Дынаміка станоўчая. Рэзервы ёсць

Ляхавіччына дэманструе ўстойлівую дынаміку развіцця ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, і такая тэндэнцыя павінна стаць пастаяннай. Тым больш, што рэзервы ёсць. На гэтым акцэнтаваў увагу старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі падчас жнівеньскага пасяджэння райвыканкама.

Чатыры з чатырох,  восем з дзесяці

На асноўных выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна спыніўся намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. Ён праінфармаваў, што за першае паўгоддзе выкананы ўсе чатыры ключавыя паказчыкі эфек-тыўнасці: экспарт тавараў, экспарт паслуг, прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, колькасць працаўладкаваных грамадзян на новыя працоўныя месцы.
Станоўчая сітуацыя і ў плане выканання індыкатыўных паказчыкаў і заданняў. Андрэй Навагран падкрэсліў, што раён справіўся з даведзенымі паказчыкамі па выпуску валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, індэксе аб’ёму прамысловай вытворчасці, рознічным тавараабароце гандлю, стварэнні новых мікра- і малых арганізацый, удзельнай вазе адгружанай інавацыйнай прадукцыі, паказчыку па энергазберажэнні, зніжэнні колькасці стратных прадпрыемстваў, сярэднямесячнай зарплаце. Разам з тым тэмпы росту будаўніча-мантажных работ склалі за паўгоддзе 96,2 працэнта пры заданні 108,9 працэнта. Недапрацавалі і па ўводзе жылля: у наяўнасці 2,7 тысячы квадратных метраў замест плануемых 4 тысяч. У рашэнні райвыканкама ўказана на неабходнасць уводу ў эксплуатацыю сёлета ў верасні жылога дома для сям’і, дзе будуць выхоўвацца дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі.

Што тычыцца тэмпаў росту аб’ёмаў вытворчасці, то найбольшы рост дэманструюць ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы» (164,2 працэнта), ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» (162,5 працэнта), ТАА «Фермент» (136,8 працэнта), СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» (117,6 працэнта), ААТ «Жарабковічы» (115,9 працэнта), ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас» (111,2 працэнта). Андрэй Навагран дэталёва разабраў прычыны зніжэння аб’ёмаў вытворчасці на торфабрыкетным і кансервавым заводах. У прыватнасці, адносна ААТ «ТБЗ Ля-хавіцкі» адзначана, што ў сувязі з цёп-лай зімой знізіўся попыт насельніцтва на паліўныя брыкеты. А па прычыне закрыцця рынкаў Швецыі амаль на 75 працэнтаў зменшыўся экспарт. Кіраўніцтва завода прымае меры па пошуку новых спажыўцоў: торфабрыкетная прадукцыя прадавалася ў Латвію і Нідэрланды, у планах – нарошчванне паставак ва Украіну. У перспекты- ве – павелічэнне продажу сушонкі на ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». Па інфармацыі, за ліпень – жнівень ТБЗ экспартаваў 2,1 тысячы тон прадукцыі – на 17 працэнтаў больш, чым за аналагічны леташні перыяд.

Шукаюць і знаходзяць выйсце з сітуацыі, звязанай са зніжэннем аб’ёмаў вытворчасці, і на ААТ «Ляха-віцкі кансервавы завод». Палова выпускаемай на прадпрыемстве прадукцыі адпраўляецца ў бюджэтныя арганізацыі, прычым большая частка плодаагародніннай кансервацыі трапляе ва ўстановы адукацыі. У сувязі з пандэміяй яны пэўны час не вялі вучэбны працэс, адпаведна, дзеці не харчаваліся. Але і на гэтым прадпрыемстве змаглі пераразмеркаваць рынкі збыту прадукцыі. Дырэктар завода Аляксандр Вашчук адзначыў, што за шэсць месяцаў адправілі на экспарт прадукцыі на 180 тысяч долараў – 135 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2019 года. Павялічваюцца пастаўкі ў гандлёвыя сеткі ў межах Беларусі.

На прадпрыемствах раёна выпускаецца і інавацыйная прадукцыя. Ільнозавод асвоіў вытворчасць ільнянога алею. У трэцім квартале 2020 года малочны завод плануе выпуск тварагу і малака ў тэтрапакетах, а торфабрыкетны завод запусціць вытворчасць гуматызаванай торфакрошкі.

Тое, што тавары, зробленыя на Ляхавіччыне, запатрабаваны ў замежных спажыўцоў, пацвярджае паказчык экспарту, тэмп росту якога склаў 119,4 пра-цэнта. Андрэй Навагран падкрэсліў, што праводзіцца мэтанакіраваная і, што важна, выніковая работа па дыверсіфікацыі рынкаў збыту. Сёлета за першае паўгоддзе ляхавіцкая прадукцыя адпраўлялася ў Данію, Кыргызстан, Турцыю, куды ў мінулым годзе не пастаўлялася. Размеркаванне экспарту наступнае: на долю ЕАЭС прыпадае 65,8 працэнта, краін Еўрасаюза – 29,6 працэнта. Значна выраслі пастаўкі ў Польшчу, Узбекістан, Літву, Кітай, Расію, Нідэрланды. За паўгоддзе прыцягнута 4,7 мільёна долараў прамых замежных інвестыцый.

Незалежна ад таго, на прадпрыемстве якой формы ўласнасці працуе чалавек, яго хвалюе пытанне заработнай платы. Намеснік старшыні райвыканкама паведаміў, што за мінулае паўгоддзе сярэднямесячная зарплата ў раёне склала 917 рублёў.

Стратных менш,  як і запазычанасці

Важнае пытанне парадку дня – скарачэнне колькасці стратных прадпрыемстваў. Калі ў студзені ў Ляхавіцкім раёне было сем стратных арганізацый, то цяпер тры: ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ПМК-13, філіял «Ляхавіцкі райпалівазбыт». Па словах Андрэя Наваграна, страты на ПМК-13 дапушчаны па прычыне малых аб’ёмаў работ. Начальнік прадпрыемства Данііл Скрыцкі расказаў, што ў арганізацыі распрацаваны план мерапрыемстваў па выхадзе са стратнасці, у прыватнасці, прадугледжана павелічэнне выпрацоўкі на аднаго працаўніка, заказамі ар-ганізацыя забяспечана, і па выніках гэтага года ПМК-13 павінна выйсці з такога непрыемнага статусу.

Актуальная тэма – пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць. Яна хоць і зменшылася на 1,2 працэнта ў параўнанні з пачаткам года, але па-ранейшаму ёсць. Найбольшы рост у камунгасе і льнозаводзе.
Неаднойчы падчас разгляду пытання на пасяджэнні райвыканкама ўзгадваліся вынікі работы сельгаспрадпрыемстваў. Рашэннем райвыканкама кіраўнікі райаграсэрвіса, «Шляху новага», «Ліпнянкі» абавязаны забяспечыць вытворчасць і рэалізацыю малака ў сваіх сельгаспрадпрыемствах не ніжэй мінулагодняга аб’ёму. Старшыня райвыканкама выказаў прэтэнзіі і да спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні за непрыняцце мер па паляпшэнні паказчыкаў па раслінаводстве і жывёлагадоўлі ў ДП «Ліпнянка».

Як выконваўся бюджэт раёна, праінфармавала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Страмавус. Яшчэ адно пытанне парадку дня – гатоўнасць устаноў адукацыі да новага навучальнага года – агучыла начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская.
Па ўсіх пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.

Галіна КАНЬКО.