызаў, а дзякуючы зладжанай працы нашых калег, гаспадарка стала упэўненым лідарам на жніве. Хочацца сказаць дзякуй усім, хто дапамагаў і падтрымліваў, за смачную ежу і музычныя нумары.

Мікалай ТАРЛЮК, дырэктар ДП «Нача», старшыня Ляхавіцкага раённага аграпрамысловага саюза:
– Усе працавалі, усе стараліся і ўсе выйшлі на вынік. Канешне, яравы зерневы, ды і не толькі, клін пацярпеў ад сухой вясны, што не магло не адбіцца на ўраджайных паказчыках. Але хлебаробскі год у цэлым склаўся для сельгасарганізацый раёна нядрэнна. Асноўныя, па выніках жніва, вытворчыя паказчыкі прадэманстравалі рост у параўнанні з аналагічнымі леташнімі. Фактычна ўсе сельгасарганізацыі «падраслі» ўраджайна, павялічыліся валавыя зборы.
На нашым прадпрыемстве на ўборцы працавалі чатыры камбайны. Калі прыняць да ўвагі і рапсавыя плошчы, на кожную з машын прый-шлася нагрузка ледзь ці не ў чатыры сотні ўборачных гектараў. Нямала, але справіліся. Усе камбайнавыя экіпажы, вадзіцелі-адвозчыкі, дапрацоўшчыкі зерня і іншыя занятыя ў працэсе работнікі спрацавалі добра. Са сваёй задачай справіліся якасна, за што вялікі дзякуй.
Гаспадарка прыступіла ўжо да выканання перадпасяўных работ. Ад таго, наколькі тэхналагічна і своечасова будзе праведзена азімая сяўба, у максімальнай ступені залежыць наша ўраджайная будучыня.

Іван ВІТКО, старшыня СВК «Ляхавіцкі»:
– Жніво для кожнага сельгаспрадпрыемства краіны – асаблівая пара. У гэты час усе працуюць адным зладжаным механізмам, які не церпіць збояў і непаладак. Камбайнеры, вадзіцелі, аператары і працаўнікі зернесушыльных комплексаў – у любое надвор’е праца кіпіць.
У гэты час не спыняюцца і іншыя работы. Кожны адчувае, наколькі высокая ступень адказнасці за справу, якой служаць. І я рады, што ў адным страі з дасведчанымі і хлебаробамі, якія шмат гадоў прапрацавалі ў сельскагаспадарчай галіне, стаяць маладыя ўдзельнікі жніва. У гэтым годзе мы намалацілі 49,2 цэнтнера з кожнага гектара. Вынік добры, але ў наступным годзе пастараемся зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб намалоты былі большымі.
Многае стварыў чалавек, але хлеб — адна з самых каштоўных яго знаходак. І няма працы важней, чым своечасова кінуць насенне ва ўзараную зямлю і своечасова ўзяць паспелае зерне. Дзякуй вам за працу, працаўнікі СВК «Ляхавіцкі»!

Андрэй Дзянішчык і Павел Булаты, ААТ «Жарабковічы».

Андрэй ДЗЯНІШЧЫК, старшы камбайнер ААТ «Жарабковічы»:
– Гаварыў, што ідзём на рэкорд. Так і атрымалася. Маю на ўвазе не толькі наш экіпаж. Сярод лепшых на жніве ў Ляхавіцкім раёне ва ўсіх намінацыях бачым работнікаў нашай гаспадаркі: камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы збожжа, аператары зернесушыльных комплексаў. З напарнікам Паўлам Булатым намалацілі 2085 тон збожжа. А калі дадаць і 700 тон рапсу, то ўвогуле атрымаецца ўнушальная лічба. Ёсць чым ганарыцца. Але такі вынік не сам па сабе атрымаўся – працавалі іншы раз і ад світання да змяркання. Ніякіх нараканняў няма і на жалезнага сябра: КЗС-1218 «хадзіў» без збояў.
І здорава, што права звацца першымі на Ляхавіччыне двухтысячнікамі заслужылі разам з нашымі таварышамі-калегамі – экіпажам Віктара Клемяні і Сяргея Зянько.
Жніўныя паўнамоцтвы знялі да наступнага сезона. Павел вярнуўся на сваё працоўнае месца на баранавіцкі авіязавод. Я ж зараз займаюся ўнясеннем удабрэнняў пад ураджай-2021.