У райветстанцыі г.Ляхавічы працуюць два спецыялісты з прозвішчам Тупік

Вавокал столькі цікавага адбываецца, многае хочацца паспрабаваць, да ўсяго мець дачыненне, ва ўсім удзельнічаць — адзін з лідараў бээрэсэмаўскага руху раёна, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ райветстанцыі Ганна Тупік не хавае інтарэсу да ўсяго, што акружае. У дзяўчыны столькі энергіі і запалу, што хапае сапраўды на многае. Прычым, гэта датычыцца не толькі грамадскай работы, але і прафесійнага самаўдасканалення, атрымання адукацыі, творчасці, арганізацыі адпачынку і шмат чаго іншага.
Здаецца, зусім нядаўна яна, выпускніца ад-дзялення ветэрынарнай медыцыны Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, прыйшла на першае месца працы ў райветстанцыю лабарантам у лабараторыю санветэкспертызы.
— Работа падабалася з першых дзён. Я і ў каледж паступіла асэнсавана, з цвёрдай упэўненасцю, што абавязкова буду працаваць па спецыяльнасці. Канешне, веды, атрыманыя падчас вучобы, вельмі спатрэбіліся, як і практыка. Адаптавацца на месцы дапамаглі парады вопытных калег, — успамінае Ганна.
У райветстанцыі назіралі за тым, як малады спецыяліст ставіцца да работы, разважалі, ці надоўга хопіць яе энтузіязму. Дзяўчына ўсё больш і больш унікала ў свае прафесійныя абавязкі і з поспехам іх выконвала, паспявала і ўсё астатняе. Прадоўжыла вучобу, праўда завочна, і атрымала вышэйшую адукацыю ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Кар’ера таксама пайшла ўверх: цяпер Ганна Тупік узначальвае лабараторыю — яна ветсанэксперт, кантралюе, каб на ляхавіцкім рынку прадавалася толькі якасная прадукцыя, якая адпавядае ўсім санітарна-гігіенічным патрабаванням.
Яна часта наведваецца ў свой родны ЛДАК не як госць ці былая навучэнка, а ў новым амплуа — робіць першыя крокі ў якасці выкладчыка ветэрынарных дысцыплін.
Не праходзіць дня, каб Ганна не займалася грамадскімі абавязкамі. У бээрэсэмаўскай пярвічцы райветстанцыі ўсяго 7 чалавек. Але яны дружныя, удзельнічаюць ва ўсім — і ў экскурсійных паездках па Беларусі (апошняя — у Жыровічы), спартыўных мерапрыемствах (моладзь — касцяк каманды, што прадстаўляе прадпрыемства на раённай спартакіядзе). Ганна Тупік заўсёды з імі. Любіць катацца на лыжах. Калі выпадае вольная хвіліна, займаецца творчасцю, робіць прыгожыя рэчы з самага разнастайнага матэрыялу — пенапласту, тканіны, шкла і г.д. — абажуры, падсвечнікі, сурвэткі і з радасцю дорыць іх родным і сябрам.
З нядаўняга часу ў райветстанцыі працуюць два спецыялісты з прозвішчам Тупік. Два гады назад сюды па размеркаванні прыйшла працаваць і малодшая сястра Вольга. Яны вельмі непадобныя знешне, ды і па характары таксама.
— Вольга такая ж баявая, як наша мама: паставіла перад сабой мэту — абавязкова яе дасягне. Вельмі патрабавальная, прычым не толькі ў адносінах да іншых, але, у першую чаргу, і да самой сябе, — расказвае пра малодшую сястру старэйшая.
Такой Вольга была з дзяцінства: мэтанакіраванай, у добрым сэнсе гэтага слова ўпартай. Яна не баіцца памыляцца, спрачацца, аргументавана адстойваць уласнае меркаванне.
— Наша Аня больш цярплівая, уступлівая. Калі былі школьніцамі, часта спрачаліся, падзявочы «ваявалі»… Цяпер больш прыслухоўваемся адна да адной, разам вырашаем, дапамагаем, у нас нямала агульных клопатаў. Я вельмі люблю і паважаю сваю дарагую сястрычку. Зараз яна для мяне — лепшая сяброўка, — разважае Вольга.
Малодшая, дарэчы, таксама выпускніца- чырвонадыпломніца таго ж аддзялення ЛДАКа, а зараз студэнтка Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Працуе ветэрынарным фельчарам участковай ветлячэбніцы.
— Сёстры знайшлі сваё прызванне. Працуюць з інтарэсам, а не таму, што трэба адпрацаваць размеркаванне. І калі Вольга толькі пачынае, то Ганна — спецыяліст са стажам, ёй можна даверыць самы адказны ўчастак работы — не падвядзе, ды і іншых арганізуе і павядзе за сабой, — гаворыць галоўны ветурач раёна Павел Сіцько.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *