З любоўю ад першага да апошняга радка. Як брэнд, гучаць «Флер’яноўскія чытанні», што традыцыйна запрашаюць творчых людзей на ляхавіцкую зямлю

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Як брэнд, гучаць «Флер’яноўскія чытанні», што традыцыйна запрашаюць творчых людзей на ляхавіцкую зямлю. Яго ідэйныя і творчыя натхняльнікі – супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы – не спыняюцца здзіўляць і ўжо трэці раз у шчодрым на цяпло верасні запрасілі на літаратурны фэст. І ў 2020-м ён незвычайны: 150 гадоў назад завяршылася будаўніцтва флер’яноўскай сядзібы.

За веснічкамі пачынаецца іншае жыццё. Нібы машына часу пераносіць на стагоддзі назад турыстаў і гасцей свята. Гасцінна віталі і запрашалі на імпрэзу Тадэвуш Бохвіц і Эліза Ажэшка. Дэталёвасць і гістарычнасць ва ўсім, да чаго датыкаюцца работнікі ЦБС, атмасфернасць нават у распрацаваных святочных праграмках.
Увогуле тут, дзе так утульна Ажэшкінскаму дубу, лёсам было наканавана стаць памятным месцам, якое здолелі зберагчы, удыхнуць у яго другое жыццё Ларыса Паўлаўна і Генрых Міхайлавіч Траццякі. Яны круглы год сустракаюць апантаных турыстаў, як ніхто, у падрабязнасцях раскажуць пра колішніх гаспадароў і гісторыю маёнтка.


Вядучыя свята зачыталі прывітальны ліст дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Сяргея Квачана. Ён адзначыў, што прыкладам таму, што бібліятэка сёння – гэта і цэнтр адраджэння нацыянальнай памяці і культуры, з’яўляюцца «Флер’яноўскія чытанні». А яшчэ бібліятэка перадала ў фонд Ляхавіцкай ЦБС дыск «Перыядычныя выданні з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь», які ўключае часопісы на рускай, французскай, польскай мовах перыяду да 1917 года. Копіі друкаваных выданняў былі перададзены Генрыху Траццяку для далейшага фарміравання бібліятэкі, якую заклаў Тадэвуш Бохвіц.
Віталі на імправізаванай сцэне гісторыка і даследчыка заснавальніка арт-суполкі Тадэвуша Рэйтана Зміцера Юркевіча.
Ляхавіччына – як скарбніца талентаў, якія ў сваім штодзённым клопаце не забываюць пра сваю малую радзіму, працуюць-жывуць з цёплымі ўспамінамі да роднага мястэчка. Як жа гарманічна гучалі вершы нашага земляка – ураджэнца вёскі Яцкаўшчына Івана Ждановіча, які сёння працуе рэдактарам газеты «Голас Радзімы». «Я вярнуўся дамоў у расквечаным маі…» – так сакавіта і пяшчотна разляцеліся радкі верша ў выкананні Міхася Стрыжова.
І хоць Іван Ждановіч не змог прыехаць на сустрэчу, перадаў усім прысутным свае прывітанні і віншаванні з 80-годдзем раёна і, безумоўна, з чарговымі «Флер’яноўскімі чытаннямі». Пранікнёна гучала: «…Годная будучыня наша – гэта заўсёды руплівая праца, настойлівае трыманне найперш душэўнай раўнавагі ў неспакойным свеце. Гэта імкненне ствараць – а не разбураць, збіраць камяні – а не раскідваць іх, шукаць паразумення з сабою і са светам – а не вінаватых у нашых праблемах».
Сяброў у фэсту многа. З радасцю падарылі сваю творчасць удзельнікі клуба «Літаратурная правінцыя» з Лунінеччыны.
Не абышлося і без літаратурных узнагарод. Лепшыя з лепшых у розных намінацыях падымаліся на сцэну атрымаць віншаванні і ўзнагароды за перамогу ў конкурсе «Сlovеснасць». Тэма самая родная і блізкая – слова пра Радзіму.


Дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч шчыра дзякавала за актыўнасць, за тое, што, незалежна ад формы, змест твораў канкурсантаў ад першага да апошняга радка прасякнуты любоўю да месца, дзе ўсё дорага сэрцу.
Нельга не выказаць захапленне крэатыўнасцю нашых бібліятэкараў. У любым амплуа яны ствараюць атмасферу свята і ўрачыстасці. «Экспрэс», «Берагіня», «Жытніца» – нашы творчыя калектывы сваё паэтычнае слова абрамілі ў музычны кантэкст і, як заўжды, здзівілі прысутных.
І фотазоны, і выставы, і смачная беларуская кухня, і Instagram-рамачка – чаго толькі ні хапала, каб прывезці з сустрэчы кавалачак добрых успамінаў. Бібліятэчны бульвар ад ляхавіцкіх, баранавіцкіх, лунінецкіх калег не раз прымушаў прайсціся і засяродзіць сваю ўвагу.
А «Aдкрыты мікрафон» стаў пляцоўкай для кожнага, хто пажадаў заявіць пра сябе і сваю творчасць.

Маргарыта КУХТА.
БОЛЬШ ФОТА ТУТ
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.