Жывая прастора купалаўкі. У Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі сёлета юбілей

У Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі сёлета юбілей. Вось ужо 75 гадоў землякі-кнігалюбы пераступаюць парог чытальні.

Афіцыйным днём нараджэння нашай бібліятэчнай сістэмы лічыцца 3 студзеня 1945 года. Да 1945 года ў Ляхавічах існавала прыватная бібліятэка кнігалюба Барыса Грынберга.

У 1947 годзе рашэннем райвыканкама бібліятэцы было прысвоена імя народнага паэта Янкі Купалы.

У 1977 годзе бібліятэчная сетка раёна была цэнтралізавана. Магчымасці і функцыі нашай купалаўкі змяніліся. Цэнтральная раённая бібліятэка стала кіруючым, арганізацыйна-метадычным цэнтрам для бібліятэк раёна.

Сёння бібліятэка – гэта:
● больш за 200 тысяч экзэмпляраў друкаваных выданняў, доступ да сэрвісу электронных кніг «ЛитРес»;
● 5 кропак буккросінга ў горадзе;
● больш за 30 відаў паслуг;
● прадстаўніцтва ў віртуальнай прасторы – інтэрнэт, сацыяльныя сеткі;
● платформа для творчасці.

З кожным годам павялічваліся кніжныя фонды: з 30 экзэмпляраў падчас адкрыцця дараслі да больш як 80 тысяч сёлета, плюс каля 200 назваў газет і часопісаў. І карыстаюцца гэтым бясцэнным багаццем амаль 3900 чытачоў – гараджан і вяскоўцаў. За сваю 75-гадовую гісторыю не адно пакаленне бібліятэкараў працавала з любоўю, было правадніком у свет ведаў, прыдумвала новыя формы работы з чытачом. Пры бібліятэцы арганізаваны і дзейнічае жаночы клуб «Лада», які аб’ядноўвае творчых зямлячак. Устаноўлена цеснае ўзаемадзеянне з грамадскімі арганізацыямі, валанцёрамі. Працуе клуб па інтарэсах «Пошук», членамі якога з’яўляюцца студэнты аграрнага каледжа.

Сёння бібліятэка – гэта не толькі кніжныя фонды, гэта жывая прастора. Тут можна стаць удзельнікам любой падзеі, пагутарыць з сябрамі, паўдзельнічаць у крэатыўных мерапрыемствах і выбраць для сябе цікавую кнігу. Тут працуе і публічны цэнтр прававой інфармацыі, дзе сабраны юрыдычная літаратура і заканадаўчыя акты па ўсіх напрамках дзейнасці сучаснай дзяржавы, арганізаваны папкі-дасье. З набыццём паўнатэкставай базы даных «Эталон» стала магчымым выконваць запыты карыстальнікаў у пошуку нарматыўна-прававых актаў.

Непазнавальна змяніліся бібліятэкі, размешчаныя ў аграгарадках: адрамантаваны будынкі, набыта новая мэбля, паўсюдная камп’ютарызацыя.

З 2017 года бібліятэчная сістэма набыла статус юрыдычнай асобы і цяпер называецца дзяржаўная ўстанова культуры «Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная біблія-тэчная сістэма». У яе склад уваходзяць 19 бібліятэк: цэнтральная, дзіцячая, 16 сельскіх бібліятэк і бібліёбус. Штогод бібліятэчнымі паслугамі ў раёне карыстаецца больш за 10 тысяч карыстальнікаў, якім выдаецца больш за 150 тысяч бібліятэчных дакументаў.

У бібліятэках цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы актыўна ўкараняюцца ў практыку работы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі: апрацоўка літаратуры вядзецца ў аўтаматызаваным рэжыме, у аддзеле абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі ў аўтаматызаваным рэжыме абслугоўваюцца чытачы, на бібліятэчным сайце змешчаны электронны каталог бібліятэк сістэмы.

Нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце асноўнай крыніцай інфармацыі прынята лічыць інтэрнэт, роля бібліятэк у нашым грамадстве не змянілася, толькі істотна пашырыліся функцыянальныя магчымасці. Бібліятэка праводзіць вялікую працу па прапагандзе кнігі, арганізуе цікавыя мерапрыемствы і конкурсы, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх важнейшых падзеях, якія адбываюцца ў рэспубліцы. Штогод бібліятэкары паспяхова прымаюць удзел у рэспубліканскіх прафесійных конкурсах «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» і «Библиоте- ка – центр духовно-нравственного просвещения и воспитания». Візітнай карткай бібліятэчнай сістэмы сталі літаратурны фестываль «Флер’яноўскія чытанні» і штогадовая акцыя «Кнігаварот на вуліцы Гагарына».

Гісторыя бібліятэкі працягваецца. Спадзяёмся, што новы час упіша новыя цікавыя радкі ў нашу агульную біяграфію.

Зараз на сайце ЦБС у рубрыцы «Краязнаўства» змешчаны базы даных «Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна», «Ляхавіцкая фартэцыя», «Літаратурная Ляхавіччына», «Мастакі, чый лёс з’яднаны з нашым краем», «Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна». У чытальнай зале бібліятэкі аформлены краязнаўчыя куткі «Тут край мой, выток мой, дарога мая…», «Ляхавіччына літаратурная». Афармляюцца выстаўкі да ўсіх знамянальных і памятных дат. Для змяшчэння на бібліятэчны сайт ужо падрыхтаваны базы даных «Вуліцы роднага горада» і «Вёскі». У планах – збор і алічбоўка матэрыялу для базы даных «Культура Ляхавіцкага раёна».

Рыма Прытульчык, бібліёграф сектара бібліятэчна-інфармацыйных
і электронных рэсурсаў.