Любі свой родны край

Сярод прыгожых і адметных куточкаў у кожнага з нас ёсць свой, асаблівы, і называецца ён малой радзімай. Менавіта так могуць сказаць пра аграгарадок Русінавічы мае землякі, якіх лёс раскідаў па ўсім свеце. Штогод многія збіраюцца на традыцыйнае свята вёскі. Сёлета на ўрачыстасці, падрыхтаваныя работнікамі мясцовага СДК, сабраліся аграгараджане і жыхары бліжэйшых вёсак.

Па іх жыцці можна прасачыць гісторыю краіны, яны каштоўная энцыклапедыя, могуць адказаць на любыя пытанні, параіць. Усё гэта пра старэйшых аграгараджан Ганну Жарскую, Марыю Макавецкую, Лідзію Юнік. Як жа шчыра апладзіравалі землякі і самым маленькім русінавічанам – Івану Шымкевічу і Макару Гапееву.

На жаль, сёння няма сярод жывых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. А калісьці ў Русінавічах тых, хто абараняў Радзіму ад фашыстаў, было шмат. Сёння шчыра ўшаноўвалі землякі воіна-афганца Віктара Высоцкага і ўдзельніка ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС Барыса Дубешку.

Сакрэт шчаслівага сямейнага шчасця ведаюць Галіна і Уладзімір Красоўскія, Алена і Вячаслаў Казакевічы, Станіслава і Барыс Дубешкі кожная пара святкавала сёлета 40-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Побач 35-гадовыя пары-юбіляркі Ніна і Віктар Макавецкія, Алена і Валерый Макавецкія, 25-гадовая – Наталля і Іван Вітко, 20-гадовыя – Вольга і Іван Патаповічы, Валянціна і Сяргей Сцепанель. Пажаданні пражыць у ладзе, згодзе і каханні гучалі ў адрас маладажонаў Святланы і Івана Буйкевічаў.

На асаблівым рахунку ў Русінавічах сям’я Надзеі і Аляксандра Сельмановічаў, бо яна валодае сапраўдным багаццем – тут падрастаюць чатыры дачушкі.

Увогуле, намінацый было шмат. Кожнага лаўрэата шчыра і дружна віталі, ушаноўвалі, віншавалі. Ад душы пастараліся і самадзейныя артысты, якія падрыхтавалі святочную канцэртную праграму з любімых многімі пакаленнямі песень.

Напэўна, свята не атрымалася б такім вясёлым, цудоўным і незабыўным, каб не спонсарская дапамога СВК «Ляхавіцкі». Ад усіх аграгараджан дзякуй за гэта старшыні гаспадаркі Івану Вітко. І да сустрэчы праз год, землякі.

Людміла СІДОРСКАЯ, стараста аграгарадка Русінавічы.