Паляванне па-ціхаму. Як паводзіць сябе ў лесе і збіраць грыбы, каб ціхае паляванне не скончылася ў прыёмным пакоі бальніцы або выклікам выратавальнікаў

У стужцы навін у сацыяльных сетках раз-пораз з’яўляюцца фота шчаслівых грыбнікоў з поўнымі кошыкамі белых, чырвонагаловікаў… Аднак, адпраўляючыся на ціхае паляванне, трэба памятаць, як паводзіць сябе ў лесе і збіраць грыбы, каб яно не скончылася ў прыёмным пакоі бальніцы або выклікам выратавальнікаў.

У першую чаргу, трэба падумаць пра «абмундзіраванне». Разам з грыбным ураджаем дадому можна прынесці і непажаданага госця – кляшча. Гэта маленькае насякомае можа быць пераносчыкам такіх захворванняў, як энцэфаліт і лайм барэліёз.

Таму да сустрэчы з ім трэба падрыхтавацца і падабраць адпаведнае адзенне. Лепш, каб яно было аднатонным і свет- лым – на ім кляшчы больш прыкметныя. Усё неабходна шчыльна заправіць і зашпіліць: штаны ў шкарпэткі або боты, кашулю або куртку ў штаны, манжэты рукавоў павінны шчыльна прылягаць да рук, на галаве – капялюш ці хустка.

І вось мы ў лесе, апранутыя па ўсіх правілах бяспекі. Грыбоў вакол – мора. Але і ў эйфарыі ціхага палявання трэба памятаць некалькі правілаў. Ні ў якім разе не збірайце невядомыя грыбы. Нават калі знешне грыб вам знаёмы, але ёсць хоць трохі сумненняў, яго лепш пакінуць.

Дарэчы, летась і ў бягучы перыяд 2020 года на Ляхавіччыне атручванняў грыбамі не зарэгістравана. Тым не менш, на Брэстчыне сёлета пяцёра чалавек атруціліся грыбамі, траіх з іх не выратавалі.
Трэба памятаць і пра асноўныя правілы кулінарнай апрацоўкі грыбоў: апрацоўвайце іх адразу пасля збору, каб не сапсаваліся, прамываць трэба 2-3 разы, перад чым патрымаць паўгадзіны ў халоднай вадзе, каб адмоклі пясок, сухое лісце. Варыць грыбы трэба двойчы на працягу 20 мінут, адвар абавязкова зліць.

Калі пасля ўжывання грыбоў у вас пачаліся галавакружэнне, ваніты, моцная смага, сутаргі, пасіненне вуснаў, пазногцяў, галюцынацыі, парушэнне дыхання – трэба неадкладна звярнуцца за медыцынскай дапамогай. А да аказання прафесійнай дапамогі медыкі раяць піць больш вады, па магчымасці ачысціць страўнік.

З поўным кошыкам грыбоў мы, задаволеныя, хочам адправіцца дадому або да аўтамабіля. А вось куды ісці… не разумеем. Такія выпадкі не рэдкасць. Сёлета ляхавіцкія выратавальнікі ўжо тройчы адпраўляліся на пошукі заблукаўшых у лесе.

Апошнім разам дапамога спатрэбілася пенсіянерцы, якая 7 верасня пайшла ў лес па грыбы паблізу вёскі Хацяж. У гэтую ж ноч жанчыну не ўдалося знайсці. Пошукі працягнуліся раніцай. У іх было задзейнічана пяць адзінак тэхнікі і 35 чалавек. На наступны дзень стала вядома, што жанчына самастойна выйшла з лесу на брэх сабак у вёску Нетчын.
Калі вы заблукалі, вось некалькі парад ад выратавальнікаў.

Перш, чым пайсці ў лес, грыбнікам варта належным чынам падрыхтавацца: папярэдзіць сваякоў або суседзяў, апрануць яркую вопратку, узяць з сабой нож, неабходныя лекі і абавязкова ваду.
Выратаваць ад начлегу ў лесе могуць звычайны компас, свісток і запалкі. Слуп дыму ўвечары ў лесе бачны за дзясяткі кіламетраў. У пошуках вельмі дапаможа і ўключаны мабільны тэлефон.

Калі вы згубіліся ў лесе, ні ў якім выпадку не трэба панікаваць. Прыслухайцеся: магчыма, пачуеце гук праязджаючых аўтамабіляў, чыгункі, брэх сабак. Тады трэба ісці ў той бок.

Пажылым людзям рэкамен- дуецца не рызыкаваць і не хадзіць у лес. І, галоўнае, не чакайце цемры. Калі вы зразумелі, што заблукалі, тэлефануйце 101 або 112.

Ірына КУЗЬМІЧ.