Беражыце сваіх дзяцей. Часцяком пад уплыў нядобрасумленных дарослых трапляюць дзеці і моладзь

У апошні час у інтэрнэце, у тым ліку сацыяльных сетках і мэсэнджарах, размяшчаюцца рознага роду заклікі прыняць удзел у мітынгах, сходах, вулічных шэсцях, дэманстрацыях, пікетах. Паддаўшыся на іх, грамадзяне, у тым ліку непаўналетнія, могуць стаць парушальнікамі заканадаўства. Варта памятаць, што меры адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў прымяняюцца не толькі да іх арганізатараў, але і да ўдзельнікаў.

Згодна з часткай 1 артыкула 23.34 КоАП за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання і г. д., а таксама за публічныя заклікі да правядзення гэтых мерапрыемстваў з парушэннем устаноўленага парадку іх удзельнікі могуць атрымаць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе папярэджання, штрафу да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйнага арышту. Калі ж падчас правядзення масавага мерапрыемства будзе прычынена шкода арганізацыям ці грамадзянам, то давядзецца яе кампенсаваць.
Ёсць рызыка аказацца ўцягнутым ва ўчыненне і іншых супрацьпраўных дзеянняў: непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы дзяржоргана пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў, дробнае хуліганства, пашкоджанне маёмасці і г. д. За гэта таксама прадугледжаны адпаведныя адміністрацыйныя меры.
Часцяком пад уплыў нядобрасумленных дарослых трапляюць дзеці і моладзь. Каб своечасова заўважыць такія рызыкі, бацькам трэба цікавіцца, чым жыве іх сын ці дачка, у тым ліку на прасторах інтэрнэту, з кім падтрымлівае сяброўскія адносіны.
Інспекцыя па справах непаўналетніх папярэджвае, што факты ўдзелу дзяцей і падлеткаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах атрымаюць прававую ацэнку, а бацькі панясуць адказнасць.
Нагадваю, што непаўналетнія могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці з 16 гадоў, а ў асобных выпадках – з 14 гадоў. Калі непаўналетні не дасягнуў узросту прыцягнення да адказнасці, за ўчыненне ім супрацьпраўнага дзеяння будуць адказваць яго бацькі. За невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей, што пацягнула ўчыненне непаўналетнімі правапарушэння ці злачынства, бацькі ці асобы, якія іх замяняюць, могуць атрымаць папярэджанне або штраф да 10 базавых велічынь. Пры паўторным на працягу года падобным парушэнні пагражае штраф ад 10 да 20 БВ.
Інспекцыя па справах непаўналетніх займаецца кожнай сям’ёй індывідуальна. Таксама інфармацыя пра факты ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах перадаецца ў органы апекі і папячыцельства, а адміністрацыйныя матэрыялы – у камісію па справах непаўналетніх пры райвыканкаме для разгляду і прыняцця далейшага рашэння.
Супрацоўнікі міліцыі разам з прадстаўнікамі іншых службаў і арганізацый вывучаюць сітуацыю, якая паўплывала на тое, што падлетак апынуўся на вуліцы, у месцы, дзе адбываецца несанкцыянаванае мерапрыемства. Магчыма, яго ўвялі ў зман, і яму патрэбна якая-небудзь дапамога.

Аляксандр ЧУРЫЛАЎ,
старшы ўчастковы  інспектар ІСН РАУС.