Кліча памяць

11 красавіка 2010 года адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню памяці нашага земляка, кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі Міхаіла Пташука.
Пачатак мерапрыемства ў 13.30 у г. Ляхавічы, вул. М. Пташука, д. 3, дзе будзе адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар славутага кінарэжысёра. Далей мерапрыемства працягнецца ў в. Федзюкі, вул. Садовая, д. 23. Плануецца ўдзел кінарэжысёраў, артыстаў, жонкі і дачкі М. Пташука.

Рубрыка “КАМПЕТЭНТНЫ СУРАЗМОЎЦА”
Пра прыродныя скарбы і экалагічную свядомасць
Уплыў экалогіі на якасць жыцця чалавека пераацаніць цяжка. Як, дарэчы, і адваротны працэс – уплыву чалавека на прыроду і навакольнае асяроддзе.
Што неабходна зрабіць сёння, каб і заўтра, і праз дзесяцігоддзі не толькі нас, але і нашых нашчадкаў радавалі чыстае паветра і паўнаводныя рэкі, здзіўлялі багатая флора і фауна шчодрых беларускіх лясоў? Як памяняць адносіны чалавека да прыродных рэсурсаў, навакольнага асяроддзя на больш ашчадныя, уважлівыя, беражлівыя?
Пра гэта – размова карэспандэнта “ЛВ” са старшынёй Брэсцкага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Тамарай ЯЛКОЎСКАЙ.
– Тамара Анатольеўна, чым вабіць, з пункту гледжання эколагаў, наш рэгіён? І што выклікае за-клапочанасць кіраўніка прыродаахоўнай службы вобласці?
– Экалагічныя асаблівасці Ляхавіцкага раёна ўяўляюць сабой рознахарактарную сістэму экалагічнага патэнцыялу. Прыгожая прырода, дастатковая колькасць вадаёмаў, наяўнасць помнікаў прыроды, палацава-паркавых ансамбляў, месцаў вырастання і жыхарства рэдкіх раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, і многае іншае, чым прывабная ляхавіцкая зямля.
Раён размешчаны ў паўночнай частцы Брэстчыны. З карысных выкапняў найбольшае прыроднае значэнне маюць торф і пясчана-гравійная сумесь. Горад Ляхавічы і раён маюць дастатковыя запасы водных рэсурсаў для бесперапыннага забеспячэння вадой насельніцтва, прамысловай вытворчасці і сельскай гаспадаркі.
Вынікі назіранняў за станам водных экасістэм раёна за апошнія 5 гадоў сведчаць пра паляпшэнне якасці паверхневых вод па ўтрыманні прыярытэтных забруджванняў. Не апошнюю ролю ў гэтым працэсе маюць пабудаваныя ў 2004 годзе за кошт сродкаў рэспубліканскага фонду аховы прыроды новыя гарадскія ачышчальныя збудаванні сцёкавых вод.
Рэкі Ляхавіччыны (а іх налічваецца 8) адносяцца да басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. У першае нясуць свае воды Шчара і яе прытокі. Рака Нача, воды якой трапляюць ў прытокі Прыпяці, праз Днепр сілкуе Чорнае мора.
Лясістасць раёна – 35 працэнтаў, што вышэй за сярэднеабласны паказчык.
На тэрыторыі раёна знаходзяцца помнікі прыроды – старажытныя паркі “Савейкі” і “Рэпіхава”, заказнікі: біялагічны “Ліпск” і гідралагічны “Лагоня”.
Асаблівы інтарэс уяўляе расліна, занесеная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, — куст рададэндрана жоўтага (помнік прыроды рэспубліканскага значэння). Месца яго знаходжання ў Ляхавіцкім раёне з’яўляецца самым паўночным, дзе расце гэты міжземнаморскі рэліктавы від.
Наогул, раён у экалагічным плане з’яўляецца найбольш спрыяльным. Тым не менш, нельга не сказаць і пра тыя праблемы, што хвалююць эколагаў і насельніцтва, у тым ліку і сітуацыя, што склалася ў райцэнтры ў сувязі са скідваннем сцёкавых вод мясцовага малочнага завода ў сажалкі-накапляльнікі. Не менш важнай з’яўляецца задача забеспячэння гарадскога і сельскага насель-ніцтва якаснай пітной вадой.
У пытаннях аховы атмасфернага паветра нявырашанай застаецца праблема замены зношанага паветраачышчальнага абсталявання на льнозаводзе.
