Нас аб’ядноўвае кніга. У мінулую нядзелю гасцінныя Бялынічы сталі сталіцай Дня беларускага пісьменства-2020

Што аб’ядноўвае людзей? Адказаў можа быць безліч. Але ніхто не стане спрачацца, што бязмерная любоў да сваёй малой радзімы, да роднага куточка, павага да таленавітых людзей, што расквецілі сваімі дасягненнямі кожнае стагоддзе беларускай гісторыі, – тое, што ў сэрцы ўсіх беларусаў.

Мінулая нядзеля прайшла ў нашай краіне пад знакам Дня беларускага пісьменства. Яго сталіца 6 верасня перанеслася на Магі-лёўшчыну. У Бялынічы з’ехаліся нераў-надушныя беларусы, для якіх творчасць –
і праца, і любімы занятак, і проста жыццё. Гэты маленькі гарадок расцягнуўся на некалькі кіламетраў творчых пляцовак, выстаў, дзе гасцей і ўдзельнікаў свята здзіўлялі, радавалі, весялілі.

Жыхары ўтульнай сталіцы Дня пісьменства-2020 берагуць і прымнажаюць творчую спадчыну сваіх землякоў. У пацвярджэнне – адкрыццё новай скульптурнай кампазіцыі і раённага мастацкага музея імя В. Бялыніцкага-Бірулі.

«Дзень пісьменства – адна з важных традыцый Беларусі. Вы бачыце, як змяніліся Бялынічы за час падрыхтоўкі да фестывалю. Гэтаму папярэднічала вялікая арганізацыйная работа з боку Магілёўскага аблвыканкама. Кіраўнік дзяржавы надае вялікую ўвагу і аказвае вялікую падтрымку, каб гарады, якія прымаюць свята, пераўтвараліся, – падкрэсліў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. – Сёння адкрылі важны культурны аб’ект – музей Бялыніцкага-Бірулі. І гэты музей будзе працаваць не толькі для жыхароў раёна, але і для ўсёй нашай краіны. Яго змогуць наведваць з экскурсіямі дзеці з розных абласцей, тут будуць праходзіць разнастайныя тэматычныя ўрокі і заняткі. Таму што мы павінны ведаць гісторыю нашай краіны, шанаваць яе і не забываць».

Сваё прывітанне ўдзельнікам і гасцям свята накіраваў Прэзідэнт Беларусі.

Асаблівым днём застанецца ў памяці Дзень пісьменства ў Бялынічах для пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, якія пад гучную падтрымку глядацкай залы падымаліся на галоўную сцэну і прымалі ўзнагароды з віншаваннямі.

Канцэртная праграма, у якой кожны нумар напоўнены любоўю да нашай Беларусі, мірнай і незалежнай, прыгожай і непаўторнай, не пакінула нікога раўнадушным. На сцэну выходзілі заслужаныя калектывы і эстрадныя «зоркі» Аляксей Хлястоў, Анатолій Ярмоленка, Алена Ланская, Руслан Аляхно, «Песняры», «Чысты голас» і іншыя.
Паўсюль гучыць наша самая прыгожая з ўсіх моў на планеце. У цэнтры – кругаварот, які падарылі беларускія выдавецтвы. Не толькі паглядзець, пагартаць, але можна было і набыць выданне, якое прыйшлося па душы. У гэтым кніжным свеце лунаць, здаецца, можна было бясконца – з кнігі ў кнігу працягвалася падарожжа па беларускай літаратуры.

Рамеснікі прэзентавалі розныя рэгіёны вобласці саломапляценнем, і ткацтвам, і вышыўкай, і ганчарнай справай.

Дарэчы, пешаходная вуліца ператварылася ў шэраг цікавых прадстаўленняў, што аб’ядналіся ў тэматычным блоку «Лёс зямлі маёй праз слова». Тут рэгіёны Магілёўшчыны маляўніча расказалі гісторыю бялыніцкай зямлі, сваіх таленавітых суайчыннікаў, якія карпатлівай працай уносяць уклад у развіццё беларускай культуры, асветы, мастацтва. Спявалі, танцавалі, дэкламавалі вершы, прэзентавалі прадукцыю, запрашалі на дэгустацыю – людзі тут гасцінныя і ветлівыя.

А ў наступным годзе сталіцай пісьменства стане Капыль. Да сустрэчы ў гэты ж час, але ўжо на Міншчыне.

Дзень беларускага пісьменства – свята, якое 27-ы раз сабрала самых творчых і нераўнадушных беларусаў на гэты раз на Магілёўшчыне. У розныя гады фестываль праводзіўся ў Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Каменцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім, Быхаве, Шчучыне. Наступны адрас – Капыль.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.