Страхавы стаж пры назначэнні пенсіі. Ці ўсе перыяды будуць улічаны?

Рана ці позна кожнаму чалавеку пры дасягненні пэўнага ўзросту прыходзіцца займацца зборам і падрыхтоўкай дакументаў, неабходных для назначэння пенсіі.Часам грамадзяне сутыкаюцца з праблемай, калі некаторыя перыяды іх працы не ўваходзяць у страхавы стаж для назначэння пенсіі, паколькі наймальнікі не плацілі або плацілі не поўнасцю ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

Такая праблема можа ўзнікнуць і тады, калі наймальнікі выплачваюць заработную плату «ў канвертах», ухіляючыся такім чынам ад выплаты ў поўным памеры падаходнага падатку і абавязковых страхавых узносаў. У канчатковым выніку гэта ўплывае не толькі на памер назначанай пенсіі, але і перш за ўсё на наяўнасць права атрымліваць працоўную пенсію па ўзросце.
У страхавы стаж для назначэння пенсіі ўключаюцца перыяды працы, за якія рабілася выплата ў бюджэт фонду.
Для таго, каб пазбегнуць сітуацыі, калі, у адпаведнасці з пенсійным заканадаўствам, у страхавы стаж не будуць залічаны перыяды, за якія наймальнік не пералічваў узносы ў бюджэт фонду, кожны грамадзянін можа самастойна адсочваць выкананне яго работадаўцам абавязка па выплаце ўзносаў.
З 2003 года ў рэспубліцы вядзецца індывідуальны (персаніфікаваны) улік звестак аб рабоце кожнага чалавека. У індывідуальным асабовым рахунку застрахаванай асобы накопліваецца і захоўваецца інфармацыя, неабходная для назначэння пенсіі: звесткі аб перыядах працы, у тым ліку па грамадзянска-прававых дагаворах, аб сумах выплат (даходу), на якія налічваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы, аб сумах дапамог па часовай непрацаздольнасці, аб сумах налічаных і выплачаных узносаў.
Кожны чалавек можа бясплатна атрымаць інфармацыю, якая змяшчаецца ў яго індывідуальным асабовым рахунку. Для гэтага неабходна звярнуцца ў орган фонду са страхавым пасведчаннем і дакументам, што сведчыць асобу, і запоўніць заяву ўстаноўленага ўзору.
Акрамя таго, пры наяўнасці сумненняў у добрасумленнасці свайго наймальніка ў частцы выплаты ўзносаў ёсць магчымасць праверыць інфармацыю на сайце фонду (www.ssf.gov.by). У раздзеле «збор і выплата страхавых узносаў» у падраздзеле «даўжнікі» штоквартальна размяшчаецца спіс плацельшчыкаў, якія маюць запазычанасць у бюджэт фонду па рэспубліцы ў цэлым, так і па кожным рэгіёне.

Кацярына НАВАГРАН,
начальнік Ляхавіцкага раённага аддзела ФСАН.