Асаблівыя складанасці апошнім часам ствараюць выхлапы ад аўтамабільнага транспарту. Сітуацыя ўскладняецца тым, што выхлапы адбываюцца на ўзроўні дыхання чалавека і ў месцах кампактнага знаходжання людзей. Зразумела, што гэтую праблему нельга вырашыць толькі адміністрацыйнымі дзеяннямі нашых інспектараў. Кожны ўладальнік аўтамабіля павінен адчуць адказнасць за захаванасць чысціні паветра роднага горада і не дапускаць да эксплуатацыі экалагічна няспраўны транспартны сродак.
Нямала належыць зрабіць па добраўпарадкаванні тэрыторый, падтрыманні парадку ў населеных пунктах, уздоўж аўтамабільных дарог, у зонах адпачынку, парках і скверах, на прыватных падвор’ях.
— Якія захады робяцца і якія крокі будуць ажыццяўляцца для паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў раёне?
— У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай перапрацоўкі малочнай сыроваткі і вытворчасці сухіх прадуктаў у Рэспубліцы Беларусь на 2008-2010 гады на СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” прадугледжана арганізацыя згушчэння сыроваткі з наступнай яе перапрацоўкай на прадпрыемствах канцэрна “Брэстмясамалпрам”.
Зараз прадпрыемствам завершаны будаўнічыя работы па стварэнні ўчастка канцэнтравання сыроваткі, набыта абсталяванне для ўкаранення метаду нанафільтрацыі і адваротнага осмасу, праведзены яго мантаж, зманціраваны ёмістае абсталяванне і прыёмнае аддзяленне. Выкананы пусканаладачныя работы. Праведзены дзве пробныя выпрацоўкі згушчанай сыроваткі. Атрыманыя пробы накіраваны ў навукова-даследчы інстытут мясамалочнай прадукцыі, НДІ жывёлаводства, інстытут глебазнаўства з мэтай атрымання заключэння аб мэтазгоднасці яе выкарыстання ў жывёлагадоўлі, а таксама далейшай перапрацоўкі на сухія прадукты. Папярэднія вынікі даследаванняў сведчаць пра магчымасць выкарыстання сыроваткі для вышэйпералічаных мэт.
Для вырашэння пытання скідвання прамысловых сцёкаў прадпрыемства на гарадскія ачышчальныя збудаванні адна з карт выкарыстоў-ваецца ў якасці ўсерадняльніка, і са снежня 2009 года ў сярэднім 137 кубаметраў сцёкавых вод у суткі скідваецца на агульнагарадскія ачышчальныя збудаванні. На працягу 2010 года плануецца спыніць скідванне сцёкаў у накапляльнікі. Разам з тым, для канчатковага вырашэння праблемы неабходна бу-дзе правесці рэкультывацыю накапляльнікаў.
Для паляпшэння якасці пітнога водазабеспячэння з 2011 года ў межах дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада” плануецца будаўніцтва ў Ляхавічах станцыі абезжалезвання.
Што датычыць замены паветра-ачышчальнага абсталявання на льнозаводзе, то падчас плануемай рэканструкцыі прадпрыемства яна знойдзе сваё вырашэнне.
У апошні час вялікая ўвага надаецца пытанням навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання населеных пунктаў, абыходжання з адходамі. Задачы на 2010 год па вырашэнні згаданых пытанняў вызначаны абласным і раённымі планамі мерапрыемстваў. Нягледзячы на змены ў лепшы бок аблічча райцэнтра, наогул, многіх населеных пунктаў, у гэтым накірунку належыць зрабіць яшчэ нямала.
Так, да канца года неабходна забяспечыць ахоп не менш 70 працэнтаў насельніцтва паасобным зборам камунальных адходаў. На сённяшні дзень гэты паказчык па Ляхавічах складае ўсяго 40,2 працэнта.
Для вырашэння данай задачы неабходна мак-сімальна актывізаваць інфармаванне насельніцтва і павысіць эканамічную зацікаўленасць, пашырыць магчымасці нарыхтоўчых пунктаў, павялічыць колькасць кантэйнераў для паасобнага збору адходаў, выкарыстоўваць практыку раздачы насельніцтву разавых пакетаў для смецця.
Планамі мерапрыемстваў прадугледжана здабыванне 25 працэнтаў другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адходаў. Летась гэты паказчык па раёне складаў 20 працэнтаў.
Важнейшай задачай застаецца ўдасканаленне работы сартавальнай станцыі, а таксама падтрыманне парадку на сельскіх міні-палігонах ЦБА, у гаражных масівах, садаводчых таварыствах.
У пытаннях навядзення парадку на зямлі сістэмны характар павінна насіць работа па рэкультывацыі выпрацаваных кар’ераў.
Актуальная для раёна і праблема зносу і перасадкі зялёных насаджэнняў.
