Перавагі прапіскі па Лясной. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: ВАДЗЯЦІНА

У які жылы дом ні зойдзеш у вёсцы – у кожным шчыра рады гасцям. Як прыкмета гасціннасці – дзверы насцеж, не на замку. Такая адметнасць водзіцца і ў Вадзяціне – вёсцы Альхоўскага сельсавета, што прымасцілася каля лесу з адзінай вуліцай Лясной. Па даных сельвыканкама, тут пражываюць дзесяць чалавек, з якіх сем – пенсіянеры. Населены пункт выцягнуты ў даўжыню не менш чым на кіламетр, але, на жаль, не ўсе дамы тут па вечарах свецяцца вокнамі. Вадзяціна ажывае тады, калі ў свае радавыя «маёнткі» вяртаюцца дачнікі – з вясны да восені.

Чаму такая назва ў кропкі? Мясцовыя жыхары расказваюць, што некалі навокал было шмат вады і ціны. Людзі на хутарах жылі – на адлегласці адзін ад аднаго. Гэта пазней пачалі будавацца паабапал вуліцы, на зямлі, дзе не было балота.

Сезон з вясны да восені

Яўгеній Гладкі.

Яўгеній Гладкі – адзін з «сезонных» вяскоўцаў: як толькі сыходзіць снег, з Баранавіч накіроўваецца ў Вадзяціна. З жонкай Янінай садзяць агарод, ставяць цяпліцу, трымаюць свойскую птушку. Каля дома шмат кветак і розных дэкаратыўных інсталяцый – любіць Яўгеній Міхайлавіч паэксперыментаваць і ўпрыгожыць двор. Калі прыязджаюць дзеці з унукамі, у дачным меню абавязковым пунк-там значыцца шашлык. Адзначае, што без Вадзяціна жыццё не было б поўным. Тут здорава, быццам у санаторыі: цішыня такая, што чутна, як шамаціць лісце, а паветра напоена водарам палявых траў.

Яўгеній Гладкі – дзядуля траіх унукаў, мае статус пенсіянера, а да гэтага больш за чатыры дзесяцігоддзі адпрацаваў на чыгунцы: пачынаў слесарам, пасля займаў пасаду майстра вагоннага дэпо. Узгадвае, што некалі ў Вадзяціне была пачатковая школа, а далей да восьмага класа вучыліся ў Пад’язаўлі, наступныя два гады – у Альхоўцах. Старшакласнікам ведамі авалодваў у СШ № 1, і бацькі яму здымалі кватэру ў райцэнтры. Такі давер накладваў дадатковую адказнасць на юнака, таму стараўся вучыцца без заўваг.

Раіса Ламаносава.

У 50-я гады ў вёсцы правялі электрычнасць. Якая ж радасць была, калі тата купіў тэлевізар! Многія вяскоўцы прыходзілі на тэлесеансы.
Ля дома Раісы Ламаносавай шмат кветак – гаспадыня адзначае, што яны падымаюць настрой, і яна з задавальненнем возіцца з імі. Каля печкі ў некалькі радоў выстраіліся слоікі з агуркамі. Дзеліцца, што нарыхтоўвае агародніну па розных рэцэптах, іх шмат зараз у інтэрнэце. Раіса Іванаўна не круглы год вясковая жыхарка – з вясны да восені, і для яе гэта самы шчаслівы час. Тым больш адсутнасць камфорту для яе не перашкода. Яна з тых жанчын, у якіх спраўна атрымліваецца любая работа: трэба – і касу ў рукі возьме, і траву скосіць так, што ні адзін трымер не параўнаецца. Вадзіцельскі стаж мае чвэрць стагоддзя, а да пенсіі працавала прадаўцом. Пра малую радзіму, дзе прабегла дзяцінства, расказвае з натхненнем. Сюды з радасцю зараз прыязджае ўся сям’я Раісы Ламаносавай.

Яніна Скарадзіла.

Яніну Скарадзіла карэспандэнт раёнкі сустрэла ля райпоўскай аўталаўкі. Магазін на колах у населены пункт прыязджае пастаянна. І што зручна, падкрэслівае Яніна Міхайлаўна, спыняецца не ў адным месцы. Для вяскоўцаў – падмога добрая. Яніна Скарадзіла зімуе ў Баранавічах, а ў Вадзяціна вяртаецца па вясне. Прафесійная біяграфія яе звязана з будоўляй – працавала маляром. Але і на пенсіі не сядзіць склаўшы рукі: садзіць агарод, займаецца іншай вясковай справай.

Мы вадзяцінскія

Марыя Карповіч

Май для Марыі Карповіч – месяц асаблівы: 9-га святкуе Дзень Перамогі і сваё нараджэнне. Але шчаслівых супадзенняў у жыцці было нямнога, давялося паспытаць рознага. У 16 гадоў адправілася на заработкі ва Украіну. Працавала нароўні з дарослымі: буракі палола, мяхі пшаніцы пераносіла сушыцца на гарышча. Вярнулася з чужыны не з пустымі рукамі: з хлебам і з цукрам.

У яе біяграфіі і праца ў саўгасе «Ганчароўскі», дзе даглядала свіней. У 18 гадоў была выбрана дэпутатам мясцовага Савета. Пасля змяніла вясковую прапіску на гарадскую, каля трох дзесяцігоддзяў у дзіцячым садзе шчыравала памочнікам выхавальніка. Пра вясковае ж жыццё, хоць і не было яно лёгкім, узгадвае з пяшчотай. Як хадзілі ў лес па грыбы-ягады, як пасля цяжкай працы збіралася па вечарах моладзь і спявала вясёлыя песні. З дзяцінства ў памяці водар хлеба, які пякла маці. Адрэжа вялікую лусту, налье малака дзецям – такі абед здаваўся самым смачным. Зараз Марыя Мацвееўна чакае ў госці сына з дачкой з сем’ямі, і на душы з іх прыездам спакойна і добра.

