«Мы выбіраем ЗЛЖ»

Спартыўная эстафета пад такой назвай у мінулую сераду прайшла на базе раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.

Спаборніцтвы былі прымеркаваны да дзесяцігоддзя адкрыцця аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў у Ляхавіцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У эстафеце прынялі ўдзел дзве каманды: «Аптымісты» з аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і «Пунсовыя ветразі» з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.

Пасля прадстаўлення каманд спартыўнае спаборніцтва стартавала. Хто самы спрытны, хуткі і трапны, каманды высвятлялі ў васьмі конкурсах: перадавалі мяч праз галаву, збівалі кеглі, пераходзілі па імправізаваным канаце…

Няпростая задача была і ў журы. Абедзве каманды выступалі дастойна, разрыў у балах аказаўся невялікім. Але ў выніку вопыт перамог – першымі сталі «Аптымісты».

Завяршыліся спаборніцтвы на прыемнай ноце: кожны спартсмен атрымаў падарункі ад Ляхавіцкай раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа і раённага таварыства інвалідаў.

Ірына КУЗЬМІЧ.