— Асноўныя “забруджвальнікі” навакольнага асяроддзя – буйныя прадпрыемствы. І часцяком даводзіцца сутыкацца з меркаваннем, маўляў, ад канкрэтнага чалавека ў змяненні экалагічнай сіту-ацыі нічога не залежыць. Наколькі важнай, на вашу думку, Тамара Анатольеўна, сёння з’яўляецца экалагічная свядомасць грамадзян?
— Канешне, ад кожнага чалавека напрамую залежыць і чысціня прадпрыемства, і чысціня горада, і экалагічная сітуацыя.
У апошні час значна ўзрасла колькасць зваротаў грамадзян па фактах парушэнняў водаахоўнага заканадаўства, незаконнага зносу зялёных насаджэнняў, утварэння несанкцыянаваных сметнікаў. Работа ў цесным кантакце з мясцовым насельніцтвам дазваляе аператыўна рэагаваць на аварыйныя сітуацыі. Так, дзякуючы актыўнай грамадзянскай пазіцыі жыхара вёскі Вярховічы Камянецкага раёна, была папярэджана сур’ёзная аварыя на ачышчальных збудаваннях ААТ “Вярховіцкі крухмальны завод”. Па звароце жыхароў г.п. Лагішын Пінскага раёна былі ліквідаваны парушэнні рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў вадаёмаў Мокрая Дубрава і Каўняцін. Неабыякавасць жыхароў горада Ляхавічы дала штуршок для вырашэння праблемы забруджвання паветранага басейна сцёкамі малочнага завода. Не магу не прыгадаць і такі факт: жыхаром вашага горада Мікалаем Ігнатавічам Бураком пасаджана цэлая алея лісцевых дрэў па вуліцы Спартыўнай. І такіх прыкладаў, што пацвярджаюць высокую ўнутраную і экалагічную свядомасць і культуру нашых суайчыннікаў, нямала.
— Якія формы і метады экалагічнага выхавання вы лічыце самымі эфектыўнымі і дзейснымі?
— Ашчадныя, паважлівыя адносіны дзяцей і дарослых да прыроды патрабуюць высокай экалагічнай адукаванасці, і гэта пільная неабходнасць сённяшняга дня. Любоў да прыроды не прыходзіць сама па сабе – яе неабходна абудзіць. Дзеці школьнага ўзросту, уключаючы старшакласнікаў, праяўляюць клопат і беражлівыя адносіны толькі да тых аб’ектаў прыроды, пра якія маюць дастаткова глыбокія і рознабаковыя веды, у іншых выпадках у іх паводзінах праяўляюцца нейтральна-абыякавыя, а нярэдка і адмоўныя адносіны. Важнай асаблівасцю экалагічнага навучання і выхавання, на мой погляд, з’яўляецца арганізацыя непасрэднага судакранання з прыродай. Гэта экскурсіі ў лясы і заказнікі, паркі і скверы, водаахоўныя зоны рэк і вадаёмаў, практычныя заняткі па вырошчванні кветак, афармленні кветнікаў і клумбаў, пасадка дрэў і кустарнікаў, стварэнне экалагічных сцежак, жывых куткоў прыроды і г.д. У працэсе зносін з прыродай у чалавека выпрацоўваюцца навыкі правільных паводзін, разумных, свядомых адносін да прыроды. І далёка не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае экскурсійнае абслугоўванне сіламі саміх вучняў створаных у школах музеяў, дэндрарыяў, кветнікаў, куткоў жывой прыроды. Сітуацыі, у якіх навучэнцы становяцца арганізатарамі, “настаўнікамі” і прапагандыстамі, не толькі павышаюць іх экалагічную адукаванасць, але і фарміруюць важнейшыя якасці чалавечай асобы.
І, безумоўна, самае галоўнае, што наша змена – дзеці – цікавяцца праблемамі аховы навакольнага асяроддзя ужо з пачатковых класаў (у гэтым, канешне, заслуга педагогаў).
Літаральна некалькі тыдняў таму да нашых спецыялістаў “воднікаў” мама прывяла сына і прасіла даць інтэрв’ю па пытаннях экалагічнага стану ракі Мухавец. На пытанне “для якіх мэт?” яна патлумачыла, што сыну, вучню 4-га класа, дадзена такое заданне. І яны хацелі атрымаць кваліфікаваны адказ на пастаўленае пытанне, цікавіліся праблемамі і шляхамі іх вырашэння. З якім інтарэсам і ўвагай гэты юны грамадзянін занатоўваў меркаванне спецыяліста!
За такімі педагогамі, бацькамі і дзецьмі – будучыня.
– Дзякуй за размову, Тамара Анатольеўна.
Гутарыла Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *