Калі магазін – уласны агарод. Не прызнаецца аб’ектам падаткаабкладання адзіным падаткам рознічны гандаль (рэалізацыя) наступнай прадукцыяй

У адпаведнасці з пунктам 6 артыкула 337 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, для плацельшчыкаў – індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, не прызнаецца аб’ектам падаткаабкладання адзіным падаткам рознічны гандаль (рэалізацыя) наступнай прадукцыяй:

  • лекавымі раслінамі, ягадамі, грыбамі, арэхамі, іншай дзікарослай прадукцыяй;
  • агароднінай і садавіной (у тым ліку ў перапрацаваным выглядзе), іншай прадукцыяй раслінаводства (за выключэннем прадукцыі кветкаводства, дэкаратыўных раслін, іх насення і расады), малочнымі і кісламалочнымі прадуктамі (у тым ліку ў перапрацаваным выглядзе), прадукцыяй пчалярства, іншай прадукцыяй жывёлагадоўлі (акрамя пушніны), атрыманай ад свойскіх жывёл (буйная рагатая жывёла, свінні, коні, авечкі, козы, трусы, сельскагаспадарчая птушка), як у жывым выглядзе, так і прадуктамі забою ў сырым або перапрацаваным выглядзе.
    Падставай для непрызнання аб’ектам падаткаабкладання адзіным падаткам рознічнага гандлю (рэалізацыі) вышэйназванай прадукцыяй з’яўляецца прадстаўленне плацельшчыкам даведкі мясцовага выканаўчага органа, якая пацвярджае, што рэалізуемая прадукцыя выраблена плацельшчыкам і (або) асобамі, якія знаходзяцца з ім у адносінах блізкай роднасці або сваяцтва, апекуна, папячыцеля і падапечнага, на зямельным участку, што прадастаўлены плацельшчыку і (або) указаным асобам для розных мэт. Сярод іх – будаўніцтва і (або) абслугоўванне аднакватэрнага жылога дома, вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, касьба і выпас сельскагаспадарчых жывёл, садаводства, дачнае будаўніцтва, агародніцтва, у выглядзе службовага зямельнага надзела. Форма даведкі і парадак яе выдачы ўстанаўліваюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
    Для рэалізацыі прадукцыі пчалярства, акрамя вышэйназванай даведкі або замест яе (у выпадку, калі пчальнік размешчаны не на тых зямельных участках, што ва ўстаноўленым парадку прадастаўлены плацельшчыку), трэба мець ветэрынарна-санітарны пашпарт пчальніка, пасведчанне, аформленае на падставе гэтага пашпарта.

Валянціна ВАРАНЧАК,
намеснік начальніка інспекцыі – начальнік упраўлення
па рабоце з плацельшчыкамі
па Ляхавіцкім раёне.