Без адрозненняў па статусе. Дапамога Ляхавіцкай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа важкая і запатрабаваная

Дзейнасць Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа не патрабуе прэзентацый – яна навідавоку. Падчас пандэміі каранавіруса дапамога раённай арганізацыі была вельмі важкай і запатрабаванай. Перадалі медыкам райбальніцы індывідуальныя сродкі абароны, дэзынфіцыруючыя сродкі, бутэляваную пітную ваду. Аператыўна арганізавалі пашыў землякамі-ўмельцамі медыцынскіх масак і перадалі маламаёмным грамадзянам: 29 чалавек атрымалі шматразовыя і 35 аднаразовыя сродкі абароны. А яшчэ валанцёры Чырвонага Крыжа на ўласным транспарце дастаўлялі прадукты, медыкаменты на дом адзінока пражываючым. Пералік добрых спраў можна працягваць далей.

На чацвёртай справаздачна-выбарнай канферэнцыі, што падводзіла вынікі дзейнасці раённай арганізацыі БТЧК за перыяд з 2016 года па 2020-ы, было пра што расказаць яе старшыні Жанне Лешык.
На Ляхавіччыне створана 61 пярвічка, у якой налічваецца больш за 5000 чалавек. Сярод традыцыйных акцый, якімі вызначаецца Чырвоны Крыж, – «Дапамога пацярпелым ад надзвычайных сітуацый». Так, за справаздачны перыяд 224 чалавекі (пенсіянеры, інваліды I,II груп, пенсія якіх ніжэй бюджэту пражытачнага мінімуму) атрымалі цёплыя коўдры і харчовыя наборы. Асобна пра «Дапамогу пацярпелым ад пажараў». Калі «ў госці» прыходзіць агонь, то часта людзі застаюцца ў тым, што на іх апранута. Так, Чырвоны Крыж перадаў 12 землякам харчовыя і гігіенічныя наборы, коўдры, бялізну і адзенне.
Не пералічыць, колькі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі атры-малі ад нераўнадушных членаў Чырвонага Крыжа падарункі падчас акцыі «Новы год – дзецям».
«Служба сёстраў міласэрнасці» – так называецца праграма, у адпаведнасці з якой у раёне тры медсястры аказваюць медыка-сацыяльныя паслугі пажылым людзям з інваліднасцю. Скарысталіся дапамогай спецыялістаў 129 чалавек.
Жанна Лешык дзеліцца, што без неабыякавых і энергічных валанцёраў раённая арганізацыя як без рук. І сярод лепшых гучаць «Энтузіясты» (у групу ўваходзяць маладыя інваліды) ТЦСАН (кіраў-нік валанцёрскай групы Жанна Прывольнева), «Чыстыя сэрцы» СШ № 1 (Наталля Маслоўская), «Данка» СШ № 2 (Яна Сокал), «Пошук» гімназіі (Аксана Гатоўчыц), «Міласэрнасць» Конькаўскага ВПК (Мілана Стрэльнікава), «Аптымісты» (ініцыятыўная група з ліку грамадзян пажылога ўзросту раённай арганізацыі на чале з яе кіраўніком Валянцінай Паўлоўскай).
Разуменне і жаданне працягнуць руку дапамогі – асноўныя якасці членаў БТЧК. Пра ўсё гэта і іншае расказала Жанна Лешык. А ўлічваючы, што справаздачна-выбарная канферэнцыя праходзіла ў фармаце анлайн, узнагароды лепшыя з лепшых атрымалі напярэдадні.

Ганаровай граматай Брэсцкай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа ўзнагароджана начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская. Падзяка ўручана дырэктару ТЦСАН Таццяне Равінскай, дырэктару ТАА «Трансэлектракамплект» Генадзію Сакуцю, дырэктару ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзіміру Гунько, дырэктару Ляхавіцкага камунгаса Андрэю Чайкоўскаму, дырэктару ТДА «Карвента» Віталію Карпіевічу, дырэктару ТАА «Ляхавічыдрэў» Валерыю Панфілу, намесніку дырэктара гімназіі Аксане Гатоўчыц. Падзяка камітэта па працы, занятасці і сацабароне аблвыканкама ўручана валанцёру раённай арганізацыі Жанне Прывольневай.

За актыўны ўдзел у валанцёрскім руху Жанна Лешык уручыла граматы  раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа настаўніцы фізікі Тальмінавіцкай школы Таццяне Велько, настаўніцы геаграфіі  і біялогіі Малагарадзішчанскага ВПК Галіне Лукьянчык, інспектару аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Юрыю Дзяміду, педагогу сацыяльнаму Конькаўскага ВПК Мілане Стрэльнікавай, выхавальніку дзіцячага сада №1 Наталлі Усенка.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва РА БТЧК.