«Мяккая» сіла. У Баранавічах тыдзень назад завяршылася спартакіяда Брэсцкай вобласці сярод ДЮСШ і СДЮШАР па дзюдо

Пандэмія паставіла выступленні дзюдаістаў (і не толькі) практычна на паўгадавую паўзу. Можна сабе ўявіць, з якім настроем і жаданнем, імкненнем паказаць сябе і ва ўмовах спарынгу паглядзець на іншых выходзілі на татамі адзінаборцы.

– «Застаяліся», засумавалі па спаборніцтвах і спартсмены, і трэнеры. Былі рады сустрэчы, магчымасці зноў адчуць, вярнуць атмасферу залы, – дзеліцца ўражаннямі трэнер-выкладчык СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Віктар Богуш. Для яго і яго калегі Рашыда Байрашэўскага выхаванцаў дэбютнае пасля працяглага перапынку афіцыйнае выступленне склалася ўдала. Тон задалі малодшыя: у першы дзень спаборніцтва ляхавіцкія дзюдаісты і дзюдаісткі 2005-2006 гадоў нараджэння «дабароліся» да галоўнага каманднага прыза – сталі пераможцамі агульнага заліку спартакіяды ў сваім узросце. А гэта, між іншым, яшчэ і паўтарэнне выніку леташняй спартакіяды.

У асабістым заліку ў нашых тры першыя п’едэсталы – Эмілія Ксёнжык, Мікіта Пінчук, Мацвей Анікей; па чатыры другія – Аляксандра Шчарбакова, Арцём Найда, Максім Рахманец, Ілья Пінчук і трэція – Дзіяна Уласень, Аліна Байрашэў-ская, Дзмітрый Ракала, Ягор Астроўскі.
У сваім пастспартакіядным каментарыі Віктар Богуш асобна адзначыў Ілью Пінчука. Яго сярэбранае выступленне было названа вартым золата, да якога Ілья не дабраў зусім крыху: некаторы тэхнічны пралік у фінальным паядынку – і бывай, тытул. Магчымай таму прычынай магла стаць праведзеная ляхавічанінам выключна напружаная паўфінальная схватка. Замест чатырох рэгламентных яна працягвалася аж 13 мінут. Ніхто з сапернікаў саступаць не збіраўся, але прыйшлося – брастаўчаніну з вучылішча алімпійскага рэзерву.
Спартсмены старэйшай узроставай групы – 2002-2004 гадоў нараджэння – сваю спартакіяду правялі на наступны дзень. І зноў каманду з Ляхавіч напаткаў поспех. Толькі на гэты раз сярэбраны, пасля дружыны з горада Кобрына, якая і стала пераможцам. У дадатак да каманднага віцэ-чэмпіёнства на свой спартакіядны рахунак ляхавічане «запісалі» таксама асабістае золата, якое заваявала Кацярына Ракуць. Тры дзюдаісты СДЮШАР нашага раёна саступілі сапернікам па фінале – Дар’я Пенязь, Дар’я Юшкевіч, Аляксандра Байрашэўская. А Ульяна Шчарбакова, Раман Бацкалевіч, Павел Андрыевіч і Максім Маруцік сталі трэцімі прызёрамі спаборніцтва.

Баранавіцкі тур прайшоў з удзелам усіх дзюдо-школ вобласці, канкурыравалі 11 каманд, на татамі выходзілі дзясяткі мацнейшых юных атлетаў. На гэтым фоне першае і другое каманднае месца СДЮШАР раёна ўспрымаецца як вельмі якаснае адкрыццё сезона. Працяг можа адбыцца ўжо 25-26 верасня, калі ў АСК «Стайкі» малодшыя паспаборнічаюць у рамках такой жа рэспубліканскага маштабу спартакіядзе.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з архіва СДЮШАР.