Тэрыторыя для творчых.У мінулую пятніцу на ўрачыстае адкрыццё запрасіў новы корпус Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў

Мінулая пятніца завяршыла працоўны тыдзень прыемным творчым сюрпрызам. Пасля 17.00 на плошчы Леніна загучала музыка – у імгненне імправізаваная пляцоўка напоўнілася рытмічнымі рухамі нашых юных землякоў. З якой нагоды?

Усё проста: дзіцячая школа мастацтваў пашырае межы. Цяпер хлопчыкі і дзяўчынкі будуць вучыцца творчасці ў тым ліку і па адрасе: плошча Леніна, 1. Тут у дзевяці ўтульных класах размясціліся кабінеты тэарэтычнай падрыхтоўкі, для харэаграфічных і мастацкіх заняткаў.

Асабліва зручна тым, хто вырашыў займацца танцамі. Цяпер тут размяшчаюцца тры класы, раздзявальня, касцюмерная. Ды і на плошчы ў летні час можна парэпеціраваць. Даспадобы і настаўнікам, і навучэнцам, і бацькам такое цэнтральнае размяшчэнне школы мастацтваў.

Новы корпус адкрывалі, як і належыць, па-святочнаму. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, сёння адчувальна дзяржаўная падтрымка дзецям і іх творчаму развіццю, і тэрытарыяльнае пашырэнне межаў нашай школы мастацтваў таму пацвярджэнне. Сённяшнія навучэнцы школы мастацтваў ярка дэманструюць, як можна развіваць сябе пасля вучэбных заняткаў у школе. Будзем спадзявацца, што з такім прыбаўленнем «пацяжэе» і скарбонка з перамогамі ў розных конкурсах.

– Сёння школа мастацтваў можа прапанаваць шмат варыянтаў творчага развіцця дзіцяці. У нас навучаюцца больш за 400 хлопчыкаў і дзяўчынак на розных аддзяленнях. Упэўнена, што новыя памяшканні, якія атрымалі нашы навучэнцы, толькі пашыраць іх магчымасці, – адзначае дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Марыя Лутавінава.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.