Старт школьнага марафону. Да навучальнага года рыхтуюцца і навучэнцы, і выкладчыкі

Кнігі атрыманы, форма адпрасавана і чакае сваёй гадзіны на вешалцы, школьныя прыналежнасці акуратна складзены ў партфель… Канец жніўня адказны і хвалюючы час для навучэнцаў і іх бацькоў. Хтосьці ўпершыню пачуе школьны званок і сядзе за парту, для кагосьці гэты год стане фінішнай прамой перад пачаткам новага – студэнцкага – этапу жыцця. Не менш хвалюючы гэты час і для настаўнікаў, работнікаў устаноў адукацыі: пакуль навучэнцы атрымліваюць асалоду ад летніх канікулаў, падрыхтоўка да новага навучальнага года ідзе ўсё лета.

Адзін з яркіх завяршальных акордаў лета – жнівеньскі педагагічны форум, які традыцыйна прымаў гарадскі Дом культуры.

У фае ГДК гасцей форуму сустракала экспазіцыя з адукацыйнымі праграмамі, распрацоўкамі, букле-тамі, макетамі і творчымі планамі аўтарства педагогаў устаноў адукацыі раёна.

Ярка, кранальна і песенна – так віталі настаўнікаў навучэнцы СШ № 2 у сваім выступленні, з якога пачалося мерапрыемства.

Асаблівая ўвага – маладым сілам. Сёлета педагагічны калектыў раёна папоўніўся дзесяццю новымі прозвішчамі. Ужо з 1 верасня маладыя спецыялісты пачнуць працаваць у школах горада і раёна. Да маладых калег звярнулася настаўніца пачатковых класаў СШ № 2 Ніна Юрчык, партрэт якой сёлета занесены на Галерэю славы Ляхавіччыны. Яна пажадала ніколі не спыняцца на дасягнутым, самаўдасканальвацца і любіць сваю прафесію.

Педагагічны форум адкрыў даклад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святланы Якубоўскай. Яна падвяла вынікі работы аддзела, расказала пра дасягненні і поспехі, кадравае і матэрыяльнае забеспячэнне ўстаноў адукацыі Ляхавіччыны. Таксама былі вызначаны накірункі, у якіх трэба папрацаваць актыўней.

Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Іна Зубік падрабязна спыні-лася на пытанні прафарыентацыйнай работы ў сучасных умовах.
Тэмай выступлення намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Аксаны Гатоўчыц стала ўкараненне лічбавай мадэлі як аднаго з эфектыўных падыходаў прафарыентацыйнай работы.

Настаўнік гісторыі СШ № 2 Віталій Толкач расказаў калегам пра шматграннасць спецыяльнасцяў і прафесій, што адкрываюцца перад рабятамі, якія наведваюць музей, праводзяць экскурсіі і дапамагаюць папаўняць экспазіцыі, бачаць сябе ў будучым у музейнай справе.
Старшыні райвыканкама Аляк- сандру Камінскаму дасталася прыемная місія – узнагароджанне перамож-цаў конкурсаў. Сертыфікатам пераможцы раённага конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі былі ўзнагароджаны сярэдняя школа № 2 і Начаўскі дзіцячы сад.

У намінацыі «за стварэнне здароўе-зберагальнай сістэмы ва ўстанове дашкольнай адукацыі» лепшым прызнаны Тухавіцкі дзіцячы сад. Жарабковіцкая сярэдняя школа імя М. Г. Мінкевіча стала лепшай у намінацыі «за якасць адукацыйных, выхаваўчых, спартыўных вынікаў установы».

Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Юрлевіч уручыла Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і сертыфікаты пераможцаў раённага конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый устаноў адукацыі ў 2019/2020 навучальным годзе.

Свае ўзнагароды ўручыў райкам галіновага прафсаюза і аддзел па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама. Пераходны кубак за працу з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі з Малагарадзішчанскага ВПК быў перададзены ў Жарабковіцкую школу імя М. Г. Мінкевіча.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. Больш Фота ТУТ