З поўным рукзаком падарункаў. Пачынаць новы навучальны год з падарункаў – такую традыцыю не першы год падтрымліваюць ляхавіцкія валанцёры

У мінулы панядзелак прадстаўнікі раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын, таварыства Чырвонага Крыжа, райкама БРСМ і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пабывалі ў гасцях у трох шматдзетных сем’яў. Місія ў валанцёраў прыемная: яны прывезлі падарункі юным ляхавічанам да Дня ведаў. Канцылярскія тавары, адзенне, абутак – усё гэта было сабрана падчас дабрачынных акцый, у якіх удзельнічалі нашы землякі.

– Кожны год напярэдадні 1 верасня мы аказваем дапамогу шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй. Хочацца, у першую чаргу, падзякаваць усім ляхавічанам і спонсарам, хто не першы год прымае ўдзел у дабрачынных акцыях, дапамагае. Многія нават не ўяўляюць, наколькі гэта важна. А як прыемна бачыць шчаслівыя і ўсмешлівыя твары дзяцей, калі яны атрымліваюць падарункі, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.

Разам са школьнымі прыналежнасцямі рабяты атрымалі віншаванні з пачаткам новага навучальнага года.

– Спадзяюся, у сшытках у вас будуць стаяць толькі выдатныя адзнакі, вы будзеце радаваць бацькоў сваімі поспехамі, – пажадала старшыня раённай арганізацыі БСЖ Вольга Бурак.

На гэтым акцыя не заканчваецца. У хуткім часе падарункі ад валанцёраў «прыедуць» і да іншых адрасатаў.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.