Актыўна пачынаць навучальны год

У Беларусі трэба вельмі актыўна пачынаць новы навучальны год. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 24 жніўня, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку.

«У любыя часы трэба вучыцца. Калі ў нас атрымаецца скомканым і пачатак навучальнага года, гэта зусім дрэнна. Вы помніце, як мы заканчвалі навучальны год у сувязі з каранавірусам і тымі насцярожанасцямі, якія былі ў грамадстве, асабліва ў бацькоў. Празмернымі насцярожанасцямі, як мы цяпер ра-зумеем», – сказаў Прэзідэнт.

«Нам трэба вельмі актыўна пачынаць навучальны год, чаго б ні каштавала», – падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запрасіў чыноўнікаў на даклад (на мерапрыемстве прысутнічаў і віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка), каб у першую чаргу пачуць не аб тым, што добра зроблена, а даведацца аб тых ці іншых праблемах, якія неабходна яшчэ вырашыць напярэдадні навучальнага года.

«Вельмі вас прашу, паглядзіце, каб дзеткі ў школу пайшлі ў нейкім знешне аднолькавым статусе. Не павінны адрознівацца дзеці з сем’яў багатых ад дзяцей з сем’яў бяднейшых. Трэба дапамагчы там, дзе трэба дапамагчы. Асабліва бедным сем’ям, шматдзетным. Хоць ужо не ведаю, як шматдзетным дапамагаць, – такі пакет у нас з боку дзяржавы сацыяльны, якога не мае ні адна дзяржава», – адзначыў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што і прадпрыемствы падключыліся да аказання дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да школы. «Ад сельгаспрадпрыемстваў да вялікіх прамысловых – усе дапамагаюць. Хто рукзак збярэ, нехта дзеткам форму купіць школьную, нехта грошай падкіне. Па-рознаму бывае, але ўсе далучыліся да гэтага, нягледзячы на тое, што некалькі тысяч у нас ходзяць па вуліцах і спрабуюць павярнуць сітуацыю ў свой бок», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыў Ігар Карпенка, па стане на пятніцу мінулага тыдня 96 працэнтаў школ у краіне атрымалі сертыфікаты гатоўнасці. «Працэс гэты завяршаецца. Нейкіх сур’ёзных праблем з падрыхтоўкай школ няма. На гэта дзяржава выдзеліла адпаведныя сродкі, мясцовыя органы ўлады актыўна працавалі. Мы адкрываем тры школы-новабудоўлі ў бягучым годзе», – адзначыў міністр.

«Абараніце настаўнікаў ад усялякіх нападкаў. Мы гэта пачалі ўжо рабіць, прытым робім вельмі актыўна і вельмі строга спыняем усякія наезды, накаты на настаўнікаў, урачоў», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Калі нехта перакінуўся ў іншы лагер, нам таксама трэба з імі разбірацца», – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў Беларусі дзяржаўная адукацыя, дзяржаўныя школы, дзяр-жаўная ідэалогія. «І тыя, хто хочуць прытрымлівацца гэтых прынцыпаў, калі ласка, будзьце ласкавы: ідзіце выкладайце, вучыце, працуйце. Тыя, хто не хоча, значыць, яны ў школе быць не павінны. Гэта трэба гаварыць прама, адкрыта і сумленна», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БЕЛТА.