Жыццёвая каляя. За амаль тры з паловай дзясяцігоддзі Тухавічы для Валерыя Ходаса сталі роднымі

Жыццёвая каляя Валерыя Ходаса не з’яўляецца ні прамой, ні простай. Даводзілася і супрацьстаяць выклікам, пераадольваць сур’ёзныя віражы. Адзін з іх прыйшоўся на 1986 год. Валерый Аляксандравіч быў вымушаны пакінуць родныя Хойнікі, знайсці для сябе Тухавічы, а сябе – у Тухавічах, якія за амаль тры з паловай дзясяткі гадоў сталі для яго роднымі.

Для некага будзе навіной: у Тухавічах ёсць свая чыгунка. Ад звыклай нам «вялікай» так званая вузкакалейка адрозніваецца прыкладна ў 2,1 раза – міжрэечная адлегласць раўняецца ўсяго 750-ці міліметрам. Але чаму ўсяго? Са сваім функцыяналам (а гэта дастаўка людзей на вытворчы ўчастак і назад, дастаўка здабытага фрэзернага торфу да месца яго брыкетавання) міні-чыгунка спраўляецца поўнасцю. Як і ў любой іншай справе, у авангардзе поспеху тут, канешне ж, людзі. Іх каля трох з паловай дзясяткаў спецыялістаў, запісаных у штат транспартнага цэха ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». І вось ужо з дзясятак гадоў, як рычагі кіравання гэтым адмысловым заводскім падраздзяленнем знаходзяцца ў руках Валерыя Ходаса.

– Вельмі адказны, старанны, прафесіянал з вялікай літары. На этапе рамонту чыгункі «Торфапрадпрыемства Калпеніца», якое з’яўляецца нашым філіялам, паказаў сябе з найлепшага боку. Завяршыў рэканструкцыю, запусціў адноўлены аб’ект у дзеянне, – характарызуе падначаленага дырэктар ТБЗ Уладзімір Гунько. Здаецца, завяршаць словы дырэктарскай характарыстыкі павінны тры клічнікі.
Валерый Аляксандравіч сустракае на заводскай прахадной.

Падкрэслена ветлівы, добразычлівы. Яго расказ абсалютна бедны на высокія словы, хіба толькі ў выпадках, калі размова заходзіць пра яго «транспартнікаў» – машыністаў цеплавозаў, саставіцеляў паяздоў, пуцявых работнікаў, машыністаў пагрузчыкаў, іншых, у шэрагу выпадкаў – унікальных, паколькі рэдкіх спецыялістаў.

Як толькі прыехаў і ўладкаваўся на працу, меў абсалютна нулявую прафесійную падрыхтоўку, прызнаецца Валерый Аляксандравіч.
Але няма нічога немагчымага, калі побач майстры, а ты сам сапраўдны майстар. У тым мінулым і ўжо далёкім жыцці Валерый Ходас працаваў у Хойніцкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Тэхнік-механік па адукацыі, ён на пасадзе майстра вытворчага навучання перадаваў тэарэтычныя веды і практычныя навыкі будучым механізатарам, вадзіцелям аўтамабіляў, меліяратарам. Што, у тым ліку, азначае ведаў «жалеза», быў на ты ці не з любой тэхнікай. Так што, каб скарэкціраваць сваю падрыхтоўку ў адпаведнасці з іншымі патрабаваннямі, шмат часу не спатрэбілася. Тым больш, дапамагчы з адаптацыяй на новым месцы і новай пасадзе было каму.

– У першую чаргу назаву Анатолія Дуганава – на той час начальніка транспартнага цэха. Да Мікалаевіча ў любы момант можна было звярнуцца за парадай, дапамогай у прыняцці таго або іншага рашэння, выбары патрэбнай у данай сітуацыі пазіцыі. Нямала атрымаў ад яго і ў арганізацыйным плане. Як, дарэчы, і не толькі яго, – гаворыць Валерый Аляксандравіч, які, перш чым узначаліць чыгуначную гас-падарку, выдатна зарэкамендаваў сябе на пасадах майстра пуці, старшага майстра па рамонце рухомага саставу. І проста добрага і спагадлівага чалавека. Апошняе не прафесія, канешне, і не пасада, а азначае многа больш. У тым ліку і ў плане прафесійнага станаўлення асобы.

З узнагародай! Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу і ў сувязі з 60-гадовым юбілеем узнагароджаны начальнік транспартнага цэха ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Валерый ХОДАС.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.