Увага на новы ўраджай

Сёння завод працуе ў штатным рэжыме, як і заўжды ў гэты перыяд. Падзеі, што апошнія некалькі тыдняў адбываюцца ў краіне, ніякім чынам не паўплывалі ні на графік работы, ні на настрой завадчан. Размовы аб спыненні работы ніхто не вядзе. Гэта, па меншай меры, немэтазгодна ў плане эканомікі. Перастанем выпускаць прадукцыю – страцім рынкі збыту, як айчынныя, так і замежныя. Чым, без сумнення, скарыстаюцца канкурэнты. Для прадпрыемства любыя прастоі, у тым ліку выкліканыя забастоўкамі, адразу перарастуць у мінус у аб’ёмах вытворчасці, продажах. Адпаведна, на сабе такое падзенне адчуюць і завадчане: зменшыцца заработная плата і «ўрэжуцца» сацыяльныя гарантыі.

Сёлета блакітны валакністы парадаваў добрым ураджаем на ўсіх 2950 гектарах, засаджаных ільном. Асноўная частка даўгунцу пакуль вылежваецца, прайшоўшыя дажджы – толькі на карысць, павінны паспрыяць якасці льну.

Пачынаючы з 17 жніўня працуем на «свежай» сыравіне. Графік работы ў новым цэху – кругласутачны, без спынення вытворчасці, у старым цэху пакуль адна змена. Але як толькі сыравіна даспее і пойдзе вялікім патокам, і тут колькасць змен павялічыцца.

Наша прадпрыемства ўжо заключыла дагавор з Аршанскім ільнокамбінатам на пастаўку льновалакна. Прапрацоўваем і замежныя рынкі збыту. Планаў шмат, таму сілы калектыву накіраваны на іх вырашэнне. На заводзе зараз працуе 180 чалавек, у 2020 годзе пашырылі штаты механізатараў, прычым набіралі не сезонных работнікаў, а пастаянных.

Акрамя кадравага пытання, вырашаем і іншыя паўсядзённыя, мірныя і плённыя: абнаўленне машынна-трактарнага парка, пашырэнне рынкаў збыту прадукцыі, ёсць пэўныя напрацоўкі і наконт мадэрнізацыі вытворчасці. Пакрысе будзем усё вырашаць.

Дзмітрый СКАКУН, дырэктар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».