Дзіва дзіўнае – «Дажынкі». «Дажынкі-2020», якія сёлета прайшлі ў аграгарадку Дзівін Кобрынскага раёна, запрасілі на ўрачыстасць лепшых хлебаробаў Брэстчыны

Шыкоўная ўсмешка, пераможны выгляд, афіцыйна-дзелавы дрэс-код, упэўненая хада – нібы па чырвонай дарожцы крочаць яны, самыя галоўныя людзі «дажыначнага» свята. Камбайнеры, механізатары, аператары ЗСК, вадзіцелі – усе, хто гэтымі гарачымі днямі шчыраваў на хлебных палетках і паказаў на фінішнай прамой лепшы вынік, з’ехаліся ў аграгарадок Дзівін. Кобрыншчына вітала працаўнікоў вёскі.

Святочны маршрут працягнуўся па ўсіх вуліцах аграгарадка, што ўтульна размясціўся недалёка ад украінскай мяжы. Яшчэ зрання гасцей і ўдзельнікаў свята віталі гасцінна, з песнямі і па традыцыі з караваем.

Беларусы шануюць і паважаюць хлебную справу. Як жа цёпла, душэўна, шчодра віталі дэлегацыі вобласці. А тыя ў адказ не шкадавалі эмоцый: спявалі, танцавалі, віталі і віншавалі са святам. Што ні раён, то якая-небудзь іскрынка: незвычайны каравай, дызайнерскія касцюмы, неверагодныя вырабы… Урачыстае шэсце ператварылася ў яркі карнавал з сялянскім акцэнтам. Ведаюць нашы землякі цану хлебу, караваю, таму і бязмерна ўшаноўваюць тых, у каго ў прыярытэце забеспячэнне харчовай бяспекі краіны. Будзе хлеб – будзе ўсё, гавораць нашы героі жніва.

Старшыня праўлення Белкаапсаюза, упаўнаважаны Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў віншаваў працаўнікоў вёскі з галоўнай сцэны ўрачыстасці. Ён адзначыў, што кожная шостая тона збожжа ў рэспубліцы ў гэтым годзе сабрана ў Брэсцкай вобласці. Валерый Іваноў зачытаў прывітальны адрас ад Прэзідэнта працаўнікам вёскі вобласці. «Вы ўклалі ў хлебную ніву не толькі прафесіяналізм, цярпенне, але і ўсю сваю душу. Таму зямля аддзячыла багатым ураджаем. Уклад у рэспубліканскі каравай збожжавых склаў больш як 1,3 мільёна тон, што з’яўляецца вынікам высокай арганізацыі працэсу, захавання тэхналогій, адказных адносін да справы кожнага вяскоўца Брэстчыны», – гаворыцца ў віншаванні.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс адзначыў, што Брэстчына чарговы раз пацвердзіла статус развітага аграрнага рэгіёна, які сабраў больш за мільён тон збожжа. Зрабіўшы стаўку на захаванне тэхналогій і ўкараненне новых перспектыўных сартоў, атрымалі самую высокую за бягучую пяцігодку ўраджай-насць – 39,6 цэнтнера з гектара. Добры збор зерня з высокай ураджайнасцю забяспечылі хлебаробы Баранавіцкага, Пружанскага, Камянецкага і іншых раёнаў. Пераможцамі абласнога спаборніцтва прызнаны Іванаўскі, Пружанскі і Камянецкі раёны.

Падзякай Прэзідэнта за плённую працу, высокі пра-фесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу ўзнагароджаны старшыня Камянецкага райвыканкама Валянцін Зайчук, дырэктар ААТ «Ружаны-Агра» Андрэй Бурдук і трактарыст-машыніст ААТ «Машэраўскі» Сяргей Мельнічук.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко адзначыў важкі ўклад працаў-нікоў Брэсцкай вобласці ў агульны вынік, падзякаваў за зладжаную працу на ўборцы ўраджаю. «Вы даказалі, што пры розных умовах надвор’я можаце атрымліваць годны вынік. У цэлым па вобласці на круг атрымана амаль 40 цэнтнераў збожжа – гэта выдатны вынік і дарагога варты. У жывёлагадоўлі рэгіён амаль па ўсіх напрамках з’яўляецца флагманам для ўсёй краіны, а ў малочнай жывёлагадоўлі – лакаматывам», – падкрэсліў Іван Крупко.

