Кросам па верасні. У раённым першынстве па лёгкаатлетычным кросе прынялі ўдзел школьнікі з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Ляхавіцкага раёна

Фота з сайта аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама

Традыцыйны лёгкаатлетычны крос – гэта не толькі выдатная магчымасць прадэманстраваць свае спартыўныя здольнасці, паказаць добры вынік, умацаваць здароўе, але і шанц трапіць у склад зборнай Ляхавіцкага раёна і паўдзельнічаць у абласной спартакіядзе школьнікаў па лёгкай атлетыцы. Сёлета ў раённым першынстве прынялі ўдзел 80 школьнікаў з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Крос – сапраўднае выпрабаванне на вытрымку, сілу, дысцыпліну. І перамагчы ў ім вельмі прэстыжна і нялёгка.

Пераможцаў вызначалі як у камандных спаборніцтвах, так і ў асабістых – па трох узроставых групах з рознымі дыстанцыямі. Так, малодшыя бегуны вызначалі спрытнейшага на дыстанцыях 500, 1000 метраў, сярэдняя ўзроставая група спаборнічала на кіламетровай дыстанцыі, а старэйшыя пераадолелі да фінішу два кіламетры.
Найбольшую колькасць балаў (іх у скарбонку прыносілі чацвёра ўдзельнікаў) і адпаведна агульнакамандную перамогу атрымала міні-дружына Ліпскай СШ (кіраўнік Васілій Малевіч). На другім і трэцім месцах адпаведна зборныя Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча (кіраўнік Ігар Рогаўцаў) і Начаўскай СШ (кіраўнік Васілій Пастарнакевіч).
Барацьба разгарэлася падчас індывідуальных стартаў. Першымі фінішную рысу перасягнулі ў сваіх узроставых групах Валянцін Каспяровіч, Юлія Буйкевіч, Данііл Малевіч, Яна Страмавус з Ліпскай СШ, Ева Кудравец з Начаўскай СШ, Уладзіслаў Матвіенка з Жарабковіцкай СШ. Сярэбранымі прызёрамі сталі Вячаслаў Пірштук з Навасёлкаўскай СШ, Дар’я Курак з Малагарадзішчанскага ДС – СШ, Дзмітрый Круглік, Алёна Шут з Начаўскай СШ, Сяргей Негарожын і Яна Буйкевіч з Жарабковіцкай СШ імя М.Г. Мінкевіча. Трэцяя прыступка п’едэстала пакарылася Цімуру Галушку з Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча, Аліне Русакевіч, Міхаілу Гатоўчыцу з Ліпскай СШ, Таццяне Максімчык з Тальмінавіцкага ДС – БШ, Тамары Сібрыкавай з Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча.
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны граматамі.

Святлана КЕНДЫШ, метадыст Ляхавіцкага РВМК.