Пачытаем разам. Школьнікі Ляхавіцкага раёна адгукнуліся на ініцыятыву райкама БРСМ

Колькі б ні разважалі пра папулярнасць электронных кніжак, усё ж, лічу, папяровае выданне не страчвае сваёй аўдыторыі і прыхільнікаў. Такое меркаванне маюць не толькі многія дарослыя, але і прадстаўнікі сучаснай моладзі.
Таму, калі райкам БРСМ аб’явіў пра збор кніг для папаўнення бібліятэкі Крывошынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, школьнікі раёна адгукнуліся на ініцыятыву і сабралі разнажанравую літаратуру. 23 верасня каманда валанцёраў з Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча перадала ад імя ўсіх школ Ляхавіччыны сабраныя кнігі дырэктару ўстановы, якая хутка расчыніць свае дзверы для пастаяльцаў, Алегу Траццяку.
– Адзін з напрамкаў дзейнасці БРСМ – дапамога пажылым землякам. Ускапаць агарод, навесці чысціню ў двары дома, падзяліцца садавіной-агароднінай – нашы юнакі і дзяўчаты з павагай ставяцца да старэйшага пакалення і гатовы дапамагаць у розных справах. Быць добрым – зусім не складана. А для рабят гэта яшчэ і выхаваўчыя моманты нераўнадушнасці і разумення, – адзначае першы сакратар райкама БРСМ Яўгеній Сініла.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.