Верасень пачаўся кабачкамі. Гэта агародніна цяпер асноўная культура, якая ў якасці сыравіны перапрацоўваецца на ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод»

І зноў хіт месяца – кабачок. Менавіта гэта агародніна цяпер асноўная культура, якая ў якасці сыравіны перапрацоўваецца на ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».

Работа кіпіць і на падсобнай гаспадарцы (за сезон тут сёлета плануюць сабраць каля 250 тон кабачкоў), і ў цэху, дзе выпускаюць любімую многімі кабачковую ікру. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вашчук расказаў, што ўсяго будзе нарыхтавана каля 450 тон гэтай агародніны: частка – свая, астатняе закупляюць у іншых раёнах краіны.

– Кабачкі парадавалі. Ураджай выдатны. Выпушчана ўжо 220 тысяч слоікаў розных відаў ікры: «з кабачкоў», «дыетычная», «аматарская», «ляхавіцкі ўраджай». Гэта прадукцыя пакупнікамі надзвычай запатрабавана, разыходзіцца на ўра, на складах не залежваецца, – зазначае Аляксандр Вашчук. Раскупаюць такія кансервы не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі.

У пашане цяпер і яблыкі. І хаця 2020 год не парадаваў знатным ураджаем з заводскага сада (пакуль сарвалі толькі 18 тон), планы на садавіну тут вялікія: нарыхтаваць 500-600 тон.

Пэўная колькасць адразу пасля прыезду на завод пойдзе варыцца, ператворыцца ў павідла, іншая – на склад, каб была сыравіна на зіму.
Следам прыйдзе чарга капусты (яе завод закупляе), морквы, буракоў. Без гэтых дароў восені не зварыць заводскай салянкі, як і іншых плодаагароднінных кансерваў для першых страў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.