Скандал не член сям’і. Карэспандэнт «ЛВ» адправіўся ў рэйд с супрацоўнікамі міліцыі

У гэтых сем’ях нікога не здзіўляе візіт супрацоўнікаў міліцыі, таму што нумар 102 яны самі набіраюць часта. Прычына зваротаў простая: замест працы і дабрабыту яны робяць выбар у бок алкаголю і сямейных скандалаў. Браты з сёстрамі, бацькі з дзецьмі… Пад «градусам» сямейныя адносіны сціраюцца, і застаецца месца толькі для лаянкі і бойкі.

Рэйд па нядобранадзейных адрасах правялі супрацоўнікі міліцыі. З імі адправіўся і карэспандэнт «ЛВ».

Першы праблемны адрас знаходзіцца ў вёсцы Задвор’е. Тут высветліць адносіны ніяк не могуць два браты: абодва злоўжываюць алкаголем і раней судзімыя. Раз-пораз суседзі выклікаюць міліцыю, таму што ў сям’і замест дыялогу выбіраюць кулакі. Аднаго з братоў міліцыянеры заспелі на лаўцы каля дома. Мужчына ў сіняках, падпіўшы.
Паводле яго слоў, цяпер дома ўсё спакойна: брат зноў апынуўся ў месцах зняволення.

– Гэта брат мяне правакаваў! Прыедзе і пачынае сварыцца, – апраўдваецца мужчына. – Зараз мы з маці жывём спакойна, я ў прыватніка падзарабляю.

Але ў супрацоўнікаў міліцыі да мужчыны ёсць пытанні: у яго запазычанасць па аліментах, а за злоўжыванне алкаголем ён можа быць накіраваны на першасную камісію ў ЛПП.

Яшчэ адна праблемная сям’я пражывае ў вёсцы Альхоўцы. Як растлумачылі супрацоўнікі міліцыі, бацькі злоўжываюць алкаголем, не працуюць. Сын расце ўдалечыні ад іх: вучыцца і жыве ў інтэрнаце ў Ганцавічах. Да сваякоў прыязджае толькі на канікулы.

Супрацоўнікі міліцыі цікавяцца, што сёння еў хлопчык.

– Тушонку, – не задумваючыся, адказвае ён.

На пытанне пра ежу бацькі прыкметна ажыўляюцца і паказваюць свае запасы: у шафе крупы і макароны, некалькі слоікаў тушонкі. Сям’я застанецца на кантролі.

Яшчэ адна кватэра ў тых жа Альхоўцах сустракае камісію пабітым акном. Скандалы тут не рэдкасць, тлумачыць участковы інспектар міліцыі Віталій Малевіч.

Гаспадыня супрацоўнікаў міліцыі сустракае агрэсіўна. На пытанне ўчастковага, што з акном, задзірліва адказвае: разбіла сама, бо «горача было». Але абяцае ў бліжэйшы час замяніць на новае.
У гэты раз заўваг, акрамя акна, у камісіі не было, аднак сям’я таксама застанецца на кантролі ўчастковага.

Яшчэ адзін дом з нядобрай рэпутацыяй наведваем у Малым Гарадзішчы. Ён наскрозь прапах цыгарэтным дымам, ад якога шпалеры і столь пацямнелі. Тут часта збіраюцца кампаніі, каб выпіць і паскандаліць, расказвае ўчастковы. Аднак сёння застаём гаспадыню цвярозай, яна апранута ахайна, тлумачыць, што збіраецца на час з’ехаць у Баранавічы.

У вёсцы Волька з міліцыянерамі разгортваем міні-пошукавую аперацыю. Тут жыве сям’я, пра якую ў міліцыі добра ведаюць: брат з сястрой нідзе не працуюць, жывуць на пенсію жанчыны па інваліднасці, злоўжываюць алкаголем і на гэтай глебе пастаянна скандаляць.

Па словах Віталія Малевіча, да іх ён прыязджае па некалькі разоў на тыдзень: па выкліку і для прафілактыкі. На гэты раз – для праверкі па заяве пра нанясенне пабояў, што напісала жанчына на свайго брата.
Дома мы нікога не заспелі. На званок участковага жанчына адказала, але пасля перастала браць тэлефон. Аб’ездзіўшы некалькі месцаў, дзе звычайна збіраюцца кампаніі, знаходзім жанчыну ў суседнім доме, дзе яна «адпачывае».

Праз некаторы час дома з’яўляецца і брат. Характарыстыка на яго ад міліцыянераў «маляўнічая»: неаднаразова судзімы, злоўжывае алкаголем, буяніць і лаецца. І ў гэты раз ён у нецвярозым стане. Забіраем яго ў аддзел міліцыі ў райцэнтры.

Чужая сям’я – поцемкі. Узаемаадносіны яе членаў могуць быць рознымі, у кожнага здараюцца сваркі і непаразуменні. І ўмешвацца ў гэта ніхто не мае права. Але калі паўнавартасным членам сям’і становіцца скандал або рукапрыкладства – у гэтым выпадку палітыка неўмяшання з боку органаў недапушчальная.

Ірына КУЗЬМІЧ.