Жыллёвы сектар. Прамая лінія «ЛВ»

Жыллёвыя пытанні заўсёды ў топе самых хвалюючых насельніцтва. Як стаць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, якія дакументы патрабуюцца для гэтага, дзе атрымаць неабходную інфармацыю і г. д. – дэталяў і нюансаў у гэтай сферы не адняць.

На прамой лініі «ЛВ» працавалі намеснік старшыні райвыканкама Андрэй ЛЯШЧЭНЯ і прадстаўнікі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама – начальнік аддзела Марына ЗАВАДСКАЯ, спецыяліст Таццяна ГЕРУС.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Андрэй Мікалаевіч, сёння ўсё часцей ідзе размова пра будаўніцтва і прадастаўленне арэнднага жылля. Скажыце, якія катэгорыі грамадзян могуць атрымаць такога роду жыллё?

– Арэнднае жыллё маюць права атрымаць і тыя, хто знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і тыя, хто не стаіць на такім уліку.

Зацверджаны парадак прадастаўлення арэнднага жылля. Першачарговае права на прадастаўленне арэнднага жылля маюць грамадзяне, пералічаныя ў артыкуле 111 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У выпадку адсутнасцi заяў ад грамадзян, якія валодаюць першачарговым правам на прадастаўленне арэнднага жылля, такое жыллё прадастаўляецца грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (зыходзячы з даты прыняцця грамадзян на ўлік). Калі тыя, хто стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, заявы таксама не падавалі, арэнднае жыллё прадастаўляецца грамадзянам, якія не стаяць на такім уліку, у парадку чарговасці паступлення заяў.

– Дзе можна знайсці інфармацыю пра наяўнасць арэнднага жылля, якое прыгодна для засялення?

– Гэта інфармацыя, а таксама звесткі пра месца знаходжання, колькасны і якасны склад, узровень добраўпарадкаванасці, памер платы за карыстанне, тэрмін звароту на прадастаўленне арэнднага жылля размяшчаюцца ў раённай газеце і на яе сайце, на інтэрнэт-старонцы Ляхавіцкага райвыканкама, а таксама можна ўдакладніць у службе «Адно акно».

Пры наяўнасці вышэйзгаданай інфармацыі грамадзяне, зацікаўленыя ў атрыманні арэнднага жылля, маюць права ў названыя тэрміны асабіста звярнуцца ў службу «Адно акно» райвыканкама з заявай і неабходнымі дакументамі. Пасля заканчэння тэрміну для падачы заяў райвыканкам будзе разглядаць заявы, што паступілі, і прыме рашэнне аб прадастаўленні або адмове ў прадастаўленні арэнднага жылля грамадзянам.

Інфармацыю аб незаселеным арэндным жыллі можна таксама знайсці на сайце Ляхавіцкага райвыканкама ў раздзеле «эканоміка / ЖКГ / незаселенае арэнднае жыллё Ляхавіцкага раёна».

– Марына Іванаўна, у мяне такая жыллёвая сітуацыя: я паўналетняя, жыву з бацькамі, разам стаім на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Хачу атрымаць або пабудаваць уласнае жыллё. Ці магу я падзяліць чаргу са сваімі бацькамі?

– Безумоўна. Па пісьмовай заяве грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, адбываецца падзел чаргі членаў, былых членаў сям’і. Пры па-дзеле чаргі кожны з членаў, былых членаў сям’і мае права знаходзiцца на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў з часу прыняцця яго на такi ўлiк у складзе сям’i грамадзянiна, якi знаходзiцца на ўлiку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, але не раней дасягнення паўналецця, а ў выпадку эмансіпацыі або ўзяцця шлюбу да дасягнення паўналетняга ўзрос- ту – з даты прыняцця рашэння аб эмансіпацыі або ўступлення ў шлюб, калi ў яго ёсць падставы знаходзiцца на ўлiку.

– Таццяна Андрэеўна, падкажыце. Я атрымаў арэнднае жыллё, цяпер там не пражываю. Ці маю права здаваць у арэнду гэта жыллё па дагаворы найму?

– Адназначна, адказ адмоўны. У Жыллёвым кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць канкрэтны пералік асоб, якім наймальнік можа прадаставіць права карыстання арэндным жыллём, якое ён займае.

