Всем ляховичанкам посвящалась праздничная программа под названием «Март … Женщины … Цветы …» /фото/

Усім ляхавічанкам прысвячалася святочная праграма пад назвай «Сакавік… Жанчыны… Кветкі…», якая адбылася напярэдадні Дня жанчын у гарадскім Доме культуры.
У актавай зале быў аншлаг. Навокал усё зіхацела ад жаночай прыгажосці, шчырых усмешак, якія дарылі гераіні свята. У фае ГДК можна было набыць разнастайныя вырабы швейнага цэха льнозавода і кулінарныя прысмакі, прайсці майстар-класы ад вопытных спецыялістаў па ўпрыгожванні і сервіроўцы святочнага стала, кройцы і шыцці, лямцавым дызайне, вышыўцы, вырабе мяккай цацкі.
Вядучыя асыпалі кампліментамі жанчын, трапна жартавалі, былі нават крышачку паэтамі і музыкантамі, а яшчэ і чараўнікамі, бо адорвалі прысутных сюрпрызамі.
Усіх жанчын Ляхавіччыны павіншаваў са святам старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. Кіраўнік раёна ўручыў ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета дэпутатаў заслужаным зямлячкам. На сцэну за ўзнагародай паднімаліся лепшыя з лепшых: галоўны заатэхнік СВК «Шлях новы» Ганна Кухарчык, выкладчык школы мастацтваў Ірына Тулейка, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Аксана Вечар і многія іншыя ляхавічанкі і жыхаркі раёна — прадстаўнікі прамысловай сферы і сельскай гаспадаркі, медыкі, педагогі, работнікі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскага харчавання, ветэраны працы.
Павіншавала зямлячак са святам і намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Таццяна Чайкоўская, якая ўручыла падарунак чэмпіёнцы Еўропы па самба, пераможцы раённага конкурсу «Чалавек года» Кацярыне Рабцэвіч.
Нават цяжка ўзгадаць, які нумар канцэрта, падрыхтаванага самадзейнымі артыстамі раёна, стаў найбольш запамінальным. У зале гучалі несціхаючыя апладысменты. Як можна было застацца абыякавымі, калі так пяшчотна, непасрэдна віншавалі самыя юныя ляхавічане!
Неўпрыкметку праляцелі 2 гадзіны з песнямі, танцамі, вершамі і гумарэскамі.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *