Дзякуй, Беларусь

Шэсць гадоў назад наша сям’я – я, муж, сын і дачка – пераехала ў Беларусь з Данбаса. Уцякалі ад вайны, якая адбылася ва Украіне пасля так званай каляровай рэвалюцыі. Па волі лёсу аказаліся ў «Начы». Нас прынялі шчыра, добразычліва. Сельгаспрадпрыемства не толькі дало магчымасць працаваць, але і выдзеліла дом. Паціху ўладкоўваліся, абжываліся, прывыкалі. Шчыры дзякуй за падтрымку кіраўніцтву ДП «Нача» і асабіста дырэктару Мікалаю Тарлюку.

Працую інжынерам па ахове працы, муж і сын – механізатарамі, дачка – дзевяцікласніца, вучыцца ў Начаўскай СШ. Менавіта тут, на гасціннай беларускай зямлі, наша сям’я павялічылася: сын сустрэў сваю другую палавінку, ажаніўся, зараз у нас падрастае ўнучок Арцёмка. Так што ўсё вельмі добра.

Лічу, Беларусі пашанцавала на Кіраўніка дзяржавы.

Днямі мне пашчасціла трапіць у Брэсцкую крэпасць на мітынг у падтрымку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Якая цудоўная атмасфера там панавала! Сустрэча паказала адзінства жыхароў Брэстчыны, іх міралюбівасць, жаданне і далей шмат працаваць для сябе і шчаслівага заўтра сваіх дзяцей і ўнукаў.

Перажыўшы жахі падзей, якія адбыліся ва Украіне ў 2014 годзе, хачу звярнуцца да беларусаў: не паўтарайце такіх памылак, беражыце тое, што ёсць у суверэннай Беларусі, прымнажайце яе багацці, не згубіце сваю нацыянальнасць. І яшчэ: не паддавайцеся на правакацыі тых, хто заклікае выходзіць на забастоўкі. Не працаваць – гэта паставіць крыж не толькі на эканоміцы краіны, асобнага прадпрыемства, але і на дабрабыце сваёй сям’і. А што тычыцца сельскай гаспадаркі, то ў нас клопатаў хапае заўсёды, нам не да забастовак.

Руслана КУПРЫШ, інжынер па ахове працы ДП «Нача».