Аўтографы восені. У аграрыяў Ляхавіччыны праца працягваецца

З кожным тыднем іх становіцца ўсё больш – прыкмет, уласцівых толькі гэтай пары года. Яшчэ рэдкія, нібы для спробы, фрагменты пажоўкласці ў кронах дрэў, густыя ранішнія туманы, першыя асеннія кветкі. А з сельскагаспадарчых палеткаў да нас даносіцца ўжо зусім іншы каленкор.

На мяжы лета і восені там, увогуле, усё можа мяняцца з калейдаскапічнай хуткасцю, калі, напрыклад, пазаўчарашняе не кранутае плугам іржышча сёння прадстае ў выглядзе азімага пасеву.

Але спачатку ўборка саломы як стартавы этап падрыхтоўкі плошчаў да сяўбы. Карціны з палёў падштурхоўваюць да думкі, што яе ў гэтым годзе нямала. Па стане на канец тыдня, пад незапрасованай саломай у раёне заставалася ў межах дзвюх тысяч гектараў палеткаў – каля 15 працэнтаў ад абсалютнага наміналу.

Вызваленыя плошчы гаспадарнікі максімальна хутка і разумна з пункта гледжання палявой лагістыкі пускаюць «пад плуг» – рыхтуюць глебу да азімай сяўбы. У планах ляхавіцкіх аграрыяў бягучым сезонам значыцца закласці больш за 11 тысяч гектараў адно толькі зерневых культур. Работы ў гэтым накірунку набіраюць ход, ідуць сваёй чаргой. Можна сказаць, не першай, паколькі галоўны аграрны «крыж» цяперашняга дня – сяўба крыжакветных.

У сезоне бягучага – наступнага года рапсавы клін раёна зойме ці не 3,5 тысячы гектараў. Акрамя спецыялізаваных на сваім «БелДана», ільнозавода і льнонасенстанцыі, вырошчвацца ён будзе на палетках усіх нашых сельгасарганізацый. Найбольшыя плошчы закладваюць у сябе працаўнікі

ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача». Яшчэ – фермеры з «Фартуны», якія, мяркуючы па аператыўнай статыстыцы райсельгасхарчу, з рашэннем рапсавай задачы ўжо справіліся. Асобныя сельгасарганізацыі гатовы фінішаваць на рапсавым полі, іншым належыць прайсці яшчэ пару-тройку-пяцёрку пасяўных кругоў, а некаторым – і больш таго.

Таксама адным з сельскагаспадарчых аўтографаў цяперашняга часу з’яўляюцца аб’ёмныя льноперавозчыкі. Пакуль яны далёка не дамінанта шляхоў у накірунку Ляхавіцкага завода-перапрацоўшчыка, але паралельна з аперацыяй па абарочванні льностужак паступова нарошчваецца прасаванне і фінішная – пад шаху – уборка льнотрасты. Калі надвор’е не ўнясе ў працэс свае карэктывы, вельмі верагодна, што ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» хутка выйдзе на першую тысячу свежанарыхтаванай трасты. Заяўленая ўраджайнасць набліжаецца да чатырох тон прадукту з кожнага гектара. Першыя дзясяткі тон трасты ўраджаю-2020 сабралі і працаўнікі між-райнасенстанцыі.

Іван КАВАЛЕНКА.