І кожная сцяжынка ім знаёма

Трэцяя нядзеля верасня асаблівая для тых, чыя працоўная біяграфія так ці інакш звязана з зялёнымі лёгкімі планеты. У гэты дзень прафесійнае свята адзначаюць работнікі лесу. Сёлета 20 верасня віншаванні з нагоды будзе прымаць і калектыў Ляхавіцкага лясгаса.

Захаваць. Прымножыць. Экспартаваць

Сёння ў лясгасе працуюць 246 чалавек, якія аберагаюць і прымнажаюць прыроднае багацце. Прадпрыемства забяспечвае і высокія эканамічныя паказчыкі. Сёлета істотна вырасла выручка ад рэалізацыі прадукцыі. Удзельная вага экспарту складае ў сярэднім 27 працэнтаў, пры гэтым назіраецца штомесячны рост: так за жнівень экспарт перавысіў 32 працэнты. У асноўным за мяжу ідуць піламатэрыялы з новага цэха – за апошні месяц лета выручка ад іх перасягнула 80 працэнтаў у агульнай колькасці паставак за мяжу.

Дырэктар лясгаса Сяргей Амбражэй.

– Дзякуй усяму калектыву за адказнасць, надзейнасць і прафесіяналізм. Лічу, мы добра спраўляемся са сваёй галоўнай функцыяй – вырасціць і захаваць лес. Але не спыняемся на дасягнутым, шукаем новыя шляхі для эканамічнага росту прадпрыемства, не забываем і пра сацыяльную падтрымку работнікаў. Тым больш, што рэзервы для росту ёсць. Летам адкрылі цэх дрэваапрацоўкі, дзе выпускаюцца разнастайныя піламатэрыялы, дзякуючы чаму змаглі выйсці на міжнародную арэну. Прадукцыя Ляхавіцкага лясгаса ўжо адправілася ў Вялікабрытанію, Германію, Літву, Румынію, Польшчу. Прычым экспартуем пераважна гатовыя вырабы, а кругляк прадаём толькі нізкагатунковы. І далей плануем пашыраць геаграфію замежных стасункаў. У сувязі з чым пачынаем мадэрнізацыю дрэваапрацоўчага цэха ў Крывошы- не, – расказвае дырэктар ДЛГУ «Ляха-віцкі лясгас» Сяргей Амбражэй.

Будні лесаводаў

Ёсць такая прафесія – работнік лясной гаспадаркі. Яна ўвасабляе ў сабе ўсё, што звязана з вырошчваннем, аховай лесу, нарыхтоўкай і перапрацоўкай драўніны. Па-сапраўднаму любіць лес, прыроду з яе насельнікамі – раслінамі, жывёламі, птушкамі – могуць толькі тыя, хто адчувае сябе іх часткай. Менавіта такія людзі працуюць у Ляхавіцкім лясгасе.

Прапануем экскурс па яго падраздзяленнях. Бо менавіта з іх 60 гадоў назад пачыналася гісторыя лясгаса.

Работнікі Востраўскага лясніцтва (у цэнтры ляснічы Святлана Курэц).

Востраўскае лясніцтва – суцэльныя адметнасці. Менавіта тут раскватараваліся цяпліцы для вырошчвання пасадачнага матэрыялу. Вось і цяпер дружна набіраюцца сіл, мацнеюць каля 110 тысяч сеянцаў сасны.

– Вырошчванне будучых дрэў для пасадкі – вялікая праца. Зімой збіраем шышкі, потым пасля рассушкі атрымліваем насенне, якое загартоўваем, сеем, полем, паліваем, сочым за яго развіццём і ростам, – расказвае ляснічы Святлана Курэц.

Пабываць у Востраве і не зазірнуць у міні-дэндрапарк нельга.Тут растуць каля дзясятка дрэў накшталт сасны чорнай, елкі блакітнай, туі шарападобнай і кустоў, якія ўвогуле не характэрны для нашага клімату, а таксама звыклыя для Беларусі.

А яшчэ толькі ў Востраве ёсць пчальнік. Бацька і сын Іван і Антон Навумчыкі – галоўныя спецыялісты па гаючым салодкім пачастунку. Вось і сёлета мядовы ўраджай тут склаў больш за тры тоны.
Востраўскае лясніцтва самае вялікае на Ляхавіччыне, займае плошчу больш за 12 тысяч гектараў. Яшчэ адна асаблівасць – прыгажосць і вытанчанасць у афармленні тэрыторыі. Працуюць тут выдатныя людзі. Адзін з іх памочнік ляснічага Васілій Сельмановіч, яго партрэт сёлета ўпрыгожыў раённую Галерэю славы.

Ляснічы Ляхавіцкага лясніцтва Віктар Заяц, бухгалтар Святлана Чарняўская, памочнік ляснічага Вольга Коўш (справа налева).

Ляхавіцкае лясніцтва лепшае ў раёне па рэйтынгу лясніцтваў, што па-цвярджаюць эканамічныя паказчыкі. Напрыклад, выкананне нормаў выпрацоўкі тут склала 134 працэнты. Некалькі гадоў назад лясніцтва было і прызёрам абласнога спаборніцтва. На чале падраздзялення – вопытны лесавод (у прафесіі без малога тры дзесяцігоддзі) і майстар сваёй справы Віктар Заяц. За працоўныя заслугі яго прозвішча ў 2018 годзе было занесена на раённую Галерэю славы.

Пра кожнага з тутэйшых работнікаў можна сказаць – адданы справе. Калектыў выдатна спраўляецца з абавязкамі, а іх на тэрыторыі гаспадаркі, якая займае каля сямі тысяч гектараў (у асноўным лясоў), – шмат.

