Снюс – новая пагроза

У Беларусі распрацоўваецца дакумент, які рэгулюе абарот нікаціназмяшчальных вырабаў. Гэта навіна выглядае аптымістычна на фоне скандалаў з так званымі снюсамі. У Полацку здарыўся інцыдэнт са школьнікам. Наступныя праверкі выявілі масу падазронага тавару ў спецыялізаваных магазінах усёй рэспублікі.

Але аказалася, праблема хаваецца намнога глыбей. У Беларусі заканадаўча абмежаваны продаж снюсаў. Аднак, у рэальнасці існуе вялікая колькасць аналагаў, у якіх няма тытуню. А значыць, яны легальныя, і набыць іх не складае ніякіх праблем. Гэтым і карыстаюцца падлеткі.

Тым не менш гэтыя бестытунёвыя вырабы ўтрымліваюць такую колькасць нікаціну, што атруціцца можа нават дарослы. Снюс для Беларусі – паняцце новае. Галоўны дзеючы кампанент – нікацін. Ён змяшчаецца як у тытунёвых снюсах, так і ў іх аналагах – бестытунёвых жавальных вырабах.

На самай справе не так важна, нікацін атрыманы з тытуню або выраблены сінтэтычна: дзеці труцяцца любым. Калі дарослыя самі нясуць адказнасць за свае дзеянні, то падлеткі нават не могуць разлічыць дозу дзеючага рэчыва. Па Расіі, дзе тытунёвыя снюсы забаронены так жа, як і ў нас, пракацілася хваля атручванняў сярод школьнікаў.

Па медыцынскіх канонах, таксічная доза для чалавека разлічваецца ў суадносінах міліграм нікаціну на кілаграм вагі. Для падлеткаў у гэтым выпадку нават далёка не самы моцны снюс з утрыманнем 50 міліграмаў дзеючага рэчыва можа быць небяспечным. Менавіта таму важныя заканадаўчыя меры, якія распрацоўваюць спецыялісты Міністэрства антыманапольнага рэгулявання.

Начальнік упраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Міхаіл Жыгала адзначыў: «Міністэрства антыманапольнага рэгулявання падрыхтавала праект пастановы аб рэгуляванні продажу бестытунёвых нікаціназмяшчальных некурыльных вырабаў. У бліжэйшы час плануецца вынесці яго на грамадскае абмеркаванне. У выпадку, калі праект атрымае станоўчыя водгукі ўсіх зацікаўленых бакоў, будзе арганізавана пагаджальная нарада, уключаючы бізнес-кругі, і затым праект адправяць на разгляд у Савет Міністраў».

Сярод прапаноўваемых мер – забарона продажу непаўналетнім (да 18 гадоў) нікаціназмяшчальных вырабаў, гандлю праз інтэрнэт і адкрытыя прылаўкі. Канешне, гэтыя меры дадуць магчымасць праваахоўным органам па ўсёй строгасці караць парушальнікаў. Але наколькі гэта вырашыць праблемы з нелегальным рынкам? Прыйшоў час бацькам пагаварыць са сваімі дзецьмі і раней незнаёмы тэрмін «снюс» унесці ў спіс забароненых у кожнай сям’і.

Што такое снюс?

Наркотык складаецца са здробненага тытунёвага лісця з прымесямі.
Знешне снюс выглядае як кашападобная раслінная сумесь белага або карычневага адцення.

Для зручнасці прыёму вытворцы фасуюць тытунёвую сумесь у невялікія паўпразрыстыя пакецікі. Найбольш папулярныя порцыі – паўграма, грам і паўтара – два грамы.

Недазіраваную тытунёвую сумесь фасуюць у шчыльныя скрыначкі з васкаванага кардону.

Многія вытворцы дадаюць у тытунёвую сумесь араматызатары і ўзмацняльнікі смаку. Найбольш папулярныя – ментол, эўкаліпт, дыня, мята, маліна, бергамот.