Ляхавіччына ганарыцца, што і ў гэты няпросты год нашы землякі таксама сабралі нядрэнны ўраджай абласных узнагарод. Дарэчы, сёлет-нія пераможцы ўсе з ад- ной працоўнай прапіскай – ААТ «Жарабковічы». Яны неаднойчы былі героямі публікацый раёнкі.

Брэсцкі абкам прафсаюзаў работнікаў АПК таксама запрашаў на сцэну ляхавічан. Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СВК «Ляхавіцкі» Валянціна Герасімовіч узнагароджаны дыпломам за дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці зерня, забеспячэнне належных сацыяльна-бытавых умоў удзельнікам уборкі ўраджаю, захаванне працоўнага закана-даўства і патрабаванняў аховы працы.

Як жа гарманічна ў сузор’і беларускай песні гучалі і нашы калектывы. «Экспрэс», «Берагіня», «Вечарніца», «ВІНС-акорд» – у адрас гэтых і іншых калектываў гучала шмат авацый і «брава!». Славянская душа не ведае творчых межаў. Песенна-танцавальна было не толькі на галоўнай сцэне свята, такі настрой панаваў літаральна ў кожнай кропцы Дзівіна. Арыгінальныя фотазоны, героі казачных гісторый запрашалі стаць удзельнікамі жнівеньскага сюжэта. Усё хацелася паспрабаваць, ва ўсім цікавым прыняць удзел.

Па галоўным праспекце «Дажынак», у які ператварылася цэнтральная вуліца, разгарнуўся маштабны кірмаш. Прадпрыемствы з Брэстчыны так крэатыўна і маляўніча рэкламавалі і знаёмілі са сваёй прадукцыяй, што прайсці міма было проста немагчыма. Здзіўлялі і ўстановы адукацыі вобласці: выставы работ збіралі вакол сябе нямала прыхільнікаў ручной працы.

Рамеснікі ў «Горадзе майстроў», здаецца, напраца-валі больш чым на ўсе сто працэнтаў. Не проста пагля- дзець ці купіць – паўдзельні-чаць, навучыцца. Ганчарства, ткацтва, саломапляценне – усё не пералічыш.

Свята «Дажынак» як сінонім працавітасці, любві да зямлі, да справы, безумоўна, да беларусаў, якія шчыра любяць сваю малую радзіму. І калі на стале дома з’явіцца бохан любімага духмянага хлеба, памятайце, што ён створаны з душой і сэрцам тых самых сціплых землякоў, якія штодня працуюць і працягваюць працаваць на дабрабыт суайчыннікаў, яны не героі глянца, і не ў топе стужак Instagram, але без іх, хлебаробаў, ніяк. Свята адлічвае апошнія хвіліны, а ў размове нашых пераможцаў чуецца: «У наступным годзе будзе лепш, мы пастараемся».
Дзякуй за вашы залатыя рукі!

На «дажыначную» сцэну сярод пераможцаў падымаліся і нашы землякі з ААТ «Жарабковічы». Сярод старшых камбайнераў першае месца ў Андрэя Дзянішчыка, другое – у Сяргея Бурака, трэцяе – у яго цёзкі, таксама Сяргея Бурака.
Прыемна, што і ляхавіцкая моладзь пераможна адзначылася ў абласным спаборніцтве. Жніўны тандэм у складзе Георгія Жука і Уладзіміра Баўтрукевіча стаў залатым прызёрам у катэгорыі старшых камбайнераў і камбайнераў маладзёжных экіпажаў. Трэцяе месца сярод маладых вадзіцеляў транспартных сродкаў у Сяргея Вейкніса. Апладысменты і віншаванні Андрэю Свінабурку і Мікалаю Занько – нашым сярэбраным пераможцам – за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2020 годзе сярод звёнаў (брыгад) аператараў зернесушыльных установак.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Фотарэпартаж з «Дажынак -2020» глядзіце ТУТ.