Правілы 101. Ляхавіцкія выратавальнікі працягваюць прафілактычную работу

Ляхавіцкія выратавальнікі працягваюць прафілактычную работу па бяспецы жыццядзейнасці ў дашкольных установах і не толькі ў рамках рэспубліканскай акцыі «Канікулы без дыму і агню».

Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Таццяна Калгушкіна пабывала ў Задворскім дзіцячым садзе і дзіцячым садзе № 4, нагадала дашкалятам правілы бяспечнага адпачынку ў лесе, расказала, як правільна сябе паводзіць на вадаёме, калі гуляюць на вуліцы, агучыла тэлефонныя нумары службы выратавання 101 і 112.

Не абышоўся ўрок бяспекі без фізкультхвілінкі, якая таксама аказалася карыснай, бо з яе дапамогай хлопчыкі і дзяўчынкі замацавалі самае важнае правіла: гульні з агнём вельмі небяспечныя! А кніжкі-размалёўкі, падораныя малышам выратавальнікамі, яшчэ не раз нагадаюць дзецям важныя правілы.

Дзмітрый ЧОПКА, начальнік РАНС.