Цёмны бок камп’ютарызацыі. Слова пракурору Ляхавіцкага раёна

Плюсы і перавагі камп’ютарызацыі можна пералічваць бясконца, аднак і ў ёй ёсць свае адмоўныя – супрацьзаконныя – бакі.
Вось і ў Ляхавіцкім раёне апошнім часам амаль удвая павялічылася колькасць крадзяжоў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі. Такая сітуацыя склалася нягледзячы на разнастайную прафілактычную работу.
У сродках масавай інфармацыі, сацыяльных сетках, банкаўскіх установах размяшчаецца папераджальная інфармацыя, як не трапіць на вудачку зламыснікаў. Але грамадзяне па-ранейшаму ігнаруюць простыя правілы, якія дазволяць захаваць свае грошы. У прыватнасці, паведамляюць іншым асобам пін-код і другія звесткі пра банкаўскую картку, не ўдакладняюць пытанні, звязаныя з пераводам грашовых сродкаў, звесткі пра прадаўца ці прадстаўніка банкаўскай установы. Вынік такой, мякка кажучы, няўважлівасці і бестурботнасці – пазбаўленне ўласных фінансаў. Вось некалькі тыповых прыкладаў, у ролі пацярпелых – жыхары Ляхавіччыны.
У студзені гэтага года неўстаноўленая асоба перапісвалася з жанчынай ад імя яе знаёмай у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» і, у рэшце рэшт, атрымала даныя банкаўскай карткі будучай ахвяры, якіх хапіла, каб зняць больш як 600 рублёў.
Амаль па аналагічным сцэнарыі развіваліся падзеі і ў наступных выпадках. Так, арэнай адных пісьмовых стасункаў стаў мэсэнджар Viber. Грамадзянін збіраўся купіць запасныя часткі для аўтамабіля і паведаміў патэнцыяльнаму «прадаўцу» даныя сваёй банкаўскай карткі. Аўто засталося без запчастак, а яго гаспадар без грошай – з карткі ўкрадзена больш за тысячу рублёў. «Засвяцілася» і сацыяльная сетка «ВКонтакте». З дапамогай камп’ютарнай праграмы неўстаноўленая асоба атрымала доступ да акаўнта грамадзяніна і ад яго імя вяла з жанчынай перапіску, падчас якой даведалася звесткі пра банкаўскую картку пацярпелай. Апошняя пазбавілася 330 рублёў.
Пачасціліся выпадкі крадзяжоў, калі зладзеі прадстаўляюцца супрацоўнікамі банкаўскіх устаноў. Напрыклад, сёлета ў жніўні жыхару раёна патэлефанаваў незнаёмец, які прадставіўся супрацоўнікам службы бяспекі банка і з мэтай нібыта вяртання спісаных з банкаўскага рахунку грашовых сродкаў атрымаў ад даверлівага кліента звесткі пра рэквізіты карткі. Зразумела, супрацоўнік аказаўся фальшывым, а вось уласных грошай даверлівы грамадзянін пазбавіўся.
У верасні 2020 года ўстаноўлены тры факты крадзяжу грошай з банкаўскіх картак па наступнай схеме: у якасці прапановы для атрымання звестак для доступу да плацежнага дакумента называецца неабходнасць правядзення тэхнічнага абслугоўвання.
Нагадаю ўсім карыстальнікам інтэрнэт-
прасторы: неабходна быць больш уважлівымі, абачлівымі, каб не стаць ахвярай зламыснікаў. Калі атрымалі, напрыклад, SMS-паведамленне, ці вам патэлефанавалі з просьбамі назваць нумар банкаўскай карткі, яе пін-код або сфатаграфаваць банкаўскую картку і выслаць здымак, перавесці на пэўны рахунак або незнаёмы тэлефонны нумар грашовыя сродкі, абавязкова звязвайцеся з асобамі, ад якіх атрымалі падобны запыт, ці ў банк, дзе абслугоўваецеся, каб упэўніцца ў праўдзівасці просьбы. Захоўвайце простыя правілы, будзьце асцярожнымі – усё гэта дазволіць не трапіць у непрыемную сітуацыю і зберагчы свае фінансы ад зладзеяў, а здароўе – ад стрэсаў.
Сяргей ДЗЯЖКО,
пракурор Ляхавіцкага раёна.