Колерам не выйшаў. У раёне вядзецца ўборка льнотрасты

У раёне вядзецца ўборка льнотрасты. Якім атрымаўся старт, пра што «мовяць» першыя вынікі работы, чаго недаатрымала культура і на які ўраджай разлічваюць ільнаводы? За адказамі на гэтыя і іншыя ў тэму пытанні карэспандэнты «ЛВ» адправіліся на поле.

У той дзень уборачнай лакацыяй ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» стаў адзін з «цыганскіх» палеткаў. Не далёкі, але і не ў крокавай даступнасці, па памеры хутчэй сціплы, чым наадварот. З прычыны дастаткова шчыльнай сканцэнтраванасці тэхнікі апошняй здавалася больш, чым намінальныя прыкладна два дзясяткі прэс-падборшчыкаў, пагрузчыкаў, адвозчыкаў. Але ніякай мітусні: у кожнага свае задачы, рэгламент і вызначаны парадак работы. Рацыянальна, з пункта гледжання палявой лагістыкі працавалі пагрузчыкі. За адно дзеянне «амкадор» спрытна і дакладна размяшчаў у кузаве аўтамабіля адразу два рулоны льнотрасты. Некалькі дзясяткаў хвілін – і чарговы транспарт бярэ курс у бок галоў-най базы прадпрыемства.

Машыністы прэс-падборшчыка Дзяніс Маслоўскі

Ільнаводы спяшаюцца, імкнуцца не дапусціць страты ні мінуты працоўнага часу, перажываюць, калі з-за дажджу вымушаны ставіць работу на паўзу. Гэты вытворчы год быў для іх розны, іншы ў параўнанні з, напрыклад, леташнім.

– Выцераблены лён ляжаў доўга. Але, калі так можна гаварыць, вылежаўся не зусім правільна. Не ўсюды атрымалася, як трэба. Для канчаткова якаснага выспявання стужкам ільну патрэбна вільгаць. Начныя туманы – добра, перыядычна дожджыкі – сапраўдны бальзам для культуры. Нічога гэтага доўгі час не адзначалася. Затое пякло сонца, і месцамі траста «карамелізавалася»: замест нарматыўнай шэра-попельнай афарбоўкі набыла залаціста-кара-мельныя адценні. А якасць ільнотрасты ацэньваецца, у тым ліку, і па гэтым паказчыку. Гэта адзін бок сёлетняга медаля, другі ж заключаецца ў тым, што вымушаны працяглы тэрмін вылежкі істотна скраў час на прасаванне і вывазку.

Год назад, напрыклад, мы на гэту дату ўжо завяршылі з прасаваннем. Сёлета ж, 20 жніўня, толькі пачалі. Будзем трымаць тэмп работы, – завяршае свой адукацыйны маналог вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч.

… і пагрузчыка «Амкадор» Станіслаў Жагунь.

З 2200 намінальных завадчане спрасавалі і вывезлі пад шаху льнотрасты з ужо больш за чатыры сотні гектараў. Ураджайнасць сярэдняга гектара зараз вагаецца вакол чатырох тон прадукцыі.

Гаспадаркі зусім не беспадстаўны ў сваіх спадзяваннях на далейшы рост паказчыка ўраджайнасці. Маўляў, пакуль «круцім» далёка не самыя лепшыя палеткі, а ўборка найбольш прадукцыйных плошчаў яшчэ напера- дзе. Яны і сеяліся некалькі пазней, і церабіліся не першымі, і ўбірацца будуць, што называецца, па сваім графіку.

Апошні абяцае быць вельмі жорсткім. Што-дзень гатовы выйсці два дзясяткі прэс-падбор-шчыкаў, камплект аўтамабіляў-адвозчыкаў, пагрузчыкаў. У сваім як ніколі напружаным графіку жыве сыравінны двор ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»: прыняць, разгрузіць, складаваць вырашчаны ўраджай – не проста работа і не простая работа. Для кожнага датычнага да яе завадчаніна.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.