Ірына Гладкая.

85-гадовую Ірыну Гладкую карэспандэнт газеты сустрэла, калі вярталася з сумкай, поўнай прадуктаў. Ірына Рыгораўна адна з тых, у каго ўсё жыццё прайшло ў Вадзяціне. Адзначае, што ўсяго хапіла. Гадавалі з мужам чатырох сыноў, працавалі не менш за іншых. Цялятнік калгасны мясціўся каля лесу. Жанчыны і гной выкідвалі, сянаж вазілі – усё ўмелі рабіць.

Зараз дзеці і ўнукі стараюцца дагадзіць бабулі, прыязджаюць, дапамагаюць. Быць не аднаму – што яшчэ трэба старому чалавеку? Ірына Рыгораўна, дарэчы, яшчэ і сама бульбу можа пасадзіць, і печ распаліць. Хвалюецца, што туман прайшоў, і зелле пайшло па бульбе. Звычайныя штодзённыя клопаты вясковай жанчыны. Галоўнае, адзначае, каб мір быў і здароўе не падводзіла, астатняе ўсё другаснае.

Надзея Дрозд з сынам Канстанцінам.

Надзея Дрозд – старажыл Вадзяціна. Сёлета 4 кастрычніка ў Надзеі Міхайлаўны векавы юбілей. Пра тое, як гадавала васьмярых дзяцей, як працавала ад цямна да цямна, расказвае паслядоўна і цікава – памяць не падводзіць. У польскі час рабіла ў пана найміч-кай, пасля – паляводам у калгасе, ніколі не шукала лёгкага хлеба. З мужам трымалі вялікую гаспадарку: на хутары пры лесе да 30 авечак пасвілася. Усе прадукты свае мелі: смятану, тварог, масла, мяса, садавіну-агародніну.

Можа таму і доўгае жыццё пражыла, што ежа была простая, малако казінае піла, чыстым паветрам дыхала. Вось і ўсе сакрэты даўгалецця.
Выцірае слязу Надзея Дрозд, калі расказвае пра сына, які загінуў падчас службы ў арміі на кітайскай мяжы, пахавала дачку… Успамінае, як спала па паўгадзіны – трэба было ўхадзіцца дома і ў калгасе працадні зарабіць. Дзяцей зачыніць і пабегла. Душа балела, але час такі быў… Выраслі сыны і дочкі людзьмі дастойнымі і працавітымі. На стагоддзе бабулі ці ўмесціць хата ўсіх унукаў-праўнукаў!

Надзею Міхайлаўну зараз даглядае сын Канстанцін. Па чысціні і ўтульнасці надворка відаць, што гаспадар ён добры – усё зроб-лена з густам, да толку. Да пенсіі адпрацаваў 40 гадоў на «Барана-вічыдрэве», мае вадзіцельскі стаж з 1968 года, а цяпер для маці сын – самы лепшы памочнік. Не кожная дачка так ведае звычкі роднага чалавека, як ён. А яшчэ вельмі нераўнадушны да гісторыі малой радзімы. Расказвае гісторыю, якую ў вёсцы ведалі ад малога да вялікага. І помнілі, і помняць зараз – такое не забываецца. У чэрвені 1944 года каля Вадзяціна быў збіты савецкі самалёт, лётчыкі загінулі. Фашысты прачэсвалі кожны дом, шукаючы іх. Пахавалі герояў на вясковых могілках. Тады было вядома імя толькі аднаго з членаў экіпажа – Мікалая Цацына, яго імя і было выбіта на помніку загінуламу экіпажу самалёта-штурмавіка 4-га гвардзейскага авіяпалка. Было герою 22 гады…

Праз паўстагоддзя была адноўлена памяць пра іншых мужных лётчыкаў: Антона Белазёрава, Маісея Магутава, Цімафея Бычкова і Паўла Захарава. У 2002 годзе, напярэдадні Дня Вялікай Перамогі, адбылося адкрыццё новага помніка. На ім выбіта: «Загінулі ў баях за Савецкую Радзіму 25. VI.1944 года гвардыі лейтэнанты…».

Вяскоўцы не забываюць яшчэ адну жудасную гісторыю, падзеі якой разгортваліся майскай раніцай 1943 года. Фашысты тады рас-стралялі ўсю сям’ю Тарлюкоў – Івана, Мар’яну, іх сына Міхаіла і дачку Ганну – за сувязь з партызанамі. Так і стаяць на могілках два помнікі побач: сям’і, загінулай ад рук фашыстаў, і героям-лётчыкам.

Паклон родным  мясцінам

Вадзяціна – малая радзіма беларускага пісьменніка Уладзіміра Дамашэвіча. Ён аўтар зборнікаў апавяданняў «Заклінаю ад кулі», «Між двух агнёў», «Абуджэнне» і іншых. Любімай старонцы прысвяціў шмат шчырых радкоў, сярод якіх успаміны «Родным мясцінам паклон».

Расказ пра Вадзяціна быў бы няпоўным, калі не ўзгадаць пра мясцовыя славутасці. Сярод іх дзоты, у тым ліку часоў Першай сусветнай вайны. У адным з двароў маецца гаспадарчая пабудова, што, па сцвярджэнні вяскоўцаў, засталася з напалеонаўскіх часоў. Лясная вёска – цікавая прыгажуня. І не толькі навакольнымі краявідамі, але і людзьмі – гасціннымі, шчырымі, працавітымі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.