Не да песень у верасень. Першы асенні месяц з’яўляецца яшчэ і лепшым для правядзення сяўбы азімых зерневых культур

Механізатары Валерый Кісялевіч і Сяргей Шустал.

Але каб толькі гэта: ён жа таксама дыктуе неабходнасць засяроджвацца на вялікай колькасці іншых тэрміновых сельскагаспадарчых падрадаў. Вось і ўвіхайся, аграрый, размяркоўвай сілы і сродкі, каб паспець за хуткаплыннасцю сітуацыі. Тым больш, што і надвор’е ці не ў любы момант гатова паставіць палкі ў колы ўсё таго ж пасяўнога агрэгата. Ды і ад прафіцыту сіл-сродкаў, як правіла, сельскагаспадарчыя арганізацыі не пакутуюць.

Затое звяртае на сябе ўвагу, мабыць, генетычная руплівасць вяскоўцаў, іх уменне працаваць якасна і звыштэрмінова. Ільнонарыхтоўчая тэхніка ўжо вяртаецца з палеткаў: ланцугом, падсвечаным аранжавымі «люстрамі», нясуцца дамоў вёрткія абарочвальнікі льняной стужкі, прадаўжаць пастпрацоўную працэсію могуць рулонныя прэс-падборшчыкі, завяршаць – аўтапаязды-адвозчыкі льнотрасты.
Сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна зараз і ўбіраюць, і аруць, і сеюць. Акрамя льну, працягваецца «зялёная» ўборка кукурузы, якой у ляхавіцкіх аграрыяў дзясяткі сотняў гектараў, бульбы, якой нязначна за сотню, з дня на дзень, згодна з арганізацый-ным прагнозам, пачнецца «салодкае» жніво.

Але ключавымі сельскагаспадарчымі словамі сённяшняга дня трэба прызнаць выраз «азімая сяўба». Можна дабавіць – зерневых на зерне, паколькі з рапсам ужо разабраліся-адсеяліся.

У гэтым сезоне такія пасевы раён мае намер размясціць на плошчы, блізкай да 11 тысяч гектараў. Згодна з аператыўнай статыстыкай райсельгасхарчу, па стане на ўчарашні дзень, прыкладна кожны трэці з названай колькасці гектараў ужо засеяны. Тэмп кампаніі задаюць СВК «Ляхавіцкі», ЗТАА «БелДан», ДП «Нача», ЗАТ«Бел-прампрыбор», адзінкавыя іншыя сельгасарганізацыі, з чыіх пазіцый бачны ўжо экватар азімай пасяўной кампаніі-2020.

Паглядзелі і мы на пасяўныя клопаты «Белпрампрыбора».
Работы ў той дзень выконваліся ў задворках вёскі Шчэрбава. Аб самім гэтым факце яскрава сігналізавала густое воблака пылу. Яно то спадарожнічала, то ўцякала ўдалячынь ад працуючага на палетку пасяўнога «Беларуса»-трыццаткі. За штурвалам пасяўнога агрэгата – Валерый Кісялевіч, зернезапраўшчы-кам у яго – Сяргей Шустал, для якога сёння (ды і раней) гэта ўжо другі працоўны падрад. Да гэтага з самага ранку ён паспеў «накасіць» зялёнай масы ў якасці корму для жывёлы. Пасля змены прылады працы змяніліся і працоўныя абавязкі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.