Напрыклад, мужу ці жонцы, бацькам, дзецям, а таксама родным братам і сёстрам, дзеду, бабулі і ўнукам, іншым сваякам і непрацаздольным утрыманцам, якія заключылі з ім пісьмовае пагадненне аб прызнанні членам сям’і, – з пісьмовай згоды ўсіх паўналетніх членаў яго сям’і, якія пражываюць сумесна з ім.
Грамадзяне, якім прадастаў-лена права карыстання жылым памяшканнем, павінны быць указаны ў дагаворы найму жылога памяшкання пры яго заключэнні або шляхам унясення ў яго адпаведных змен.

Акрамя таго, наймальнік жылога памяшкання мае права перадаць арэнднае жыллё часова ў бязвыплатнае карыстанне грамадзянам (сваякам) з заключэннем дагавора бязвыплатнага карыстання жылым памяшканнем у простай пісьмовай форме.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Хто мае права стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў?

– Грамадзяне маюць права стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў з дня надыходу паўналецця, а ў выпадку эмансіпацыі або ўзяцця шлюбу да дасягнення паўналетняга ўзросту – з даты прыняцця рашэння аб эмансіпацыі або ўступлення ў шлюб.

Грамадзянін сумесна з членамі сваёй сям’і мае права стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў па месцы жыхарства, а таксама па месцы працы (службы) кожнага члена сям’і.

Пры наяўнасці падставы знаходзiцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (пералік падстаў размешчаны ў артыкуле 36 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь) грамадзяне маюць права звярнуцца з заявай і неабходнымі дакументамі ў службу «Адно акно» Ляхавіцкага райвыканкама. Пасля разгляду дакументаў будзе прынята рашэнне аб прыняцці або аб адмове ў прыняцці грама-дзян на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

– Андрэй Мікалаевіч, падкажыце, што ў бліжэйшай перспектыве плануецца ўзвесці ў Ляхавічах?

– Сёлета рэканструюецца пад шматкватэрны арэндны жылы дом былы будынак агракаледжа па вуліцы Леніна.

Будуецца 60-кватэрны жылы дом па вуліцы Чкалава, 21а. 44 кватэры ў ім прадугледжаны для шматдзетных сем’яў, 15 кватэр – як сацыяльнае жыллё, а таксама квадратныя метры атрымаюць і супрацоўнікі РАНС.
Хутка будзе яшчэ адно наваселле па вуліцы Чкалава – завяршаецца будаўніцтва дома сямейнага тыпу для дзяцей-сірот.

На наступны год плануецца будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома па вуліцы Чкалава, дзе будуць прадугледжаны кватэры для шматдзетных сем’яў, частка будзе мець статус сацыяльнага і арэнднага жылля.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Чым сацыяльнае жыллё адрозніваецца ад арэнднага?

– Арэнднае жыллё маюць права атрымаць любыя катэгорыі грамадзян, незалежна ад знахо-джання на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання маюць грамадзяне, названыя ў артыкуле 105 Жыллёвага кодэкса, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па асобным спісе «сацыяльнае жыллё». Сярод іх – дзеці-сіроты, ветэраны войнаў, інваліды, непрацуючыя адзінокія пенсіянеры, малазабяспечаныя грамадзяне і іншыя.

– Падкажыце, па якім графіку працуе ў райвыканкаме служба «Адно акно»?

– Панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца з 8.00 да 13.00, з 14.00 да 17.00 (перапынак на абед з 13.00 да 14.00). У сераду з 8.00 да 20.00 (без перапынку на абед).

Па стане на 1 верасня 2020 года ў Ляхавіцкім раёне на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў стаяць:
 на агульнай чарзе – 852 чалавекі (у тым ліку ў горадзе – 566 чалавек);
 на асобнай чарзе «шматдзетная сям’я» – 157 чалавек (у тым ліку ў райцэнтры – 64 чалавекі);
 на асобнай чарзе «сацыяльнае жыллё» – 105 чалавек (у тым ліку ў Ляхавічах – 88 чалавек).

На прамой лініі працавала Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.