У лепшых традыцыях хлебнага жанру. На абласныя «Дажынкі» сёння адправіўся і каравай ад Ляхавіцкага кааппрама

Начальнік вытворчасці філіяла «Кааппрам» Ляхавіцкага райпо Наталля Валчок.

Здаецца, зусім нядаўна літаральна ў кожным нумары «ЛВ» расказваў пра землякоў, што шчыравалі на хлебнай ніве. Сёлетнія гарачыя жніўныя дні сталі ўжо гісторыяй, а плён хлебаробскай працы штодзень увасабляецца ў самым галоўным прадукце на нашым стале – бохане духмянага смачнага хлеба.

Сёння асноўны інгрэдыент у любой прадукцыі цэха хлебапячэння філіяла «Кааппрам» Ляхавіцкага райпо – мука ўраджаю 2020 года: пшанічная вышэйшага і першага гатункаў, аржаная сеяная і шатраваная. За суткі яе ў сярэднім разыходзіцца паўтары-дзве тоны.
– На бліжэйшы час сыравінай забяспечаны. Нядаўна завезлі 60 тон са Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў. Мука цудоўная: свежая, бялюткая, чыстая. Працаваць з такой адно задавальненне, – расказвае начальнік вытворчасці кааппрама Наталля Валчок.

А, трэба сказаць, у якасці мукі Наталля Іванаўна разбіраецца дасканала: за 35 гадоў на хлебазаводзе стала не проста майстрам сваёй справы – высакакласным профі. Дарэчы, сёлета яе партрэт упрыгожвае Галерэю славы Ляхавіцкага раёна.

Шлях да прафесійных вышынь не быў простым і хуткім. Пачынала пекарам, за пяцігодку паспела асвоіць усе сакрэты прафесіі. Была майстрам змены, лабарантам, тэхнолагам, начальнікам лабараторыі, галоўным тэхнолагам. На дапамогу вопыту прыйшла вышэйшая адукацыя, атрыманая падчас працы. Вось ужо 12 гадоў Наталля Валчок адказвае за ўсю вытворчасць кааппрама.

У прайс-лісце ляхавіцкіх пекараў і кандытараў зараз каля 250 найменняў прадукцыі. Для таго, каб задаволіць густы самых розных пакупнікоў, пастаянна распрацоўваюцца навінкі.

– З новага ўраджаю – новы асартымент, – дзеліцца начальнік вытворчасці. – Напрыклад, калі раней у нас налічвалася сем найменняў пірожных, то цяпер ужо 27. Усё можна будзе пакаштаваць, у тым ліку, у новай кафейні райпо.

Наогул жа, за суткі цэх хлебапячэння выдае больш за дзве тоны гатовай прадукцыі. Кожную ноч тут выпякаюць каля паўтара дзясятка відаў хлеба і белабулачных вырабаў, а ў дзённую змену «чаруюць» кандытары – у залежнасці ад заказаў адпраўляюць спажыўцам ад 12 да 25 відаў розных ласункаў (кексы, пірожныя, бісквіты, пячэнне і г. д.). Такі тавар карыстаецца попытам не толькі ў магазінах райпо па ўсім раёне, але і ў фірменным гандлі, у прыватнікаў, у тым ліку ў суседніх Баранавічах. А яшчэ без райпоўскіх прысмакаў не абыходзяцца кірмашы і святы.

На пытанне, якая кааппрамаўская прадукцыя ў яе самая любімая, Наталля Іванаўна адказвае без асаблівых роздумаў:

– Наш звычайны «кірпічык». Класічны рэцэпт, натуральны прадукт, для яго выпечкі выкарыстоўваецца натуральная закваска. За апошнія дзесяцігоддзі неаднойчы спрабавалі рэцэпт «удас-каналіць» рознымі дабаўкамі, але такія змены не прыжыліся. Можна сказаць, традыцыя перамагла.

І, мяркуючы па статыстыцы продажаў, такая традыцыйнасць пакупнікоў задавальняе. Боханы-«кірпічыкі» безумоўна лідзіруюць у рэйтынгу запатрабаванасці ляхавіцкай хлебнай прадукцыі.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.