Ляснічы Крывошынскага лясніцтва Пётр Пастарнакевіч.

– Адказныя адносіны да сваіх абавязкаў, своечасовае і якаснае выкананне пастаўленых задач – гэта вызначае ўсіх, хто працуе ў нашым лясніцтве. Мы ўсе леснікі – ад ляснічага да рабочага. Задача адна – захаваць і прымножыць тое, што дала прырода, – расказвае ляснічы Крывошынскага лясніцтва Пётр Пастарнакевіч, які ў прафесіі старажыл.

Ляснічы Навасёлкаўскага лясніцтва Яўгеній Рацэвіч і бухгалтар Ірына Буйкевіч.

Гэта лясніцтва адно з самых вялікіх па плошчы, займае амаль 10 тысяч гектараў. Штогод яго работнікі дапамагаюць наводзіць і падтрымліваць парадак у Рэпіхаўскім парку. Таксама ў тутэйшым лясніцтве ўмеюць зарабляць грошы – яно лепшае па мабілізацыі ўласных сродкаў.
Угоддзі тут багатыя, а людзі працавітыя, клапоцяцца пра прыроду, зай-маюцца нарыхтоўкай драўніны, высаджваюць новыя лясы. Гэта пра Навасёлкаўскае лясніцтва.

– У лесаахову прыйшоў па закліку сэрца, пачынаў з лесніка. Я родам са Свяціцы, краю лясоў і балот. Да таго ж, ёсць з каго браць прыклад: бацька працуе тут вальшчыкам, брат Юрый – вадзіце-
лем, – гаворыць ляснічы Навасёлкаўскага лясніцтва Яўгеній Рацэвіч.
Два гады назад тут адзначылі наваселле – атрымалі новы адміністрацыйны будынак, і цяпер тэрыторыя сустракае добраўпарадкаванасцю і ўтульнасцю.

Ляснічага Куршынавіцкага лясніцтва Андрэя Крука застаць у кабінеце цяжка. Хоць яго рабочы дзень афіцыйна доўжыцца з 8 да 17 гадзін, у асноўным прыходзіцца займацца службай, пакуль не сцямнее. Цяжка? Канешне, але абавязвае не толькі пасада, але і адданасць, любоў да лесу.

Плённа працуюць усе, прыкладам для многіх з’яўляюцца вальшчыкі лесу Андрэй Скубята і яго пляменнік Валерый Скубята. Дарэчы, у сярэднім з дапамогай тэхнікі ў гэтым лясніцтве штомесяц нарыхтоўваюць каля 2,5 тысячы кубаметраў драўніны.

– Выпадковыя людзі ў нас не за-трымліваюцца, калектыў зладжаны, прафесійны, – упэўнены малады ініцыятыўны кіраўнік падраздзялення Андрэй Крук.

Як і ў іншых калег, асноўны клопат работнікаў Мядзведзіцкага лясніцтва – рацыянальнае лесагаспадаранне. Зона іх адказнасці – нарых-тоўка драўніны, санітарныя высечкі, пасадка маладняку, ахова лесу як ад пажараў, так і ад тых грамадзян, якія наносяць шкоду лесу. З абавязкамі калектыў – 19 чалавек – спраўляецца. Сёлета, напрыклад, толькі бярозавага соку нарыхтавалі 198 тон.

– Абход лесу патрабуе гатоўнасці ў любое надвор’е – у дождж, снег, спякоту, калі камары спакою не даюць. Але семярых нашых леснікоў, лепшыя з якіх Арцём Станіславовіч, Сяргей Плескацэвіч, Уладзімір Шпак, гэта не палохае. Затое ёсць і перавагі – менш хварэем, бо прагулкі на свежым паветры гарантуюць моцнае здароўе, – з гумарам зазначае ляснічы Сяргей Грыкель. Для яго работа ў лясгасе – сямейны падрад. Яго жонка Вера працуе тут жа бухгалтарам.

Начальнік цэха Яўгеній Наркевіч
і майстар цэха Міхаіл Гаўрыльчык.

Дрэваапрацоўчы цэх – самае абноўленае падраздзяленне лясгаса, хаця гісторыя тутэйшай дрэваапрацоўкі бярэ пачатак з 1956 года, калі арганізаваўся цэх «Крывошын».

Амаль 25 высакакласных работнікаў на чале з Яўгеніем Наркевічам выдатна спраўляюцца з новым сучасным абсталяваннем і выпускаюць якасную экспартаарыентаваную прадукцыю на лесапільнай лініі LARMET – абразныя і неабразныя піламатэрыялы. Тут за дзень перапрацоўваецца каля 70 кубаметраў круглага лесу.

Гэта далёка не поўны расказ пра лясныя будні. Нельга ў адзін матэрыял змясціць шматгадовую работу ўсёй арганізацыі і яе калектыву. Проста вельмі хацелася паказаць значнасць і неабходнасць прадстаўнікоў лясной прафесіі. Дзякуючы работнікам лясной галіны, прырода адорвае нас не толькі прыгажосцю. І калі лес – гэта народнае багацце, то і дзень работнікаў лясной гаспадаркі – усеагульнае свята.

Слова віншавальнае. Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў лесу – калектыву Ляхавіцкага лясгаса і ветэранам лясной галіны.

З узнагародай! Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую і добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у развіццё лясной гаспадаркі ўзнагароджаны ляснік Ляхавіцкага лясніцтва Ляхавіцкага лясгаса Аляксандр КУЛІКОЎ.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.