Кукурузны агляд. У раёне працягваецца корманарыхтоўка: у авангард дня пастаўлены сілас

Гэтым часам добрую частку вытворчых сіл работнікі сельскагаспадарчай нівы «занарадзілі» на сілас. Час кукурузы, якая ў гэтым годзе вырасла «няроўна». Даводзілася, напрыклад, бачыць марныя на ўраджай кукурузныя перыметры. У гутарках на тэму спецыялісты звяртаюць увагу на вясенне-пасяўную прахалоду, што не для кукурузы, якая любіць, каб пацяплей. І, канешне ж, патрэбна вільгаць, асабліва ў перыяды найбольшай вегетацыйнай ак-тыўнасці.

Пачалася ўборка, асобныя гаспа-даркі камбайнуюць ужо далёка не першы дзень, і «за ўраджайнасць» можна гаварыць прадметна, узброіў-шыся лічбамі. Гектар сыпле па-рознаму: у адпаведнасці з данымі аператыўнай статыстыкі райсельгасхарчу, на верхнім радку ў раённым рэйтынгу ўраджайнасці знаходзіцца СВК «Ляхавіцкі». З адзінкі кукурузнай плошчы сельгаскааператыў збірае больш за тры сотні цэнтнераў зялёнай масы. Жарабковіцкі кукурузны гектар у вазе на даны момант адстае прыкладна на паўсотні цэнтнераў і на сотню пераўзыходзіць сярэднераённы. Пры гэтым памятаем, што асноўны вал работ на кукурузных палетках раёна яшчэ наперадзе, а за зялёнай уборкай надыдзе час зерневай.

Кароткі час назад мы пабывалі, паглядзелі за ходам работ, паслухалі подых ранне-асенняга кукурузнага поля. Працаваў «Шлях новы» і, мяркуючы па зробленым, гаспадарка адна з першых выступіла з камбайнам на кукурузнае поле. Прыцягвае ўвагу факт неаднароднасці раслін у межах аднаго няхай сабе і дастаткова маштабнага поля. У падобным сэнсе выказаўся і механізатар кормаўборачнага камбайна Віктар Жмурко (на здымку), адзначыўшы, што ёсць участкі «так сабе», а ёсць «вельмі нават». З ліку апошніх частку плошчаў пакінулі для ўборкі на зерне. Але гэта не зараз – пазней.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.