Асноўны састаў снюса – сартавы здробнены тытунь, таму чыстае ўтрыманне нікаціну ў порцыі наркотыку ў пяць разоў вышэй, чым у звычайнай цыгарэце. Сярод курцоў шырока распаўсюджаны міф, што замена цыгарэт на жавальны снюс дапамагае справіцца з нікацінавай залежнасцю. Гэта не так. Залежнасць толькі ўзмацняецца з-за больш высокага ўтрымання нікаціну ў снюсе і больш працяглага часу ўжывання. Так, снюс трымаюць у ротавай поласці ад 30 мінут да гадзіны, і ўвесь гэты час арганізм убірае ў сябе нікацін. А цыгарэту кураць за некалькі хвілін, і пры гэтым частка нікаціну ў выглядзе дыму раствараецца ў паветры.

Механізм дзеяння.

Па сваім дзеянні снюс – наркотык-псіхастымулятар. Пры рассмоктванні або жаванні нікацін з тытунёвай сумесі ўбіраецца праз слізістыя ротавай поласці ў кроў і трапляе разам са сліной у страўнік, а праз яго сценкі – у крываток. Кроў хутка разносіць наркотык па ўсім арганізме, і нікацін трапляе ў галаўны мозг. Там ён блакіруе m-халінавыя рэцэптары мозга, што прыводзіць да выкіду адрэналіну і глюкозы ў кроў. Менавіта яны фарміруюць наркатычнае дзеянне снюса.

Псіхатропнае дзеянне снюса на галаўны мозг хутка выклікае развіццё фізічнай і псіхічнай нікацінавай залеж-насці. Адрэналін – «гармон бадзёрасці», выпрацоўваецца для хуткай мабілізацыі арганізма ў стрэсавых умовах. І пры вельмі частым выкідзе гэтага нейрамедыятару арганізм хутка страчвае ўнутраныя энергетычныя запасы, што выклікае пачуццё стомленасці, фізічнае і нервовае знясіленне.

Патрэбнасць у пачуцці бадзёрасці ўзрастае, і чалавек зноў прымае наркотык. Без нікаціну чалавеку ўсё складаней адчуць задавальненне.

Змяненні ў рабоце арганізма выклікаюць спецыфічны сіндром адмены – ломку ад снюса:

● рэзкія перапады настрою;
● трывожнасць і раздражняльнасць;
● стомленасць і складанасць з канцэнтрацыяй увагі;
● бяссоніца або празмерная санлівасць;
● рэзкі ўздым апетыту, хуткі набор вагі;
● галаўныя болі, частае галавакружэнне;
● частыя скачкі ціску;
● частыя збоі сардэчнага рытму;
● нервовае дрыжанне канечнасцяў.

Праяўленне ломкі суправа- джае балючае жаданне прыняць наркотык «снюс», каб палепшыць фізічнае і псіхалагічнае самаадчуванне. Інтэнсіўнасць і працягласць сімптомаў ломкі залежыць ад стажу ўжывання снюса. Так, на пачатковай стадыі нікацінавай залежнасці пік ломкі прыпадае на 3-5 дзень адмовы, і сама ломка праходзіць за 1-1,5 тыдня. А пры працяглай залежнасці сіндром адмены можа прадаўжацца да 1-2 месяцаў.

Як зразумець, што чалавек прымае снюс?

На жаль, жавальны тытунь «снюс» (асабліва водарны) практычна не пакідае спецыфічнага паху з рота ці адзення, таму адзіная прамая прыкмета ўжывання снюса – наяўнасць скрыначкі з тытунем або парцыённымі пакецікамі.

Але выявіць залежнасць ад снюса можна і па ўскосных прыкметах:

– паводзіны (частыя рухі мышцаў твару, характэрныя для жавання або рассмоктвання, лёгкае нервовае ўзбуджэнне, перапады настрою, нетыповыя раздражняльнасць і трывожнасць, рассеянасць і зніжэнне працоўных/вучэбных паказчыкаў);

– фізічныя змяненні (рэзкая страта вагі, зямлісты і шараваты колер твару, цёмныя кругі пад вачыма, частыя скаргі на галаўны і сардэчны боль, праблемы з зубамі).

Дзмітрый Котаў,старшы оперупаўнаважаны ГНіСГЛ РАУС.